Гаспадарлівая бабуля

У Чырвоным Беразіно, што побач з райцэнтрам, жывуць старанныя, працавітыя людзі. Пра жыхароў пасёлка пісаць даводзілася неаднойчы: то там заняліся вырошчваннем в’етнамскіх свінак, то дамавую тэрыторыю аздобілі так, што глядзець люба-дорага. Былі і іншыя нагоды. Вось і на гэты раз выпадковая сустрэча натхніла на чарговы артыкул.

Непадалёк ад лесу стаіць вялікі прыгожы дом пад сайдзінгам. А жыве ў ім, як высветлілася, тры пакаленні людзей. Бабуля, дачка з зяцем, унукі. Па словах Зінаіды Фёдараўны Бырскай – гаспадыні сядзібы, ладзяць паміж сабой яны вельмі добра, нягледзячы на тое, што розны ўзрост іншы раз з’яўляецца для гэтага  перашкодай. Жывуць адной дружнай сям’ёй. Працуюць разам: хтосьці – у хляве, хтосьці – на агародзе. А работы каля дома хапае, бо гаспадарка вялікая. Як зноў жа гаворыць Зінаіда Фёдараўна, так было заведзена здаўна. Заўсёды трымалі не адну карову, некалькі свіней, мноства хатніх птушак, сярод якіх куры, гусі, індыкі. Каб накарміць жывёлу, трэба нешта мець з агарода. У гэта “нешта” ўваходзіць не толькі зерне, бульба, ды кармавыя буракі, але і шматлікае іншае. Нас здзівіла гара гарбузоў, якая сонечным святлом прыцягвала да сябе погляд прыезджых.  На панадворку каля гаспадарчых пабудоў яны песцілі свае ярка-жоўтыя бакі пад восеньскім, яшчэ цёплым сонцам. Спыталі: хто з’есць такі аб’ём харчу расліннага паходжання, які вельмі багаты магніем і спрыяе аздараўленню сэрца? У адказ пачулі нескладаную вясковую арыфметыку:

– Мы заўсёды здаём дзяржаве лішкі малака ад кароў, – распавядае бабуля. – У дзень можам 20 літраў здаць, а то крыху больш ці менш, у залежнасці ад таго, колькі возьмуць суседзі, альбо пакінем на смятану, масла, тварог для сябе. Дык вось, здавалі яго рэшткі дзяржаве і бачылі, што тлустасць малака вышэй за 4 працэнты. Былі гэтым задаволеныя. А сталі дабаўляць у корм гарбузы, дык тлустасць паднялася вышэй за пяць. А гэта ж і капеечка прыбаўляецца! Вось таму і пачалі вырошчваць іх на вялікай тэрыторыі. Толькі вось тое, што вы бачыце сёлета – гэта мізер, у параўнанні з ураджаем мінулых гадоў. У разы тры больш бывала збіралі. Сёлета засушлівае лета не дало развіцца належным чынам агародніне. Але, дзякуй Богу, і за гэта. За ўсё дзякуем Усявышняму і просім, каб і далей было не горш, чым ёсць.

Дзяўчынай трапіла ў Чырвонае Беразіно Зінаіда Фёдараўна, бо выйшла замуж. Адразу ўладкавалася на працу ў арганізацыю, дзе працаваў муж, – ДЭУ. Папрацавала там толькі да дэкрэтнага водпуску. А нарадзіла дачушку – і праз паўгода пайшла на работу. Стала працаваць, як і да замужжа, у Варганах, даяркай. Агульны стаж у жывёлагадоўлі З.Ф. Бырскай налічвае 34 гады. Назірае за тым, як аблегчана праца даярак, і нават зайздросціць цяперашняй працы ў жывёлагадоўлі: кароў дояць у малакаправод, кармы раздаюць механізавана, гной выдаляецца трактарам! У мінулыя часы пра гэта і марыць не маглі. “Вярнуць бы хоць 15 гадоў назад, – кажа 74-гадовая кабета, – без сумнення зноў пайшла б на ферму”. Працаваць яна ўмее і любіць. Сядзець без справы – значыць, не жыць.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Зінаіда Фёдараўна Бырская.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *