В Докшицком районе ветераны вернулись из сказочной встречи с тортом «Сказка»

  У мінулы панядзелак краіна ўшаноўвала людзей, якія з’яўляюцца яе самым вялікім багаццем. Сённяшнія пажылыя ў свой час зрабілі вельмі шмат для станаўлення Рэспублікі Беларусь, яе прамыслова-эканамічнага патэнцыялу, сацыяльнай сферы, развіцця навукі, мастацтва, культуры.

    У нашым раёне кожны працоўны калектыў успомніў у гэты дзень пра сваіх былых работнікаў, якія зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Іх віншавалі на старонках раённай газеты, дасылалі віншавальныя паштоўкі дамоў. ПМС і ПМК № 52 уручылі ветэранам працы грашовыя падарункі. Докшыцкі хлебазавод запрасіў сваіх былых работнікаў на святочную сустрэчу. Ветэраны засталіся ёй вельмі задаволеныя і нават наведаліся ў рэдакцыю, каб расказаць, як ім хораша было ў гэты дзень у сценах роднага прадпрыемства.

– Сабралася нас больш за 20 чалавек разам з былым дырэктарам Пятром Дарафеевічам Арцёмавым, – распавядала Соф’я Міхайлаўна Батура, якая прыйшла на завод у 1972 годзе. – Настрой у кожнага з самага ранку быў святочны. Вельмі хацелася зноў пабыць на родным прадпрыемстве, пабачыць таварышаў па працы. Падышлі да прахадной і не пазналі яе, як, дарэчы, і ўвесь завод. Які ж ён стаў прыгожы, чысты, светлы! За вытворчым працэсам сочаць камп’ютары, а некаторыя з нас яшчэ памятаюць, як хлеб садзілі ў печ лапатай. Яго тады выпякалі шмат. Працавалі ў тры змены, а работа была ў асноўным ручная, але ўсё роўна ўспамінаем пра той час з задавальненнем, бо маладыя былі.

Прыемна, што пра нас – былых хлебапёкаў: Яўгенію Лібоза, Людмілу Сушко, Лілію Агафончык, Мікалая Адамовіча, Сяргея Тычко, Браніславу Корсун, Таццяну Гушчык, Марыю Гаўрыловіч, Ганну Шылёнак, Ганну Шалемаву і іншых працаўнікоў –  памятаюць на прадпрыемстве. Галоўны інжынер Марыя Міхайлаўна Качаткова правяла для нас экскурсію па заводзе, потым яна і старшыня прафкама Наталля Онухава пілі з намі чай за сталом, на якім месціліся салодкія прысмакі ўласнай вытворчасці. Успамінам не было канца. Час праляцеў вельмі хутка і ісці дадому не хацелася. Адчувалі сябе, як у казцы, а потым “Казку”, маю на ўвазе торт, кожны з нас яшчэ панёс дадому.

Ад усяго сэрца дзякуем сённяшняму кіраўніцтву хлебазавода за памяць, за цеплыню і сардэчнасць сустрэчы, якая застанецца з намі назаўсёды.

           Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.                   

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *