Дрова и брикет ещё можно купить в Докшицком райтопе
Па стане на 1 снежня гэтага года Докшыцкім філіялам абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблпаліва” было рэалізавана 8.208 куб.м. дроў і 4.431 тона брыкету. Яго атрымалі ўсе, хто меў у гэтым патрэбу і стаяў на чарзе. Такія цвёрдыя віды паліва, як дровы і брыкет, яшчэ ёсць на складзе ў дастатковай колькасці. Пра гэта паведаміў начальнік філіяла Д.П. Курдзека.
– Хаця ёсць і такія домаўладальнікі, каму брыкет не дастаўлены па прычыне адсутнасці ў грамадзян магчымасці з намі разлічыцца, – расказвае Дзмітрый Паўлавіч. – Астаткі паліва, а гэта каля 60 куб.м. дроў і 200 тон брыкету, мы прапаноўваем як па льготнай, так і па свабоднай цане: 150 і 500 тыс. беларускіх рублёў за адну тону брыкету адпаведна, і 48.700 і 147.000 беларускіх рублёў за куб. м. дроў.
Нагадаем, што ў адпаведнасці з заканадаўствам права набыць цвёрдыя віды паліва па фіксаванай рознічнай цане могуць тыя домаўладальнікі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і зарэгістраваны па месцы жыхарства ў аднакватэрным жылым доме ці ў кватэры ў блакіраваным жылым доме з пячным (вадзяным, паравым) ацяпленнем ці індывідуальным ацяпляльным абсталяваннем, што працуе з выкарыстаннем цвёрдых відаў паліва альбо цвёрдых відаў паліва і газу (электрычнай энергіі), і якія не падключаны да сістэмы цэнтралізаванага цеплазабеспячэння.
Пастановай Савета Міністраў РБ ад 9 лістапада 2012 года № 1028 устаноўлена з 1 студзеня 2013 года знізіць нарматыўную норму водпуску насельніцтву цвёрдых відаў паліва па фіксаванай рознічнай цане. Так, брыкету можна будзе набыць 3,5 тоны (было 4,5), а дроў 4,9 куб.м (было 5 куб.м).
Нязменным засталося тое, што па фіксаваных рознічных цэнах можна будзе набыць толькі адзін з відаў паліва.
Таццяна ШУЛЬГАТ.
На здымку: ідзе адгрузка брыкету.
Фота аўтара.