В Докшицком районе живут 100-летние бабушки

Складана сказаць, што такое асаблівае ёсць у аграгарадку, але менавіта гэты населены пункт, дзе ўсё жыццё завязана на чыгунцы, з’яўляецца тым месцам, дзе жывуць трое з пяці 100-гадовых жыхароў раёна. Двое з іх 100-гадовы юбілей святкавалі 1 студзеня і таму  адразу пасля Новага года атрымалі новыя пашпарты. Уручыла ім галоўны дакумент старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС маёр міліцыі Таццяна Салаўёва. Старшыня Крулеўшчынскага сельвыканкама Алёна Таляронак паднесла юбіляркам падарункі.
Дачка Алены Захараўны Юрцэвіч, якая жыве ў Глыбокім, сцвярджае, што дажыць да 100 год яе любімай матулі дапамог вясёлы, добразычлівы характар і працавітасць.

– Летась прывезлі ёй машыну дроў, – расказвае Марыя Ігнатаўна, – парэзалі, пашчапалі. Засталося толькі ў дрывотню скласці. Прыязджаю ў наступныя выхадныя, а кучы дроў на двары няма. Ну, думаю, пакралі, злодзеі. А на справе аказалася, што мама сама іх усе перанесла і склала. Так адмыслова яна працавала ўсё жыццё і дома, і раней ў саўгасе.

Бабуля жыве ў хаце, якую яны з мужам пабудавалі яшчэ да вайны. Была яна для таго часу светлай і раскошнай, таму немцы ў вайну на пастой прыходзілі. Дзіўна, але Алена Захараўна да сённяшняга памятае ў падрабязнасцях падзеі тых ваенных гадоў. Расказвае пра іх весела і з жартам. Сапраўды, аптымістка, якая стараецца памятаць толькі станоўчае. 

Па-святочнаму прыбраная юбілярка сама выйшла да гасцей, падзякавала нам  за ўвагу да сябе і нават падняла бакал з шампанскім за сваё здароўе. Здароўя ёй жадаюць дочкі, 6 унукаў, 16 праўнукаў і 4 прапраўнукі.

Вера Пятроўна Лось,  на жаль, яшчэ 20 год таму страціла зрок. Але ва ўласнай хаце, сцвярджае бабуля, яна ўсё ведае напамяць, дзе што стаіць. Таму катэгарычна адмовілася пераязджаць да сына і да нядаўняга яшчэ сама спраўлялася з дробнымі хатнімі справамі. Муж у Веры Пятроўны быў чыгуначнікам. Яго заробку хапала на тое, каб жонка нідзе не працавала, была хатняй гаспадыняй і выхоўвала сыноў. Вера Пятроўна ўсё жыццё чалавекам была рухавым, энергічным. Гэтыя рысы яе характару перадаліся  сыну Эдуарду, які з’яўляецца дэпутатам Крулеўшчынскага сельскага Савета і добрым памочнікам старшыні сельвыканкама ў многіх справах. Эдуард Станіславаіч на развітанне параіў нам быць стрыманымі ў ежы  і часцей пасціцца. Ва ўсялякім разе, яго матуля ўсё жыццё па серадах і пятніцах ніколі не ела скаромнага.

Ульяне Аляксандраўне Плямінай 100 год споўнілася 5 сакавіка 2012 года. Мы тады пісалі ў нашай газеце пра юбілей гэтай цікавай, жвавай бабулькі. А крыху раней расказвалі пра Руфіну Казіміраўну Бабровіч з Валкалат і Таццяну Якаўлеўну Скакун з Бягомля, якія пачалі жыць другое стагоддзе. Жадаем бабулям моцнага здароўя і яшчэ доўгіх год жыцця.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Т.А. Салаўёва ўручае пашпарт А.З. Юрцэвіч.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *