Виталий Перевозчиков из Крулевщины получил в подарок компьютер

Ёлак, цудаў, спаўнення жаданняў і чароўных падзей пад Новы год чакаюць не толькі дзеці, але, што там казаць, і многія дарослыя. Віталь Перавозчыкаў з Крулеўшчыны — не выключэнне. Толькі чаканне гэтае ён даўно схаваў далёка-далёка ў сэрца, бо не спадзяваўся, што прыйдзе і яго час. Але такі момант настаў. У гэты дзень інвалід 2-й групы стаў уладальнікам камп’ютара, пра які ён, абсалютна адзінокі чалавек з пенсіяй у мільён рублёў, нават марыць баяўся. Каб яшчэ адзін абяздолены адчуў сябе шчаслівым, пастаралася шмат людзей.

Пра Віталія нам расказала тры гады таму старшыня раённага таварыства інвалідаў Еўдакія Вязнікава. Яна бедавала, што маладому мужчыну, якому Бог даў і росту, і целаскладу, не можа падабраць рэчы з гуманітарнай дапамогі. А яны яму вельмі патрэбны, бо пенсіі па інваліднасці ледзь-ледзь хапае на самыя сціплыя прадукты. Мы тады сабралі Віталію шмат чаго з адзення, бо сын адной з супрацоўніц рэдакцыі быў якраз аднаго росту з ім. Потым склалі прадуктовую пасылку і так пасябравалі. Віталь добры, цікавы, выхаваны хлопец, толькі гаротны. Беды яго пачаліся амаль што з самага нараджэння, бо колькі ён памятае, столькі пілі яго бацькі. Выхоўваўся ў прытулку, інтэрнаце. Надзелены ад прыроды інтэлектам, цягнуўся да вучобы, сур’ёзна займаўся спортам. У яго быў выбар: пайсці ў сувораўскае вучылішча ці спартыўную школу. І трэба ж было такому здарыцца, што якраз у гэты час маці перастала піць. І хлопец кінуў усё, паехаў дадому, бо самая вялікая мара яго дзіцячага жыцця была мець цёплы дом, клапатлівую, любячую маму. Але цвярозай матуля была толькі некалькі месяцаў. У армію Віталій пайшоў з радасцю, ратуючыся ад п’яных сварак маці з айчымам. За 2 месяцы да дэмабілізацыі, яму ўпершыню моцна забалела галава, і ён страціў прытомнасць. Хлопца камісавалі і адправілі дадому. Толькі ў Мінску яго ніхто не чакаў. Маці за той час, пакуль ён быў у арміі, ці то прадала, ці абмяняла  сталічную трохпакаёўку на цыганскую халупу ў Крулеўшчыне. Так карэнны мінчанін стаў жыхаром станцыі.

Маці з двума меншымі дзецьмі пад пагрозай пазбаўлення права на іх выхаванне хутка з’ехала з раёна, а Віталь застаўся. Ён не хацеў сям’і і дома, дзе пануе алкаголь. Думаў, што ў яго самога будзе сапраўдная здаровая сям’я. На вялікі жаль, усё горш станавілася са здароўем. Спачатку 3-я, потым 2-я група. Зараз ён жыве ў сацыяльнай аднапакаёўцы, якая  патрабуе тэрміновага рамонту. На яго правядзенне вельмі складана штосьці выдзеліць з мізэрнай пенсіі, хоць марна грошай хлопец не траціць, а наадварот, па меры магчымасці стараецца іх зарабіць. Радуецца, калі запрашаюць зрабіць невялікі рамонт, пашчапаць дровы. Плату сам ніколі не назначае, бярэ колькі дадуць. Для пажылых суседзяў ён незаменны памочнік. Па іх просьбе носіць прадукты, ходзіць у аптэку і выконвае шмат  іншых даручэнняў. Ганна Аляксееўна Стэфановіч любіць яго, як роднага сына.

– Віталік вельмі добры, працавіты хлопец, – гаворыць пажылая жанчына, – што б ні папрасіў зрабіць, заўсёды паслухае. Шкада, што ён адзін, мог бы некаму падарыць шчасце.

Сапраўды, Віталь вельмі балюча пераносіць адсутнасць родных людзей, працоўнага калектыву. Яму не хапае зносін, і мы вырашылі, што гэту нішу хлопцу дапаможа запоўніць камп’ютар. Сабралі пэўную суму грошай у рэдакцыі, але ж нас толькі 14 чалавек. Таму звярнуліся да іншых калектываў. З паўслова зразумелі нас дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 209 ААТ “ААБ Беларусбанк” Сяргей Зубар, дырэктар РВУ “Докшыцырайгаз” Віталь Няспляк, якія ў сваіх калектывах арганізавалі акцыю па зборы сродкаў. Сабранага хапіла на пакупку сістэмнага блока і калонак, астатняе дапамог купіць дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Аляксандр Хілько. Да акцыі падключыўся РВЭС. Сувязісты за свае сродкі правялі тэлефонную сувязь, падарылі апарат і падключылі Інтэрнэт.

Шчаслівыя, мы прыехалі да Віталія ў калядныя  дні, каб уручыць яму доўгачаканы падарунак. Вельмі спадзяёмся, што сусветная павуціна дапаможа хлопцу змагацца з дэпрэсіяй і адзінотай. Ты не адзін, Віталій, у цябе з’вілася шмат сяброў і добрых знаёмых.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ:  (злева направа) Віталь Перавозчыкаў, старшыня прафкама РВУ «Докшыцырайгаз» Марына Салодкая, галоўны рэдактар Аляксандр Варанковіч, нам. дырэктара ЦБП № 209 Ірына Малюжанец і электраманцёр РВЭС Юрый Кавалёнак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *