Порплищанская школа Докшицкого района вводит моду на спорт
Самае галоўнае ў жыцці – здароўе. Настаўнікі і вучні Парплішчанскай школы прыраўноўваюць гэту народную мудрасць да аксіёмы. Яе ісціну бачаць у пастаянным клопаце аб сваім здароўі і прапагандзе здаровага ладу жыцця.
Другая субота кожнага месяца ў школе аб’яўляецца Днём здароўя. Нядаўна, згодна са штогадовай традыцыяй, прайшоў тыдзень здаровага ладу жыцця. Быў ён вельмі запамінальным і насычаным. У кожным класе прайшлі інфармацыйныя і класныя гадзіны. У школьнай бібліятэцы была арганізавана выстава кніг і газет «Моладзь выбірае здаровы лад жыцця». Фае школы ўпрыгожылі малюнкі вучняў 1–5 класаў на спартыўную тэматыку. Вучні пачатковых класаў паўдзельнічалі ў спаборніцтвах “Алімпійцы сярод нас”. Старэйшыя школьнікі разгарнулі тэнісныя і хакейныя баталіі.
Масава прайшоў валейбольны турнір. У школе сабралася 6 каманд: РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, Барсукоўскай школы, Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната і тры каманды ад Парплішчанскай школы – настаўнікаў, вучняў і выпускнікоў. Галоўным суддзёй быў начальнік аддзела фізічнай культуры спорту і турызму райвыканкама Сяргей Кашчэеў. Ён прывёз з сабой узнагароды, падарункі і салодкія пачастункі. Спартыўнае свята прайшло весела і эмацыянальна як для ўдзельнікаў, так і для балельшчыкаў.
Самым відовішчным з мерапрыемстваў была спартакіяда “Уперад да Алімпійскіх гульняў”. Сілай, лоўкасцю, вытрымкай мераліся вучні і настаўнікі трох школ: Парплішчанскай, Барсукоўскай і Бярозкаўскай. Барацьба была настолькі напружанай, што ў спартыўную залу школы, зацікаўленыя гукамі, якія адтуль даносіліся, заходзілі выпадковыя прахожыя і далучаліся да вялікай арміі балельшчыкаў. Усе прысутныя на доўгі час атрымалі зарад бадзёрасці і пазітыву. Ва ўзнагароду атрымалі самыя каштоўныя прызы – порцыю здароўя і добрага настрою.
У чарговы раз маладое пакаленне паспрабавала даказаць, што спорт – неабходная частка нашага жыцця. Ім гэта ўдалося.
Н. ЗАЛАТУХА,
вучаніца 10 класа Парплішчанскай школы.
НА ЗДЫМКУ: вучнёўскія хакейныя баталіі.