Марина Климович из Докшиц не только красивая, но и деловая, самодостаточная женщина

P1270980

Ах, якая жанчына… Ёсць такія радкі ў адной з вядомых песень. І бадай, кожнай хацелася б, каб былі гэтыя словы адрасаваны менавіта ёй… Ды быць толькі жанчынай, каб пачуць іх у свой адрас, напэўна мала.

Марына Клімовіч – начальнік аддзела планавання, уліку і рэфармавання сельскагаспадарчай вытворчасці лічыць, што яна не нарадзілася дзеля таго, каб быць белым і пухнатым кацянём. Яна паважае моцных духам і самадастатковых жанчын. Іншы раз спыняецца на думцы, што хутка прыйдзе матрыярхат: зашмат мужчын, якія баяцца цяжкасцей, не хочуць браць на сябе адказнасць, хаваюцца за жаночыя плечы. Яна не верыць у лёс, бо ўпэўнена, што ў большасці ўсё залежыць ад сябе. Нельга плысці па цячэнні. Трэба ставіць мэту і накіравана ісці да ажыццяўлення.

У мінулым Марына закончыла эканамічны факультэт сельскагаспадарчага інстытута. Пэўны час працавала па спецыяльнасці ў былым ужо саўгасе “Чырвонабярэзінскі”. Затым была рэвізорская справа ад цэнтральнага кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення аблсельгасхарчу (ЦКРУ). Гэтыя дзве работы сталі папярэднікамі ўваходжання ў прафесію. Тэорыя, а гэта думка многіх, дае без практыкі мала. Трэба прапусціць праз свае рукі ўвесь вытворчы працэс, адчуць тэхналогію, падлічыць не толькі прыход, але і расход грашовых укладанняў і г.д. З удзячнасцю ўспамінае Марына сваіх настаўнікаў, асабліва цёпла – начальніка ЦКРУ Жукава, які па-бацькоўску строга, патрабавальна і цярпліва ўводзіў у курс спраў маладую жанчыну.

Пасля гэтага было не страшна працаваць ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама на пасадзе спецыяліста па прагназаванні і планаванні сельскагаспадарчай вытворчасці, а затым і начальнікам аддзела планавання, уліку і рэфармавання.

На думку Клімовіч, доўгая работа на адным месцы не заўсёды дае станоўчыя вынікі. Дастаткова часта гэта стрымлівае творчы працэс, бо ідзе ўсё як па шаблоне.

Яна ўдзячна начальніку райсельгасхарчу Н.П. Бортнік не за тое, што адбылася перастаноўка, а за разуменне яе імкнення да развіцця. У рабоце з’явіўся новы штуршок, трэба было зноў удасканальваць сябе як спецыяліста. Бясспрэчна, прафесійны рост бачыцца здалёк. Сведчаннем гэтаму стала мінулагодняя адзнака яе працы. У 2012 годзе начальнік аддзела М.Э. Клімовіч была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Падзея, канечне, прыемная, і ўсё ж ёй падумалася, што ёсць людзі больш дастойныя такой узнагароды.

Марына Эдуардаўна ва ўсім такая: яна лічыць, што дасканаласці няма межаў. Вучыць іншых і пастаянна вучыцца сама. А яшчэ займаецца спортам. Яе любімым відам з’яўляецца лыжны бег. Абліваецца штодзённа халоднай вадой. Ходзіць на шэйпінг.

Клімовіч – ах, якая жанчына! А яна і тут бачыць недахопы. Кажа, што прыгожымі робіць нас не касметыка, усмешка, а вочы, якія гараць і шлюць пазітыўны імпульс.

Тэкст і фота  Нэлі БЯЛЯЎСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *