Докшицкий военкомат отметил 95-летний юбилей

мис 018

Гавораць, што як і тэатр пачынаецца з вешалкі, гэтак жа і армія – з ваенкамата. Менавіта сюды нясмелым поступам уваходзяць разгубленыя юнакі, якім упершыню нагадваюць пра свяшчэнны воінскі доўг. Адсюль яны адпраўляюцца ў ваенны строй і сюды ж вяртаюцца пасталелымі, сур’ёзнымі мужчынамі.

Ваенныя камісарыяты Узброеных Сіл былі створаны 8 красавіка 1918 года. Таму гэты дзень лічыцца днём нараджэння мясцовых органаў ваеннага кіравання.

Докшыцкі ваенны камісарыят вядзе сваю гісторыю з 20 жніўня 1940 года. Некалькі разоў мяняў месца дыслакацыі. Быў падначалены Вілейскаму, Полацкаму, Маладзечанскаму, Віцебскаму абласным ваенным камісарыятам. У 1963 годзе пацярпеў расфарміраванне, але праз два гады зноў пачаў сваё функцыянаванне. Апошняе “наваселле” адзначыў у 1982 годзе, калі рашэннем райвыканкама яму прадставілі будынак па вуліцы Палявой. Там ён размяшчаецца і ў цяперашні час.

Першым ваенным камісарам у далёкія саракавыя гады быў капітан Сурын. Пасля яго да цяперашняга часу гэту ганаровую пасаду займалі 12 ваенкамаў. Некаторыя з іх разам з іншымі ветэранамі працы і ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і па сённяшні дзень прымаюць актыўны ўдзел практычна ва ўсіх мерапрыемствах ваенкамата, удзельнічаюць у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, з’яўляюцца прыкладам для маладых спецыялістаў. Гэта А.Ц. Смірноў, П.Р. Вязнікаў, Ю.С. Жыўлюк, М.П. Кеда і іншыя.

У 2006 годзе годную дзейнасць сваіх папярэднікаў пераняў падпалкоўнік Генадзій Вацлававіч Пацэвіч. У ваенным камісарыяце, пакуль заняць кіруючую пасаду, ён прайшоў усе ступені кар’ернага росту, дасканала знаёмы з работай кожнага аддзела. Менавіта таму яму ўдаецца ўтрымліваць высокаэфектыўныю дзейнасць камісарыята і нават выходзіць у лідары сярод абласных ваенкаматаў па некаторых накірунках работы. У 2009 годзе Докшыцкі ваенкамат па выніках службовай дзейнасці быў прызнаны лепшым у вобласці. У арсенале ўзнагарод ёсць удзячны ліст ад галоўнакамандуючага ваенна-паветраных сіл Расійскай Федэрацыі генерал-палкоўніка А. Зеліна. Падарункамі адзначана паказальная работа нашага ваенкамата па пастаўцы ваеннаабавязаных на зборы.

Чатыры гады таму сам Генадзій Вацлававіч быў узнагароджаны медалём “За бездакорную службу”.

– Па змесце і характары выконваемых задач ваенкамат з’яўляецца сувязным звяном паміж воінскімі часцямі, мясцовай адміністрацыяй і насельніцтвам, – гаворыць Генадзій Пацэвіч. – На плячах асабістага саставу ляжаць вялікія і адказныя задачы па мабілізацыйнай гатоўнасці, тэрытарыяльнай абароне, якаснай падрыхтоўцы моладзі да службы ў арміі, падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы афіцэраў запасу, а таксама арганізацыі воінскага ўліку, прызыву грамадзян на ваенную службу і службу ў рэзерве, адборы кандыдатаў для праходжання службы па кантракце, паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы. Вядзецца работа па пенсійным забеспячэнні і сацыяльным абслугоўванні ваеннаслужачых, звольненых з ваеннай службы, і членаў іх сямей. Вялікая ўвага надаецца ваенна-патрыятычнаму выхаванню насельніцтва, прафесійнай арыентацыі дапрызыўнай моладзі, прапагандзе прэстыжу і гонару ваеннай службы. Якасць і эфектыўнасць ўсіх накірункаў работы залежыць ад зладжанай работы ўсяго калектыву ваенкамата. Таму ад кожнага супрацоўніка патрабуецца быць не толькі граматным спецыялістам, але яшчэ і перакананым патрыётам.

Калектыў раённага ваенкамата заўсёды адпавядаў названым патрабаванням. Тут аднолькава адказна з веданнем справы працуюць і вопытныя работнікі са стажам большым за 15-20 год, і маладыя спецыялісты. Граматна і сур’ёзна пастаўлена імі работа асноўных накірункаў дзейнасці: мабілізацыйнай і прызыўной груп, сакрэтнай часці і сацыяльнай абароны.

мис 026

Асноўныя задачы мабілізацыйнай групы – падрыхтоўка ваеннаабавязаных у мірны час да мабілізацыі ў ваенны час, іх улік, а таксама падрыхтоўка да вучэбных і праверачных збораў. У докшыцкім ваенкамаце гэту работу выконвае галоўны спецыяліст групы афіцэр запасу Аляксандр Баравікоў. У 2006 годзе разам з падпалкоўнікам запасу Іванам Ждановічам ён быў стваральнікам раённага грамадскага аб’яднання “Беларускі Саюз афіцэраў”. Зараз у Саюзе налічваецца 29 афіцэраў запасу. Узначальвае яго падпалкоўнік запасу, былы ваенны лётчык Валерый Гмырак.
Акрамя асноўных службовых абавязкаў Аляксандр Анатольевіч вядзе арганізацыйна-кадравую работу, працуе з апаратам узмацнення. За 10 год працы ў ваенкамаце набыў аўтарытэт граматнага спецыяліста.

мис 010
Каб Узброеныя Сілы Беларусі пастаянна папаўняліся навабранцамі, у ваенным камісарыяце дзейнічае група прызыву на ваенную службу. Генадзій Пацэвіч са станоўчага боку адзначае працу галоўнага спецыяліста групы прызыву Наталлі Цалічынай. Дзяўчына на гэтай пасадзе працуе крыху больш за год, але ўжо заслужыла тры граматы: дзве – раённага камісарыята і адну – абласнога. Яна дасканала ўнікла ў спецыфіку сваёй работы і спраўляецца з многімі задачамі. Вядзе прыпіску да прызыўнога ўчастку, арганізоўвае і праводзіць мерапрыемствы прызыву, адбірае кандыдатаў для паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы, удзельнічае ў занятках па баявой гатоўнасці.

мис 044
Рашэннем пытанняў сацыяльнай абароны ваеннаслужачых, членаў іх сямей, ваеннаабавязаных, ветэранаў у адстаўцы і воінаў інтэрнацыяналістаў больш за 20 год займаецца галоўны спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійным забеспячэнні Ніна Кеда. Менавіта яна дапамагае разабрацца ў заканадаўстве наконт ільгот і гарантый вышэйназваных катэгорый грамадзян, праводзіць замену пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Апрача гэтага, Ніна Мікалаеўна займаецца матэрыяльна- тэхнічным забеспячэннем ваенкамата і вядзе ідэалагічную работу.

мис 005
Самы вопытны работнік у ваенкамаце — Таццяна Кашпарава, начальнік сакрэтнай часці. Ужо больш за тры дзесяцігоддзі яна дапамагае забяспечваць рэжым сакрэтнасці і своечасовую распрацоўку і здзяйсненне неабходных мерапрыемстваў па абароне дзяржаўных сакрэтаў у нашым раёне. За шматгадовую добрасумленную працу, падчас урачыстага святкавання юбілею, Таццяна Мікалаеўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

На ўрачыстасці з нагоды святкавання 95-гадовага юбілею 5 красавіка ў раённым ваенным камісарыяце сабраліся цяперашнія і былыя работнікі, ветэраны працы. Павіншаваць іх прыйшоў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. У адрас юбіляраў гучалі ўзнёслыя словы ўдзячнасці за добрасумленную, адданую працу, за іх годны ўдзел у справе ўмацавання абароназдольнасці нашага раёна і краіны ў цэлым.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *