У руках педагога саграваецца творчасць
Тое, што сярод педагогаў шмат таленавітых людзей, даказана даўно. Гэта пацвярджаюць раённыя творчыя конкурсы, агляды мастацкай самадзейнасці. Аднак сярод настаўнікаў ёсць такія, што не любяць выходзіць на сцэну і дэманстраваць свае здольнасці. Яны ціхенька дома з дня ў дзень сваімі рукамі ствараюць сапраўдныя шэдэўры – займаюцца рукадзеллем. Некаторых з іх мы ведаем, напрыклад, Наталлю Канцавую, Вольгу Гарбачову, Алену Краўчонак, Марыну Каляду, Святлану Януковіч, вырабы якіх маглі бачыць на разнастайных выставах. Аднак, аказалася, што многія не менш таленавітыя педагогі-майстры заставаліся невядомымі. Адкрыла іх для нас выстава творчых работ педагогаў, якая створана ў Докшыцах упершыню. Па ініцыятыве раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі яе арганізавалі ў рамках рэспубліканскага конкурсу “Твае таленты, педагог”. На выставе прадстаўлена больш за 230 работ, ад 72 педагогаў раёна з розных школ, дзіцячых садоў і Цэнтра дзяцей і моладзі.
Выставачная зала ў Цэнтры дзяцей і моладзі ад падлогі да столі поўніцца экспанатамі. Карціны, ручнікі, лялькі, сурвэткі, букеты, пано, сувеніры, выкананыя ў самых разнастайных, у тым ліку найноўшых, тэхніках, захопліваюць позірк. Тут ёсць вышыванкі, вязаныя рэчы, работы з саломкі, бісеру, тканіны, стужак, дрэва, скуры, лямцу, пластыку, паперы і іншых матэрыялаў. Усе вырабы розныя па тэматыцы і жанрах, таму будуць ацэньвацца ў шасці намінацыях: “мастацкая апрацоўка драўніны”, “казачныя ўзоры”, “іголка-чараўніца”, “прырода і творчасць”, “рукатворны цуд” і “забытыя рамёствы”.
Адкрыццё выставы адбылося 27 сакавіка. З аўтарамі работ сустрэліся намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, адміністрацыя і метадысты раённага аддзела адукацыі райвыканкама.
Дырэктар Цэнтра Тэрэза Урбан вітала ўсіх прысутных, прэзентавала выставу, акрэсліла ўмовы і задачы конкурсу. Валянціна Юр’еўна выказала сваё захапленне талентамі педагогаў, падзякавала ім за тое, што яны знаходзяць час для творчасці і праз свае работы нясуць дабрыню і цяпло людзям.
Аўтары работ расказалі пра свае захапленні, пра працэс стварэння работ і эмоцыі, якія яны атрымліваюць ад любімага рамяства. Для адных – гэта адпачынак, для іншых – магчымасць рэалізавацца, павысіць свой прафесійны ўзровень. Некаторыя прызнаваліся, што творчы працэс для іх з’яўляецца лякарствам для душы, спосабам выразіць свае пачуцці.
Выстава яшчэ раз пацвердзіла ісціну, што таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім, дала ўпэўненасць, што нашых дзяцей вучаць людзі з багатай душэўнай арганізацыяй, здольныя, прагныя да пазнання і прыгажосці. Пераканацца ў гэтым і пакінуць голас за работу, якая найбольш спадабаецца, можа кожны. Выстава будзе працаваць у раённым Цэнтры дзяцей і моладзі да 1 мая.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: усе работы заслугоўваюць увагі (на першым плане аўтар некалькіх вышываных карцін настаўніца Янкаўскай школы Таццяна Кіслова).
Фота аўтара.