Докшицы отметили 607-й день рождения

IMG_4778Докшыцы адзначылі  607-ы дзень нараджэння. Свята атрымалася цёплым, сонечным, багатым на мерапрыемствы і гасцей. Два дні ў ім панавалі музыка і вяселле, забаўляліся дзеці і дарослыя.

Любы дзень нараджэння, як вядома, гэта песні, танцы, віншаванні, госці і падарункі. Усё гэта было і ў нашага імянінніка – горада Докшыцы.
Шматлікія мерапрыемствы атрымаліся надзвычай цікавымі і запамінальнымі.

Урачыстае адкрыццё свята адбылося ўвечары. На ім прысутнічалі ўдзельнікі эканамічнага форуму, а таксама госці з горада-пабраціма Балві.
Свае віншаванні і пажаданні адрасаваў усім гараджанам і гасцям старшыня райвыканкама Алег Пінчук.

– Нямала сіл і старанняў прыклалі нашы землякі для таго, каб узнавіць наш горад, – адзначыў Алег Леанідавіч. – Спатрэбілася некалькі дзесяцігоддзяў, каб сёння ён стаў такім прыгожым, чыстым і ўтульным. Тут жывуць і працуюць старанныя людзі, якія вырошчваюць хлеб і будуюць жыллё, клапоцяцца пра камфортныя ўмовы свайго пражывання, ствараюць сем’і і выхоўваюць дзяцей.

Алег Пінчук падзякаваў усім, хто ўнёс уклад у развіццё горада.

Па традыцыі на свяце горада ўшаноўвалі тых людзей, якія пражылі ў шлюбе шмат гадоў, і тых, якія толькі пачынаюць сямейнае жыццё. Запрасілі падзяліцца вопытам з вышыні пражытых гадоў старэйшага жыхара Докшыц, павіншавалі маладых мам і тат са з’яўленнем на свет іх немаўлят.
Памятныя падарункі і пажаданні здароўя, цяпла, дабрабыту, утульнасці ў дамах атрымалі ўсе яны ад старшыні райсавета Валянціны Сівіцкай.
Першай на сцэну выйшла вялікая сям’я Валіцкіх. Уладзімір Валяр’янавіч і Марыя Міхайлаўна сёлета адзначаюць 40-годдзе сумеснага жыцця. Яны нарадзілі пяць дачок, якія падарылі ім 11 унукаў. Старэйшая дачка Валіцкіх Ганна таксама з’яўляецца шматдзетнай: жанчына выхавала пяцёра дзяцей, мае Ордэн маці.
Добрыя словы гучалі ў адрас старэйшай жыхаркі Докшыц Еўфрасінні Іванаўны Парцянка (здымак 2). Няпростае жыццё было ў 92-гадовай бабулі: яна ўдзельнічала ў Вялікай Айчыннай вайне, была сувязной у партызанскім атрадзе, атрымала раненне… Але ўсе гэтыя нягоды засталіся ў мінулым. Сёння яна мае пяць дзяцей, дзевяць унукаў і восем праўнукаў. Еўфрасіння Іванаўна, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, вядзе актыўны лад жыцця: любіць хадзіць у лес, вяжа, працуе на сваім прысядзібным участку.

Прыкладам для тых, хто толькі збіраецца стварыць сям’ю, з’яўляецца сямейная пара Аляксандра Мікалаевіча і Алены Фёдараўны Несцяровічаў. Прайшло 58 год, як яны заключылі шлюбны саюз. З таго часу дружна ідуць рука аб руку разам. Сакрэтам шчаслівай сям’і Несцяровічы на свяце падзяліліся з маладажонамі – Аляксандрам і Марыяй Размысловічамі, якія напярэдадні Дня горада зарэгістравалі свой шлюб.
У гэтым годзе ў Докшыцах нарадзілася 67 дзяцей. Некаторыя нованароджаныя дзеткі таксама трапілі на святочную ўрачыстасць разам з бацькамі.

Радасны настрой жыхарам і гасцям горада стваралі артысты мастацкай самадзейнасці, творчыя дзіцячыя калектывы. Гледачы засталіся ў захапленні ад танцавальных нумароў, якія прывезлі артысты з горада Балві.
Нашых землякоў на свяце вітала выканаўчы дырэктар Балвскага муніцыпалітэта Інта Кальве, якая адзначыла гасціннасць дакшычан, іх уменне працаваць і адпачываць. Сувенірны збан, які Інта ўручыла старшыні райвыканкама, стане, па яе словах, “дапаўненнем” да тых двух, якія знаходзяцца на гербе Докшыц.
Горад працягваў весяліцца, спяваць і танцаваць да глыбокай ночы. Але перад гэтым усе назіралі за 12-мінутным піратэхнічным шоў.

Новая пляцоўка ў рамках «Хет-трык»

Суботнім ранкам адбылося ўрачыстае адкрыццё міні-футбольнага поля са штучным пакрыццём у сярэдняй школе № 1. Павіншаваць дзяцей і педагогаў з такой падзеяй завітала кіраўніцтва раёна, а таксама госці з дэпартамента па правядзенні спаборніцтваў асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футболу”.
Спартыўная пляцоўка з’явілася ў нашым горадзе, дзякуючы праекту “Хет-трык”, які выступае за развіццё масавага футболу.

– Для ўзвядзення такога аб’екта было выдзелена 250 мільёнаў рублёў, з раённага бюджэту – 90 мільёнаў, – зазначыў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Прыемна, што пляцоўка ўжо была апрабавана юнымі аматарамі гэтага віду спорту. Галоўнае – не забывацца пра тое, што на будаўніцтва былі затрачаны грошы і праца людзей, а таму трэба падтрымліваць аб’ект у належным стане.

З такім меркаваннем згадзіўся і галоўны спецыяліст дэпартамента па правядзенні спаборніцтваў асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футболу” Дзмітрый Бяльковіч, які заклікаў спартсменаў любіць футбол і гуляць у яго нават зімой.

Пасля таго, як была перарэзана чырвоная стужачка (здымак 1), на новай пляцоўцы прайшоў таварыскі матч па міні-футболе паміж камандамі вучняў дзвюх гарадскіх школ.

Здымак 1

Здымак 1

На гэтым мерапрыемствы ў горадзе не завяршыліся. Па вуліцы Ленінскай прайшла спартыўная эстафета, у якой перамогу і Дыплом 1-й ступені атрымала СШ №1. На гарадскім стадыёне вучні спаборнічалі паміж сабой, прымаючы ўдзел у лёгкаатлетычным шматбор’і (здымак 6).
«ВІА-ton-2014»

Пад такой назвай у рамках святкавання Дня горада ў гарадскім Цэнтры культуры прайшоў абласны агляд-конкурс вакальна-інструментальных ансамбляў. У ім прынялі ўдзел дзіцячыя і дарослыя ВІА Віцебскай вобласці. Здзівіць жывой музыкай докшыцкага гледача спрабавалі ансамблі з Аршанскага, Шумілінскага, Браслаўскага, Бешанковіцкага, Віцебскага, Дубровенскага раёнаў, а таксама з Наваполацка. Наш раён прадстаўляла група “Cоtton buds” з Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Здымак 6

Здымак 6

Канкурсантаў вітала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, якая пажадала ім поспехаў у творчай дзейнасці і як мага больш паклоннікаў інструментальнай музыкі.
Адчуванне таго, што гледачы знаходзіліся на канцэрце вядомай расійскай групы “Кароль і шут”, пакінуў пасля свайго выступлення гурт “Эксперымент-12” (Шуміліна).

Лёгкі шок некаторыя атрымалі ад панк-рок гурту “Фрыгат” з Віцебскага раёна. Нашых меладычных “Песняроў” нагадалі прысутным музыканты з гурта “Колеры”, якія прыехалі з Наваполацка. Дзіцячыя калектывы таксама ўразілі сваім майстэрствам.

Пры падвядзенні вынікаў нашы землякі – удзельнікі “Cоtton buds” – былі адзначаны Дыпломам 3-й ступені, узнагароду атрымаў кіраўнік Ігар Карповіч.

Вельмі спадабалася гледачам выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля “Скіфы” з Пастаў. ВІА іграе музыку 70-х гадоў, якая прыйшлася даспадобы многім. Напрыканцы агляду-конкурсу музыканты гэтага калектыву паказалі майстар-клас, прыемна здзівілі і пакінулі самыя найлепшыя ўражанні. Многія выказвалі жаданне сустрэцца з гэтымі талентамі яшчэ раз.

Чароўная «Міні-міс Дакшычаначка-2014»

Шоў-праграма пад такой назвай адбылася ў ККЗ “Іскра”. Каб заваяваць тытул дакшычаначкі, васьмі маленькім прыгожым дзяўчынкам трэба было прайсці некалькі выпрабаванняў. За кулісамі і ў зале за іх балелі бацькі і кіраўнікі з Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў, вучаніцамі якой з’яўляюцца дзяўчынкі.
Нялёгкія заданні чакалі канкурсантак. Першае, з чым выдатна справіліся яны, было касцюміраванае дэфіле. Удзельніцы прадэманстравалі журы і гледачам касцюмы казачных герояў – па сцэне прайшліся Чырвоная Шапачка, Снягурачка, Снежная Каралева, Усходняя Прыгажуня, Пэпі Доўгая Панчоха і іншыя.
Дзяўчынкам трэба было вытрымаць экзамен і паказаць, наколькі яны артыстычныя і інтэлектуальныя. Творчыя здольнасці ўдзельніц можна было разгледзець у конкурсе, дзе яны спявалі песні, танцавалі альбо ігралі на музычным інструменце. Справіліся з гэтай місіяй усе без выключэння. Цікава было паглядзець на дзяўчынак, якія дэманстравалі сучасных школьніц.

Фінальнае дэфіле ўдзельніц прысутныя глядзелі на адным дыханні і не скупіліся на апладысменты, калі з-за куліс “выплывалі” сапраўдныя прынцэсы ў бальных, вячэрніх сукенках з незвычайнымі прычоскамі (здымак 3).

Здымак 3

Здымак 3

Членам журы, якія адправіліся раіцца, хто ж усё-такі атрымае права звацца Міні-міс Дакшычаначкай, было вельмі складана вызначыцца. Праз колькі хвілін вынікі падвялі.

Званне “Міс талент” было прысвоена Надзеі Чучман, Алесю Малюжанец назвалі “Міс грацыя”, Агнія Казлова ўдастоена “Міс прыгажосці”, стужачку з надпісам “Міс артыстычнасць” атрымала Віялета Буцько, Вераніка Спічонак заваявала “Міс усмешка”, “Міс фота” стала Яна Маслакова, а “Міс пяшчотнасць” – Яна Неманкова.

Хвалюючым момантам стала аб’яўленне “Міні-міс Дакшычаначкі-2014”. Гэты тытул атрымала чароўная Аліна Кавалеўская. Акрамя гэтага, дзяўчынка ўзяла яшчэ “Міс глядацкіх сімпатый”.

– Канкурсанткі – таленавітыя, прыгожыя, працалюбівыя, здольныя, – заўважыла намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч у завяршальнай частцы праграмы. – Кожная з іх заслугоўвае высокай узнагароды, бо рыхтаваліся дзяўчынкі задоўга да гэтага конкурсу, прыклалі шмат намаганняў для таго, каб парадаваць нас, – сказала Валянціна Юр’еўна.

Шоў-праграма “Міні-міс Дакшычаначка-2014” не стала завяршальным мерапрыемствам на свяце горада. Увечары цэнтральная плошча зноў сабрала аматараў спеваў і танцаў на канцэрт, які падрыхтавалі работнікі культуры. Моладзь наведала ККЗ “Іскра”, дзе былі падведзены вынікі агляду-конкурсу дыскатэчных праграм “Залатая вяртушка-2014”.

Пляцоўкі — на любы густ

Тое, што свята Дня горада прайшло з вялікім размахам, адзначалі многія. Удзельнікамі такога мерапрыемства былі работнікі сельскіх Саветаў, устаноў культуры і адукацыі. Яны дэманстравалі разнастайную выпечку, стравы беларускай нацыянальнай кухні, сагравалі сэрцы чароўнымі песнямі (здымак 4). З пляцоўкі “Смачны фальварак” даносіўся пах духмянага мёду – тут запрашалі паспытаць гэту прадукцыю пчаляры. Рознымі прысмакамі частаваў народны клуб нацыянальнай кухні і гульні “Шчадроўка”. Дзецям устанавілі сапраўдны гарадок атракцыёнаў, прапаноўвалі небывалую колькасць забаў. Меншыя, зразумела, выбіралі горкі, машынкі, батуты, большыя – гульню ў шашкі, бралі ўрокі малявання, займаліся бісерапляценнем, удзельнічалі ў інтэлектуальных конкурсах.
Жыхары і госці маглі сустрэць на плошчы мульцяшных герояў – Чабурашку і Кракадзіла Гену, якія віншавалі ўсіх са святам.

Многіх вабіла пляцоўка, на якой панавала царства кветак. Тут праходзіла раённая выстава-конкурс “Твой і мой квітнеючы горад”, у якой прымалі ўдзел 17 арганізацый і ўстаноў раёна. Вынікі былі аб’яўлены падчас святочнай праграмы. У намінацыі “Лепшая кветкавая кампазіцыя” першае месца прысудзілі ”Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнату”, другое – СШ № 1 г. Докшыцы, трэцяе – ТЦСАН. У намінацыі “Лепшае кветкавае пано” перамогу атрымаў ААТ “Беларусбанк” (здымак 5),

Здымак 5

Здымак 5

другое месца заваявала Сітцаўская СШ, трэцяе – Сацыяльна-педагагічны цэнтр у г. Докшыцы. У намінацыі “Лепшая кветкавая гірлянда” першае месца прысуджана Цэнтру дзяцей і моладзі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *