Шестой Партнериат приграничных регионов состоялся в Докшицах на День города
Докшыцы адзначылі 607-ы дзень нараджэння. Свята атрымалася цёплым, сонечным, багатым на мерапрыемствы і гасцей. Два дні ў ім панавалі музыка і вяселле, забаўляліся дзеці і дарослыя. Важнай падзеяй стаў эканамічны форум, арганізаваны ў рамках святкавання Дня горада.
Сустрэча партнёраў
Шосты Партнерыят памежных рэгіёнаў стаў першым мерапрыемствам свята. У ім прынялі ўдзел члены асацыяцыі “Еўрарэгіён Пскоў – Лівонія” — больш за трыццаць прадпрымальнікаў з Расіі, Эстоніі, Латвіі. Сваю прадукцыю і паслугі ўвазе гасцей прадставілі прадпрыемствы і прыватныя прадпрымальнікі машынабудаўнічай, сельскагаспадарчай, харчовай прамысловасці, турыстычнага бізнесу, транспартных перавозак нашага раёна. Гэта хлебазавод, завод “Ветразь”, РВУ “Докшыцырайгаз”, ПМК-52, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, санаторыі “Баравое», “Лясное”, фермерскія гаспадаркі “Лайкпол”, “Брадок”, ТАА “Докшыцы-энерга,” ТАА “Докшыцы-экспарт” і іншыя. Іх мэта, як адзначыў на адкрыцці Партнерыята намеснік старшыні райвыканкама А.У. Місачэнка, – пошук новых партнёраў, заключэнне дагавораў аб супрацоўніцтве з мэтай нарошчвання аб’ёмаў экспартных паставак. Больш наглядна з эканамічным патэнцыялам раёна, яго аграэкатурыстычным комплексам удзельнікі форуму пазнаёміліся ў час відэапрэзентацыі.
Праграмным для работы форуму стала выступленне старшыні Вышэйшага Каардынацыйнага саюза юрыдычных асоб “Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальнікаў” У.М. Карагіна, які вельмі цікава расказаў аб тэндэнцыях, што зараз назіраюцца ў сусветнай эканоміцы, месцы ў ёй Беларусі з яе эканамічным патэнцыялам.
Сярод замежных прадпрымальнікаў былі тыя, хто займаецца бізнесам у малочнай жывёлагадоўлі, турыстычнай галіне, вытворчасці збожжа, мэблі, рапсавага масла, мёду, гандлюе будаўнічымі матэрыяламі.
Самай шматлікай была дэлегацыя Пскоўскай вобласці. Прадстаўляючы яе, старшыня гандлёва-прамысловай палаты Пскоўскай вобласці Уладзімір Зубаў выказаў надзею, што расіяне і беларусы зацікавяцца сумесным бізнесам.
Вопытам супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі памежных рэгіёнаў падзяліўся выканаўчы дырэктар секцыі «Латвія» з асацыяцыі “Еўрарэгіён Пскоў – Лівонія” Юрыс Анушканс. Выканаўчага дырэктара Эстонскай секцыі Айна Іыэсалу, які першы раз прыехаў у Беларусь, уразіла гасціннасць беларусаў.
– З учарашняга вечара, як толькі прыехалі, мы ўбачылі, што нас тут чакалі, – сказаў ён. – З цікавасцю знаёміліся з усім, што бачылі. Атрымалі шмат уражанняў, але эстонцы народ прагматычны, таму шмат увагі надаём наладжванню кантактаў. Наша краіна глядзіць у бок Еўропы, але зараз будзем імкнуцца і ў Беларусь.
Бліжэй пазнаёміцца і абмеркаваць пытанні, што іх цікавілі, будучыя партнёры па бізнесу мелі магчымасць у час індывідуальных дзелавых сустрэч, якія доўжыліся не адну гадзіну. Задаволены імі застаўся і беларускі бок.
Партнерыят усім яго удзельнікам даў выдатную магчымасць пазнаёміцца, павучыцца, падзяліцца сваімі набыткамі, абмяняцца кантактнай інфармацыяй і, папярэдне дамовіцца аб наладжванні ў будучым узаемавыгаднага супрацоўніцтва.