На этой неделе в Докшицком районе прошла очередная коллегия райсельхозпрода, на которой проанализированы итоги работы сельхозпредприятий за 9 месяцев
На гэтым тыдні пад старшынствам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, першага намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Абіралы з удзелам кіраўніка раёна Алега Пінчука прайшла чарговая калегія райсельгасхарчу, на якой прааналізаваны вынікі работы сельгаспрадпрыемстваў за 9 месяцаў. На яе былі запрошаны кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і іх галоўныя заатэхнікі, ветурачы, эканамісты. Выязная частка калегіі прайшла на базе ААТ “Таргуны”.
“Вецяра” – ферма заўтрашняга дня…
Першым аб’ектам, які наведалі ўдзельнікі калегіі, была МТФ “Вецяра”. Тут за два гады праведзена поўная рэканструкцыя старой фермы, якая на новым абсталяванні будзе працаваць па-новаму. Вялася гэта работа на працягу двух гадоў. Пачалася яна з будаўніцтва малочна-даільнага блока, а значыць, даільнай залы, камп’ютарнага пакоя, галярэі і іншага. Сёлета, пасля таго, як у маі выгналі жывёлу ў поле, вызвалілі памяшканне ад непатрэбнага абсталявання, залілі бетонную падлогу і кармушкі – усё зрабілі так, каб утрымліваць кароў без прывязі. Працавалі гаспадарчым спосабам. Задзейнічаны былі дзве брыгады пад кіраўніцтвам прараба Яраслава Пяцько. Дарэчы, дзякуючы яму, сэканомлены немалыя грашовыя сродкі таварыства. Напрыклад, не прыйшлося заказваць праектную дакументацыю кароўніка, які абышоўся б у паўмільярда рублёў. Увогуле, на рэканструкцыю фермы было зрасходавана 7 мільярдаў 100 мільёнаў рублёў.
Будаўніцтва і рэканструкцыя фермы – справа нялёгкая. У той перыяд пастаянна ўзнікалі розныя праблемы, якія патрабавалі хуткага і канкрэтнага рашэння. Апошняй з іх стала работа са статкам. Да новага абсталявання прывучалі ў “Вецяры” не цялушак, а кароў, якіх даілі ў малакаправод. Тут давялося папрацаваць і даяркам, і спецыялістам. Цяпер замест дзесяці даярак, сярод якіх былі дзве падменныя, працуюць тры. І гэта выдатна, бо ў “Таргунах”, як і ў многіх іншых сельгаспадарках раёна, адчуваецца недахоп рабочых кадраў. Абавязкі аператараў машыннага даення з узвядзеннем даільнай залы зменшыліся, затое павялічыліся яны ў спецыялістаў. Загадчыца фермы Валянціна Карніловіч, якую вы бачыце на здымку злева (стар.1), вучыцца сама і вучыць іншых працаваць па-новаму. Ёй старшыня райвыканкама выказаў асабістую ўдзячнасць.
…а “Несцераўшчына” – сённяшняга
За летні перыяд, пакуль жывёла знаходзілася на кругласутачным утрыманні на пашы, зроблены пэўны аб’ём падрыхтоўчых работ да зімы. Наведзены парадак на прыфермскай тэрыторыі, якую па перыметры абнеслі новай агароджай, навялі парадак у хлявах.
Два тыдні таму паставілі на стойлавае ўтрыманне 380 кароў. Па выніках 9 месяцаў надаілі ў сярэднім ад кожнай з іх па 3186 кілаграмаў малака. Гэта крыху менш, чым было летась. Аднак ужо ў верасні справы сталі наладжвацца. “Плюс” па надоях склаў 62 кілаграмы. Гэтага дасягнулі за кошт раздою пяршачак. На леташні ўзровень, а то і крыху вышэйшы, выйдуць жывёлаводы з “Несцераўшчыны” па выніках года.
Увядзенне групы раздою, як бачна, дае станоўчы вынік. У ААТ “Таргуны” сёлета было створана 5 такіх груп. Нават калі кожная з пяршачак дасць у сярэднім 14-15 кілаграмаў малака ў дзень, то вал складзе 4,5-5 тон. Адгэтуль і дадатковыя грошы, і стымул працаваць у адпаведным накірунку.
Па выніках года на 100 кароў і цялушак атрымаюць у “Несцераўшчыне” 90 цялят. Дасягнуць такой лічбы можна сумеснай працай рабочых фермы і спецыялістаў. Ветурач і тэхнік-асемянатар, якія замацаваны за дзвюма фермамі (“Несцераўшчына” і “Пустаселле”) і забяспечаны спецыяльнай тэхнікай, працуюць зладжана і адказна – на патрэбным узроўні.
Плюс 20 грамаў прыбытку не дасць
У зале пасяджэння райвыканкама справаздачу трымалі: намеснікі начальніка райсельгасхарчу Наталля Зямчонак, Людміла Бальчэўская, Марына Клімовіч, в.а. галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Аляксандр Супранёнак, дырэктар райплемстанцыі Мікалай Бруяка, галоўны інспектар “Дзяржтэхнагляду” Пётр Несцяровіч.
Было адзначана, што за 9 месяцаў бягучага года сельгасарганізацыямі раёна выраблена валавой прадукцыі на 346,1 мільярда рублёў альбо на 17,1 мільярда менш, чым было запланавана. Тэмп росту склаў толькі 95,3 працэнта пры заданні 106. Асноўнымі прычынамі недабору прадукцыі да мінулагодняга ўзроўню сталі: ліквідацыя ў раёне свінафермы, зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці малака, нарыхтоўкі травяных кармоў, вытворчасці алейнага насення рапсу і аптымізацыя пасяўных плошчаў, якія былі заняты бульбай. Аднак чатыры сельгасарганізацыі ўсё ж здолелі забяспечыць большую вытворчасць валавой прадукцыі, чым была летась. Гэта ААТ “Замастачанскае” і “Барсучанка”, ДП “Гняздзілава-Агра” і СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў”.
Тэмп росту валавой прадукцыі жывёлагадоўлі па раёне склаў 86,5 працэнта. Яго знізілі ўсе сельгаспрадпрыемствы, апрача ААТ “Замастачанскае” і СГФ “Бягомльскі”. Затое ўсе гаспадаркі раёна, апрача ДП “АграБераснёўка”, КУП “Докшыцкі” і ААТ “Таргуны”, забяспечылі прырост прадукцыі раслінаводства. Зроблена гэта за кошт павелічэння вытворчасці зерня. Сёлета яго сабралі на 6 тысяч тон больш, чым летась.
У сваім дакладзе Наталля Зямчонак акрэсліла недапрацоўкі спецыялістаў жывёлагадоўлі ў атрыманні прадукцыі жывёлагадоўлі, парушэнні ў тэхналогіях вытворчасці малака і мяса. Здавалася б, чаму не расфарміраваць жывёлу, згодна з яе фізіялагічным станам? Чаму не згуртаваць цялушак для раздою ў асобныя групы? Чаму не ўдзяліць асобую ўвагу выяўленню і лячэнню масцітных і гінекалагічна хворых кароў, а таксама своечасоваму правядзенню вакцынацый і прафілактычных прывівак? Вынікае, што кіраўнікі недастаткова патрабавальна ставяцца да сваіх спецыялістаў.
За выяўленыя недахопы шэраг адказных работнікаў сельгаспрадпрыемстваў будуць пакараны матэрыяльна. Згодна з рашэннем калегіі, яны пазбавяцца дадатковых выплат. Таксама вызначаны перыяд, за які трэба выправіць негатыўны стан спраў. Як сказаў начальнік райсельгасхарчу Сяргей Абірала, перыяд заклікаў закончыўся. Прыйшоў час добрасумленнай працы. Плюс 20 грамаў стан спраў не зменіць. Трэба дабівацца значнага павелічэння вытворчасці сельгаспрадукцыі. Толькі ў такім выпадку можна разлічваць на эканамічны эфект.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.