«Жизнь под напряжением» не пугает энергетика ОАО «Торгуны» Докшицкого района
Менавіта так можна ахарактарызаваць дзейнасць галоўнага энергетыка ААТ “Таргуны” Аляксандра Лапінскага. Яго працоўная біяграфія пачалася ў ролі электрыка. Было гэта адразу пасля заканчэння Даўгаўпілскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Пасля былі пэўныя адхіленні ў іншы бок ад прафесіі, але, урэшце, імкненне займацца тым, да чаго ляжыць душа, перамагло. Апошнія тры гады Лапінскі ўзначальвае ўсю энергасістэму гаспадаркі. Галоўны інжынер таварыства Сяргей Гушчык паверыў у тое, што Аляксандр справіцца з работай адміністратара і рабочага ў адной асобе, што аб’екты сельгасвытворчасці не будуць прастойваць з-за збояў у паступленні электраэнергіі і ў рабоце абсталявання. Вось таму і не бывае выхадных у Лапінскага, рабочых дзён з графікам ад 8 да 17 гадзін. Ён з брыгадай там, дзе ёсць патрэба. А здарыцца гэта можа і ноччу.
Мы сустрэліся з галоўным энергетыкам на мехдвары ў час абедзеннага перапынку. Ён толькі прыехаў з МТФ “Вецяра”, дзе падключалі абсталяванне для абрэзкі капытоў буйной рагатай жывёле. Крыху стомлены, але задаволены зробленым, Аляксандр расказваў пра дасягненні вучоных, новаўвядзенні ў сельгасвытворчасці і аблягчэнне працы вяскоўцаў. Канечне, усё новае патрабуе дадатковага часу, каб азнаёміцца з прынцыпам работы, яго ўстаноўкай. І добра, што ёсць такія людзі, якія прайшлі ўвесь шлях па прафесіі. Тады хутчэй знаходзіцца рашэнне задачы і не бывае збояў, паўторнага падключэння, непрадбачанага рамонту. “Падключылі – праверылі – парадак” – вось прынцып работы, якога прытрымліваецца наш сённяшні суразмоўца.
Калі чалавек штосьці добрае ведае, валодае майстэрствам, то тады кажуць, што ён са справай на “ты”. А вось у электрыкаў такі выраз ігнаруецца поўнасцю. З электрычнасцю трэба размаўляць на “вы”, каб не здарылася непрадбачанага.
– Падышоў да рубільніка, — расказвае Аляксандр, – абавязкова ўважліва паглядзі наўкола і адключы яго. Але і пасля гэтага яшчэ рана брацца за рамонтныя справы: спачатку правер адключэнне тэстам. Толькі тады можна спадзявацца, што з чалавекам не здарыцца непапраўнае.
Урэшце, у рабоце энергетыка галоўнае не зрабіць рамонт абсталявання, а прадбачыць яго паломку і папярэдзіць. Вось таму кожны дзень на нейкай з 12 ферм, што ёсць у таварыстве, абавязкова сустрэнеш энергетыка. Ён то клемы падціскае, то праводку мяняе, ізаляцыя якой пачарнела ці ўвогуле падцякае. Апрача гэтага ў яго абавязкі ўваходзіць правесці хранамятраж (разам з эканамістам) з мэтай вызначэння нормы расходу электраэнергіі. Сачыць за яго эканомным расходаваннем — справа не менш важная за іншыя.
Аляксандр Лапінскі — чалавек спакойны, разважлівы. Пэўна такім і трэба быць, працуючы з электрычнасцю. Трымаць энергасістэму ў належным парадку яму дапамагаюць дырэктар і галоўны інжынер акцыянернага таварыства, спецыялісты і кіраўніцтва энерганагляду і энергазбыту, раёна электрычных сетак.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.