День защитников Отечества празднуют в Докшицком районе

002+«Галоўны сэнс свята — любіць і абараняць Айчыну», — так лічыць ваенны камісар нашага раёна Генадзій Пацэвіч, з якім мы сустрэліся напярэдадні свята Дня абаронцаў Айчыны. 23 лютага ў нашай краіне ўспамінаюць усіх, для каго абарона Радзімы не толькі доўг, але і жыццёвае прызванне, віншуюць тых, хто і зараз нясе нялёгкую воінскую службу.
— Генадзій Вацлававіч, што менавіта для Вас азначае гэта свята?


– Армія – гэта маё жыццё. Каб прапанавалі вярнуць час і змяніць што-небудзь — іншую прафесію не стаў бы выбіраць. Таму і свята абаронцаў Радзімы для мяне самае важнае і знамянальнае.
— Кажуць, што армія пачынаецца з ваенкамата?
— І гэта сапраўды так. Асноўнымі задачамі ваенных камісарыятаў, перш за ўсё, з’яўляюцца выкананне мерапрыемстваў вайсковай мабiлiзацыi, а ў мірны час заклік грамадзян на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве і на ваенныя зборы. Акрамя таго, ваенныя камісарыяты прымаюць непасрэдны ўдзел у арганізацыі і ўсебаковым забеспячэнні тэрытарыяльнай абароны. Вельмі значнай у нас з’яўляецца работа з моладдзю. Гэта розныя мерапрыемствы, якія накіраваны не толькі на патрыятычнае выхаванне юнакоў і дзяўчат, але і на знаёмства будучых воінаў з армейскімі буднямі, азнаямленне з навучальнымі ўстановамі нашай рэспублікі, дзе можна атрымаць ваенную спецыяльнасць. Неаднойчы мы дапамагалі школам арганізоўваць цікавыя паездкі ў воінскія часці.
— Дарэчы, 2015 год аб’яўлены Годам моладзі…
— Армія немагчыма без моладзі. Моладзь немагчыма без арміі. Маладыя людзі павінны разумець, што мір і чыстае неба над галавой — гэта справа кожнага.
— Генадзій Вацлававіч, зразумела, што выхаванне будучага пакалення немагчыма без прыкладу старэйшага.
— У нас рабоце з ветэранамі надаецца належная ўвага. Ужо зацверджаны графік уручэння ўзнагарод, прысвечаных 70-годдзю Перамогі. На працягу года заўсёды ідзём насустрач тым, хто звяртаецца да нас па асабістых пытаннях, дапамагаем вырашыць праблемы з падтрымкай мясцовай улады. Добрым прыкладам у патрыятычным выхаванні лічым нашых ветэранаў Узброеных Сіл Аляксея Смірнова, Юрыя Жыўлюка, Пятра Вязнікава, Ігара Панцялеева, а таксама саслужыўцаў, якія ўваходзяць у склад раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў”, што дзейнічае пад кіраўніцтвам Валерыя Гмырака. Усе яны выступаюць на розных мерапрыемствах, дзеляцца ўласным вопытам з маладым пакаленнем.
Напярэдадні свята абаронцаў Айчыны віншую ўсіх, хто служыў, служыць ці будзе служыць Радзіме. Усім жадаю моцнага здароўя, цудоўнага настрою, невычэрпнай энергіі, поспехаў ва ўсіх справах і, вядома ж, мірнага неба над галавой!

Размаўляла
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: як прыклад для юнакоў — курсант Ваеннай акадэміі РБ Вадзім Пашкоўскі з вёскі Туркі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *