24 апреля через Докшицкий район был проложен путь автопробега

IMG_4550У пятніцу, 24 красавіка, праз наш раён быў пракладзены шлях аўтапрабегу, які ладзіла абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Мерапрыемства арганізавалі з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі пад дэвізам “Ніхто не забыты – нішто не забыта”. Згодна з планам аўтапрабег доўжыўся з 24 па 26 красавіка па наступным маршруце: Віцебск – Бешанковічы – Лепель – Докшыцы – Глыбокае – Шаркаўшчына – Браслаў – Міёры – Верхнядзвінск – Наваполацк – Полацк – Ушачы – Обаль.

Каля пятнаццаці гадзін, Шунеўка. На стаянку заязджае ланцуг з двух дзясяткаў аўтамабіляў. З іх выходзяць афіцэры Афганістана ў камуфляжы, прадстаўнікі саюза афіцэраў, славянскага камітэта і моладзевых пошукавых арганізацый. На грудзях афганцаў – узнагароды, у руках – кветкі. Да іх далучаюцца прадстаўнікі абласной казацкай акругі ў параднай форме. Яны крочаць па зраненай калісьці зямлі з праваслаўнымі абразамі. Над спаленай зажыва Шунеўкай развяваецца сцяг арганізацыі. Удзельнікаў аўтапрабегу сустракаюць старшыня раённай арганізацыі афганцаў Валянцін Андрыеўскі, прадстаўнікі райваенкамата, арганізацыі ветэранаў, улады.
Між тым набатам гучаць званы, а члены дэлегацыі рушаць да цэнтральнага помніка комплексу. Па правы і левы бок яны бачаць жыхароў вёскі, якія займаюцца сваімі звычайнымі справамі: суседкі нешта горача абмяркоўваюць, дзяўчынка скача на адной ножцы, гуляе ў дзіцячыя забаўкі, адзін гаспадар кляпае касу, другі – рамантуе конскі хамут. Выглядае ўсё настолькі натуральна, нават забываешся, што гэта тэатралізацыя, што сядзяць на фундаментах былых хат культработнікі, што мірнаму вясковаму жыццю наканаваны цяжкі лёс… Пачатак вайны, мужчын адпраўляюць служыць. А ў Шунеўцы з’яўляюцца немцы. Пад крыкі, малітвы і енкі яны гоняць жанчын на пагібель пад агонь. Малых кідаюць у калодзежы. Шалёны танец пякельнага агню. І ўсё. Вёска попелам стала.
Хвіліна маўчання ў памяць бязвінна забітых. Афіцэры апускаюць долу сцягі, здымаюць шапкі. Глыбокая, сумная цішыня.
Слова бярэ намеснік старшыні абласной арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Сяргей Дзянісаў. Ён дзячыць за ўсё, што зроблена дзеля захавання памяці пра трагічныя і гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Старшыня віцебскай абласной арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валяр’ян Мацкевіч адзначае актыўную работу па захаванні гістарычнай памяці ў нашым раёне і ўручае Ганаровую грамату абласной арганізацыі афганцаў загадчыцы філіяла “Шунеўка” Бягомльскага музея народнай славы Таццяне Мальчык. За арганізацыю сумеснай плённай работы раённай арганізацыяй ветэранаў вайны ў Афганістане і дзяржструктур па рашэнні абласнога Савета арганізацыі знак “За заслугі” ўручаны намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксане Гапанёнак.
Па заканчэнні мерапрыемства ў Шунеўцы ўдзельнікі аўтапрабегу едуць у райцэнтр, дзе ўскладаюць кветкі да помніка воінам-афганцам. Затым на іх маршруце суседні раён.
НА ЗДЫМКУ: фота на памяць з удзельнікамі тэатралізацыі ў Шунеўцы.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *