Юбилейную медаль Егор Козел из дервни Комайск Докшицкого района получил в день рождения

IMG_4868-нЮбілейны медаль “70 год Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў 1941-1945 гг.” Ягору Козелу ўручылі ў дзень нараджэння. Атрымаў ветэран кветкі і заплакаў. Не думаў, што будзе радавацца сваёй 91-й вясне, і таму, што 9 мая зноў зможа разам з таварышамі ўспомніць загінулых, памерлых ад ран баявых сяброў. У першую чаргу, свайго брата Аляксея. З ім у жніўні 1943 года яны сталі байцамі 1-й Антыфашысцкай брыгады Гіль-Радзівонава. Разам з імі ў партызаны пайшоў і Віктар Скурат. Астатнюю моладзь забралі ў Германію. Іхняя вёска Камайск да гэтага часу ўжо была поўнасцю спалена карнікамі латышскага батальёна. Людзі жылі, дзе прыйдзецца.
Баявое хрышчэнне хлопцы атрымалі ў баі, калі выбівалі немцаў з Гліннага. Праўда, прызнаецца сёння Ягор Іванавіч, ён тады ні разу і не стрэліў. Разгубіўся, не ведаў, што рабіць. Але прайшло ўсяго некалькі тыдняў, і навабранец Козел адчуваў сябе ўжо бывалым салдатам, бо радзівонаўцы, як называлі іх у народзе, на баявыя аперацыі хадзілі праз кожныя два-тры дні. Аддзяленне, у якім ваяваў аўтаматчык Козел, звычайна знаходзілася ў сакрэце. Пры набліжэнні немцаў партызаны адкрывалі стральбу, як бы папярэджваючы, што гэта тэрыторыя імі кантралюецца. Пакуль немцы прыходзілі ў сябе, падцягваліся асноўныя сілы брыгады і бралі ворага ў кальцо. Дзякуючы такому стратэгічнаму манеўру, удалося разбіць буйны атрад немцаў пад Плешчаніцамі. Трафеямі радзівонаўцаў тады сталі 4 станкавыя кулямёты і нават пушка. Рота маёра Говарава, у якую ўваходзіла аддзяленне Козела, прымала ўдзел у баях пад Вілейкай, Зембінам, Кублічамі, Кадлубішчам. Асабліва запомніўся Ягору Іванавічу бой за Докшыцы. Было гэта амаль у самым пачатку яго баявога шляху. Дружына Гіль-Радзівонава да таго, як перайшла ў Бераснёўцы на бок партызан, дыслацыравалася ў Докшыцах. У жніўні 1943-га радзівонаўцы зноў вярнуліся ў горад, каб выбіць з яго немцаў. Першым пад’ехаў камбрыг. На нямецкім пасту яго пазналі, прапусцілі, і ён даў каманду на ўезд у горад усёй брыгадзе. Спыніліся ля нямецкага штаба (зараз там ваенкамат). За некалькі хвілін радзівонаўцы акружылі будынкі паліцыі, радыёвузла, тэлефоннай станцыі, школы прапаршчыкаў, а таксама тыя дамы, дзе кватаравалі немцы. Аддзяленню Ягора дастаўся штаб.
– Мы акружылі будынак,– успамінае ветэран, – і ўрэзалі з аўтаматаў па вокнах. У адказ цішыня. Камандзір ускочыў на ганак, рвануў дзверы і… скасіла яго аўтаматная чарга. Тут мы ашалелі. Гранатамі закідалі фрыцаў. Яны, аказваецца, пад ложкі пахаваліся, вось чаму мы не змаглі іх адразу выкурыць. Выбілі немцаў і пайшлі маршам на Крулеўшчыну. Жалезнякоўцы толькі бліжэй да вечара пасля нас уступілі ў Докшыцы.
Брыгада Гіль-Радзівонава ваявала моцна. Гэта было не партызанскае, а воінскае фарміраванне з жалезнай дысцыплінай. Асабістаму саставу, напрыклад, забаранялася ў населеным пункце заходзіць у хаты сялян, хіба толькі змяніць бялізну.
Як успомню пра абставіны гібелі нашай брыгады, то і зараз слёзы льюцца. Камбрыга шкада, гэта быў сапраўдны афіцэр. Адукаваны, разумны і без ніякай фанабэрыстасці. Размаўляў з ім не раз. У блакаду ля возера Шо на маленькім пятачку сабраліся тысячы людзей. Немцы моцна бамбілі, скідвалі дэсант. Людзей загінула процьма, у тым ліку цывільных: жанчын, дзетак, старых. Камбрыг прыняў рашэнне ісці на прарыў. Ведаю, што некаторыя брыгады, у тым ліку і “Жалязняк”, прапускалі немцаў і ішлі на злучэнне з Чырвонай Арміяй. А наш пайшоў у атаку. Вырвацца ўдалося нямногім. Самога параніла. Рэшткі брыгады пайшлі на Глыбоччыну, а нас, мясцовых, адправілі дадому.
Пасля вызвалення Ягор Іванавіч быў мабілізаваны ў армію. Трапіў у Архангельск у мотапяхоту. Думаў, што давядзецца яму яшчэ біць і японцаў. Іх часць ужо была па дарозе на Далёкі Усход, калі стала вядома, што амерыканцы скінулі атамную бомбу на Хірасіму. У арміі праслужыў аж да 1947 года. Вярнуўся ў родную вёску, ажаніўся і працаваў трактарыстам у калгасе “Камайскі” ўсё жыццё.
Зараз у пабудаванай сваімі рукамі хаце пасля таго, як пахаваў жонку, Ягор Іванавіч жыве адзін. Часта прыязджаюць дзеці з Мінска, Віцебска. Нярэдкі госць і старэйшы сын Іван, які жыве ў Маскве. Зараз былы афіцэр-падводнік ужо на пенсіі, і бацька ім вельмі ганарыцца. У дагледжаную хату да ветэрана часцей за ўсіх наведваецца малодшая сястра Марыя. У вайну яна была маленькай дзяўчынкай. Гэта яе, браціка Пятра, бацькоў і ўсіх людзей абараняў, не думаючы пра сваё жыццё, радавы 1-й Антыфашысцкай брыгады Ягор Козел.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *