Докшицкие мелиораторы празднуют профессиональный праздник

IMG_6947Аляксандр Шкелка – прадстаўнік старой гвардыі меліяратараў, якая стаяла ў вытокаў меліярацыйнага будаўніцтва. У ПМК-48 уладкаваўся на працу ў далёкім 1975 годзе. Меліяратары тады, вобразна кажучы, не вылазілі з балота. На пракладцы дрэнажу ў час сезона былі задзейнічаны не толькі механізатары, але і работнікі адміністрацыі, ІТР, якія расчышчалі ад карчоў палі. Аляксандр Лявонавіч пайшоў працаваць машыністам шматкаўшовага экскаватара. Работа цяжкая, брудная, але яна адпаведна аплочвалася. Рабочы гонар не дазваляў быць нядбайным работнікам, таму прозвішча Шкелкі неаднаразова заносілася на дошку гонару.
З таго часу прайшло 40 год. Аляксандр Лявонавіч ужо на пенсіі, але па-ранейшаму кожную раніцу спяшаецца ў сваю ПМК, якая змяніла да гэтага часу назву. Апошнія гады працуе рабочым будаўнічай брыгады, валодае многімі спецыяльнасцямі.
Аляксандр Лявонавіч з кагорты тых старой закваскі рабочых, якіх адрозніваюць выканаўчасць, дысцыплінаванасць, адказнасць, – зазначае галоўны інжынер ПМС Мікалай Карпека. – Кантраляваць яго, як некаторых работнікаў, не трэба. Шкелку даручыў і можаш быць упэўнены, што ўсё будзе зроблена, як трэба.
– Хачу сказаць, што такіх людзей у нас большасць, таму з пастаўленымі вытворчымі задачамі калектыў паспяхова спраўляецца. Працуем на чатырох меліярацыйных аб’ектах, адзін з іх ужо ўведзены ў дзеянне. У ліпені будзе закончаны наступны. На новым будаўніцтве асвоена 3,5 мільярда рублёў выдзеленых сродкаў, яшчэ 2 мільярды – на тэхдоглядзе. У такім жа рытме плануем працаваць і далей, каб толькі планамерна паступалі выдзеленыя грошы і была магчымасць набываць паліва. Зараз заканчваем падрыхтоўку трактароў, экскаватараў для правядзення работ па расчыстцы каналаў. На днях распачынаем уносіць гербіцыды. Дапамагаем сельсаветам у правядзенні культуртэхнічных работ, рамантуем свае вытворчыя памяшканні, наводзім парадак на тэрыторыі.
Віншую калектыў меліяратараў з нашым прафесійным святам. Жадаю поспехаў, здароўя, удачы, сямейнага дабрабыту.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: ветэран працы ПМС А.Л. Шкелка.
Фота В.Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *