День Независимости отпраздновали в Докшицах (+фото)

IMG_0694

Урачыстае шэсце ў Дзень Незалежнасці
пад сцягамі рэспублікі, вобласці і раёна.

IMG_0713

Першыя ў калоне — ветэраны.

IMG_0843

У калоне — прадстаўнікі
грамадскіх арганізацый.

IMG_0958

Кветкі ветэранам
ад удзячных нашчадкаў.

IMG_8206

ДКУБП «Докшыцкая ПМК-52» прэзентуе сваю прадукцыю.

Акурат у восем гадзін раніцы трэцяга ліпеня цэнтральную вуліцу райцэнтра ажывіла радыётрансляцыя. Гучалі песні пра Радзіму, волю, жыццё і святыя для кожнага пачуцці. Пад гэтыя гукі бліжэй да 10 гадзін прыбраныя ў святочнае гараджане збіраліся калектывамі, каб ускласці кветкі да помнікаў і брацкіх магіл.

Па традыцыі калона аўтамабіляў накіроўваецца да мемарыяльнага комплексу “Шунеўка”. Прыпынак на гэтым месцы жалю і смутку па бязвінных ахвярах. Кветкі да падножжа манумента нясуць старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў В.У. Сівіцкая, ветэраны, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый.
Затым на маршруце дэлегацыі райцэнтр, галоўная вуліца якога ў вялікія дзяржаўныя святы ператвараецца ў пешаходную. Калона пачынае поўніцца ад аўтастанцыі і доўгім ланцугом крочыць праз увесь горад. Прахожыя спыняюцца, каб паназіраць за велічным, маляўнічым шэсцем. На тварах дэманстрантаў усмешкі, у руках яны трымаюць кветкі, паветраныя шары, флажкі. Шэсце яднае ўсіх: уладу, ветэранаў, духавенства, кіраўнікоў і рабочых, моладзь і дашкольнікаў. Калі калона падыходзіць да Свята-Пакроўскай царквы, яе прасвядна благаслаўляюць званы. Яшчэ адна кропка прыпынку – плошча імя Палявога. Людзі нясуць кошыкі кветак і схіляюць галовы з удзячнасцю за незалежнасць. Канчатковы прыпынак урачыстага шэсця – бераг гарадскога возера. Ветэранам, як самым шаноўным гасцям, прапаноўваюць першыя месцы. Са сцэны амфітэатра гучаць лепшыя вакальныя галасы раёна, у час танцавальнай кампазіцыі разгортваецца Дзяржаўны сцяг. Першае слова – кіраўніку раёна. Алег Пінчук звяртаецца да ветэранаў вайны і працы, жыхароў горада і раёна:
– Вельмі дорага каштавалі Перамога і незалежнасць нашаму раёну. Лік ахвяр ідзе на тысячы людзей. Шмат намаганняў было прыкладзена для таго, каб адбудаваць краіну пасля вайны, усталяваць спакойнае і камфортнае жыццё. Прайшло сем дзесяцігоддзяў. Мы жывём пад мірным незалежным небам. Сёння словы ўдзячнасці кіраўнікам і працоўным калектывам за добрасумленную працу. Шчыра зычу ўсім моцнага здароўя, каб вашы блізкія радавалі вас, а ўсе мы разам жылі ў мірнай квітнеючай краіне.

Свае віншаванні ў Дзень рэспублікі агучвае ветэран працы, былы дырэктар ДРБУ №180 Аляксандр Рамейка.

Затым сцэна аддаецца дэманстрацыі таленту народных калектываў і самадзейных артыстаў Докшыччыны. Між тым у парку, які атуляе гарадское возера, кіпіць жыццё. Прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы ладзяць выставы-продажы ўласнай прадукцыі, санаторыі і ФСК “Ураджай” прэзентуюць паслугі, райста і некаторыя мясцовыя прадпрымальнікі прапаноўваюць прысмакі і цацкі для дзятвы. Не застаюцца без маленькіх наведвальнікаў надзьмутыя горкі і батут. А яшчэ на свяце можна было згуляць у дартс і атрымаць прыз, адказаць на пытанні за падарунак, выцягнуць шчаслівы білецік у латарэі, пакатацца на роліках, патрэніраваць мысленне ў шахматнай партыі на дошцы дарослым ці падчас вулічных шахматаў дзецям. Мяркуючы па тым, як шматлюдна было каля гэтых забаў, ніводная з іх не засталася па-за ўвагай гараджан і гасцей свята.

На гэтым шанаванне Дня Незалежнасці не заканчваецца. Увечары ўсё там жа ізноў ладзіцца канцэртная праграма. Яе завяршальнымі акордамі становяцца рэспубліканская акцыя “Спяём гімн разам”, музыку да якога напісаў наш зямляк, кампазітар Нестар Сакалоўскі. Затым неба над Докшыцамі пачынае ззяць агеньчыкамі салюта. Урачыста, відовішчна!

 

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча
і В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *