У жительницы агрогородка Волколаты Докшицкого района дом «утопает» в цветах

Изображение 005Дом Вольгі Малаш, жыхаркі аграгарадка Валкалаты, “патанае” ў кветках з ранняй вясны і да маразоў. Але асаблівы гонар гаспадыні – ружы. Іх зараз у Вольгі Фролаўны налічваецца трыццаць восем кустоў. Садова-паркавыя, чайныя, фларыбунды — самых розных колераў і адценняў.

— Хіба ж можна параўнаць вось такую жывую прыгажосць са зрэзанымі, загорнутымі ў цэлафан кветкамі, — разважае жанчына. І з ёй нельга не пагадзіцца.

Сям’я Малашоў прыехала ў Валкалаты, на радзіму гаспадара, у 1991 годзе з Латвіі, дзе расіянка Вольга і беларус Вячаслаў пазнаёміліся, пакахалі адзін аднаго і стварылі сям’ю. Вольга шмат гадоў адпрацавала ў калгасе “Памяць Ільіча” загадчыцай склада, а Вячаслаў – ветурачом.

— Першыя кусцікі ружаў прывезлі менавіта з Латвіі. А яшчэ вялікую колькасць цыбулінак цюльпанаў, — успамінае Вольга Фролаўна. – Мы ў тыя “ліхія дзевяностыя” за грошы, выручаныя ад продажу цюльпанаў, кароўку ў калгасе купілі. А зараз ужо маем магчымасць вырошчваць кветкі, каб проста рабіць жыццё прыгажэйшым.

І сапраўды, на панадворку Малашоў усё радуе вока, ва ўсім адчуваецца клопат гаспадароў. Догляд за кветкамі, безумоўна, на плячах Вольгі, а гэта, паверце, не так лёгка, як можа здацца на першы погляд, і патрабуе нямала часу: праполка, падкормка, падрэзка, укрыванне на зіму. Бясконца трэба штосьці выкопваць, перасаджваць і, канечне ж, паліваць.
— Я магу спякотай не паліць цыбулю ці моркву, а вось кветкі – абавязкова, — смяецца наш кветкавод.

Рука гаспадара Вячаслава таксама бачна ўсюды: прыгожая альтанка, лавачкі, дарожкі, вароты з вельмі сімпатычнымі мядзведзямі, арэлі – усяго не пералічыць. А як жа іначай – Малашы вырасцілі дзвюх прыгажунь дачок, якія падаравалі ім траіх унукаў. Шчаслівыя бабуля і дзядуля чакаюць у хуткім часе яшчэ “папаўненне”. Дочкі з сем’ямі – частыя госці ў бацькоў, што і не дзіўна: там, дзе пануюць любоў, узаемапавага і згода, нават кветкі растуць буйнейшыя і ярчэйшыя.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Вольга Малаш.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *