Свой очередной день рождения отпраздновал г.п. Бегомль(+фото)

У мінулую суботу жыхары Бягомля адзначылі 433-ці дзень нараджэння гарпасёлка.

Свята распачалося каля памятнага знака, які быў усталяваны некалькі год таму. Сімвалічна, што знаходзіцца ён каля двух храмаў – былога і таго, што будуецца. Прасвядна благаслаўлялі званы бягамальчан, якія збіраліся на свята. Старшыня сельвыканкама Мікалай Трахінін шчыра павіншаваў землякоў і гасцей, узгадаў імёны тых, хто праславіў мястэчка сваімі працай, подзвігамі і творчасцю. Ён з годнасцю зазначыў, што на гэтай зямлі жывуць людзі, якія любяць і шануюць месца, дзе нарадзіліся або куды прыехалі па волі лёсу, як родны дом.

Здымак 1

Здымак 1

Настаяцель мясцовага храма айцец Валерый Цімкоў адслужыў малебен у падзяку за пражыты год і Божую ласку да гэтага краю. Затым пад гукі духавога аркестра ўдзельнікі свята рушылі да цэнтральнай вуліцы гарпасёлка. У калоне побач з жыхарамі Бягомля, кіраўнікамі мясцовых арганізацый і ўстаноў крочылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая, намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, госці з латвійскага горада-пабраціма Докшыц – Балві.
З летняй сцэны каля Дома культуры першую песню выканаў мясцовы зводны хор. Затым старшыня райсавета Валянціна Сівіцкая павіншавала бягамальчан і ўручыла Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта трактарысту СГФ “Бягомльскі” Андрэю Аўтушку, вадзіцелю Бягомльскага ўчастка РУП ЖКГ Віктару Ковелю, рабочаму па абслугоўванні будынкаў завода “Ветразь” Аляксандру Ковелю; граматамі раённага Савета дэпутатаў на свяце былі ўзнагароджаны дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства Анатоль Бальшуноў і галоўны механік АТП №14 Аляксандр Аўдашкевіч (на здымку 1 злева направа).
Слова-зварот да землякоў трымаў ветэран вайны Валянцін Якушэўскі. Ад імя моладзі родны пасёлак віншавала сёлетняя выпускніца школы Ангеліна Пракопава.
Прозвішча слыннай дынастыі настаўнікаў Ціханскіх па праву гучала на свяце. Яе пачынальнік Мікалай Мікалаевіч быў дырэктарам Бягомльскай школы, яго жонка Ларыса Пятроўна працавала настаўніцай. Сын Ціханскіх Вадзім Мікалаевіч, разам з жонкай Святланай Леанідаўнай выкладаюць у школе сёння. Віншавалі са сцэны сям’ю Івана Станіслававіча і Ніны Андрэеўны Пятровічаў, якія ў гэтым годзе адзначылі “залатое” вяселле.

Здымак 2

Здымак 2

На час святкавання вуліца Савецкая зрабілася пешаходнай. Па абодва бакі дарогі кіпела жыццё. Сцэна была прадстаўлена артыстам, а прастор наўкол – выставам-прэзентацыям. Сваю прадукцыю дэманстравалі ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” і завод “Ветразь”. Бягомльская школа ўразіла прысутных творчымі работамі вучняў, мясцовая школа-інтэрнат прапаноўвала пазнаёміцца з побытавымі рэчамі беларусаў у імправізаванай хатцы, музей арганізаваў выставу, Бягомльская бальніца агітавала за здаровы лад жыцця і прапаноўвала ўсім жадаючым наталіць смагу гарбатай з разнатраўя (здымак 2), санаторый “Баравое” прапаноўваў турыстычныя паслугі. Гасцінны панадворак “Вясёлка аматарства” ўяўляў прэзентацыі клубных аб’яднанняў устаноў культуры ўсяго раёна. Тут жа было шмат забаў для малышоў з іспытамі і салодкімі пачастункамі (здымак 3).
Увесь час працавалі надзьмутыя горкі, батуты, дзятва не мінала ўвагай арэлі. Салодкасці, печыва і шашлык – на свяце было не толькі чым сябе заняць, але і пачаставацца.
Увечары мясцовыя артысты зладзілі канцэртную праграму. Завяршылася свята з цёмным, калі ў небе зазіхацеў салют, які, па прызнанні многіх мясцовых жыхароў, быў прыгожым, як ніколі.

Здымак 3

Здымак 3

З днём нараджэння, Бягомль! Мы лёсам з’яднаныя з табой.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *