Библиосумерки опустились на Докшицы (+ много фото)
Кніга — як сувязь часоў
Да Дня бібліятэк аддзел бібліятэчнага маркетынгу падрыхтаваў цікавую і вясёлую конкрусна-забаўляльную праграму “Мы ў прафесіі людзі невыпадковыя”. На яе запрасілі работнікаў сістэмы з усяго раёна. Удзельнікі мерапрыемства загадзя разбіліся на пяць каманд і прыдумалі сабе назвы і эмблемы. У час конкурсу “Кнігіні”, “Рамонкі”, “Кнігаведы”, “Каркушы” і “БібліКомплеРай” прадэманстравалі не толькі свае прафесіянальныя якасці, але і эрудыцыю, начытанасць, таленавітасць. Яны даказалі, што адметныя рысы бібліятэкараў – аптымізм, абаяльнасць, камунікабельнасць і крэатыўнасць. Акрамя конкурсаў, арганізатары мерапрыемства забаўлялі ўсіх незвычайнымі рэкламнымі паўзамі, падчас якіх далі жартоўныя парады маладым работнікам сістэмы, правялі бяспройгрышную латарэю з магчымасцю “выйграць мільён”, паказалі модныя навінкі спецадзення для бібліятэкараў. Апошні конкурс раскрыў кулінарныя таленты ўдзельнікаў. Фінальным акордам стала ўзнагароджанне каманд медалямі і дэгустацыя салодкіх страў за сяброўскім сталом.
«Бібліязмярканне»
– такую назву мела мерапрыемства, якое прайшло ў Дзень бібліятэк увечары. Убачыць, як выглядае кнігасховішча ў прыцемкі, прыйшлі каля шасцідзесяці хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту. Усе яны аказаліся захопленымі піратамі. Першы паверх ЦДК быў падобным на краіну флібусцьераў. Дзяцей апранулі і размалявалі, і яны сталі падобнымі на марскіх разбойнікаў. Іх падзялілі на каманды. Чорная барада, Хітры Джэк, Морган, Флінт, Джон Сільвер і Біллі Бонс – так назвалі абраных капітанаў. Яны павялі за сабой сваіх падначаленых у пошуках скарбу па пірацкіх картах. Дзве гадзіны блукалі ўдзельнікі квэст-гульні па розных кутках казачнай краіны: пабывалі ў гасцях Рабінзона Круза і Пятніцы на “Бязлюдным востраве”, пазнаёміліся з русалкамі ў “Блакітнай лагуне”, праверылі сваю меткасць, разгадалі зашыфраваныя лісты ў “Труме патанулага карабля”, на “Прычале пірацкіх легенд” пачыталі казкі, выканалі заданні ў “Пячоры Вясёлага Роджэра”. Усе сустрэліся на “Востраве скарбаў”, каб скласці пазл-падказку, з якой даведаліся, што каштоўнасці схаваны ў “Бухце сямейнага чытання”. Так яно і было: сярод прыгодніцкіх кніг пра карсараў дзеці знайшлі куфар, поўны…ласункаў. Вось гэта быў банкет на ўвесь свет!
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.