Флеш-моб к Международному дню мира прошёл в Докшицком районе (+фото)
21 верасня ў 12 гадзін па ўсёй Віцебскай вобласці ў неба паляцелі паветраныя шары з папяровымі жураўлікамі, якія сімвалізуюць нашу надзею на мір ва ўсім свеце.
На трох мовах свету быў напісаны зварот да тых, у чые рукі змогуць трапіць “пералётныя птушкі”, зробленыя з паперы ўдзельнікамі міратворчага праекта “Жураўлік” і запушчаныя вучнямі дзвюх гарадскіх школ на плошчы імя І.С. Палявога. Акрамя хлопчыкаў і дзяўчынак 5 – 7 класаў у флэш-мобе “Мы за мір! “НЕ” — вайне!” прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Парцянка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інга Журомская, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Вольга Аніськовіч, намеснік старшыні раённага Савета аб’яднання ветэранаў Мікалай Аўтух, ганаровы піянер раённай піянерскай арганізацыі Алена Сарокіна.
Праект стартаваў 21 верасня 2014 года. За гэты час пятнаццаць піянерскіх дружын нашага раёна зрабілі нямала карысных добрых спраў, прынялі ўдзел у шматлікіх конкурсах. За ўдзел у міратворчым руху ад Віцебскага абласнога аб’яднання Фонду Міру калектывы педагогаў і навучэнцаў СШ № 1 і № 2 горада Докшыцы атрымалі падзякі, якія ўручыла старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Вольга Аніськовіч. Дарэчы, сёлета грамадская арганізацыя адзначае 55-годдзе, таму ў неба былі запушчаны 55 паветраных шарыкаў і папяровых жураўлікаў.
– Толькі той чалавек, які змог забыць жахі вайны, можа ўчыніць новую, – выступала на мерапрыемстве намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. – Дадзены праект прызваны крануць сэрца кожнага, каб усе змаглі прачуць на сабе і перадаць іншым, наколькі важны мір ва ўсім свеце.
Ля помніка І.С. Палявога ўдзельнікі акцыі ўшанавалі памяць воінаў і партызан, дзяцей і дарослых, загінулых і закатаваных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа была ўскладзена Гірлянда славы.
У гэты ж дзень у 12 гадзін ва ўсіх школах раёна таксама былі запушчаны папяровыя веснікі міру.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.