Мастер по плетению корзин живёт в агрогородке Волколаты Докшицкого района

Изображение 061“Бяруся плесці кошык – і ўжо настрой харошы”, – сцвярджае Васіль Сіўчак, які кошыкаў у сваім жыцці зрабіў не адну сотню. Ды такіх прыгожых, такіх зграбных, акуратных, адзін у адзін. Праўда, “на канвеер” гэту справу ён паставіў не так ужо і даўно. Але пра ўсё па парадку.

Нарадзіўся і жыў герой гэтага артыкула на Мядзельшчыне, у вёсцы Баяры, што ля самай граніцы з Докшыцкім раёнам па трасе на Маладзечна. Працаваў у калгасе брыгадзірам, рахункаводам, апошнія гады асемянатарам. Жонка Марыя Уладзіміраўна таксама была калгасніцай – аператарам машыннага даення. У сям’і гадавалася чацвёра дзяцей, працы хапала, і кошыкі гаспадар рабіў толькі для сваёй патрэбы. Была ў Васіля Васільевіча свая пасека, два дзясяткі пчаліных домікаў, якія ён таксама ўласнаручна зрабіў. А рамак для сотаў дык увогуле некалькі соцень трэба было давесці. Застаецца толькі здзіўляцца, дзе на ўсё знаходзіўся час, бо рабіў гаспадар яшчэ і дугі для конскай збруі, і лейцы плёў, і венікі вязаў – прыемна было ў рукі ўзяць…

У Валкалаты сям’я Сіўчакоў перабралася ў сталым узросце бліжэй да дзяцей – дачкі Алы і сына Анатоля. Тут жывуць ва ўласнай хатцы, чысценькай і ўтульнай, акружаныя клопатам і ўвагай дзяцей, васьмярых унукаў. Шасцёра праўнукаў ужо маюць. Узрост шаноўны – хутка шэсцьдзясят гадоў, як Васіль і Марыя разам. Сілы, безумоўна, не тыя, ды не можа Васіль Васільевіч без справы. Вось і пляце кашы, як сам выказаўся, для добрых людзей. Не лазовыя, бо лазу ж нарыхтаваць трэба (работа не з лёгкіх), а пераплятае дужкі ўпаковачнай стужкай, лёгкай, яркай і трывалай. Шчыруе не дзеля заробку, бо грошы за свае вырабы бярэ невялікія, а дзеля задавальнення. Кошыкі Васіля Сіўчака “раз’ехаліся” па ўсёй Беларусі, трапілі ў Расію, ва Украіну і нават у Германію, куды выйшла замуж унучка Ларыса. Думаецца, уладальнікі гэтых кашоў павінны быць задаволены набыткам, бо калі чалавек укладае ў свае вырабы душу, захоплены творчасцю, то і энергетыка такіх рэчаў толькі станоўчая.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Васіль Сіўчак са сваімі вырабамі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *