Межрегиональные состязания «Вас вызывает Спортландия» прошли в СШ №2 г. Докшицы (+фото)
У спартыўнай зале СШ № 2 г. Докшыцы прайшлі адкрытыя міжрэгіянальныя спаборніцтвы “Вас выклікае Спартландыя”, прымеркаваныя да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У іх прынялі ўдзел каманды Міёрскага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага і Докшыцкага раёнаў.
Кожны ўдзельнік быў настроены на перамогу, якая, як птушка шчасця, не давала ўхапіцца за сябе і пералятала ад адной каманды да другой. Так, напачатку гульні ў конкурсе па перадачы эстафетнай палачкі першымі да фінішу прыйшлі падлеткі з Шаркаўшчыны, у другім – больш пашанцавала докшыцкім хлопцам і дзяўчатам. Пасля падведзеных вынікаў за чатыры спаборніцтвы лідзіравалі нашы землякі. Конкурс капітанаў унёс свае карэктывы: у стрэльбах з пнеўматычнай вінтоўкі лепшыя вынікі прадэманстраваў участковы інспектар з Шаркаўшчыны, і гэта нібыта натхніла яго каманду. У наступным этапе падлеткі амаль дагналі па балах тых, хто ішоў наперадзе. Гучнымі выкрыкамі балельшчыкаў суправаджалася перацягванне канатаў. Каманда з Докшыц парушыла правілы, і лік за сем конкурсаў стаў роўным з глыбачанамі. Вынік спаборніцтва вырашыла камбінаваная эстафета, у якой першымі да фінішу прыйшлі шаркаўчане. Па суме ўсіх балаў у міжрэгіянальнай спартландыі першае месца заваявалі хлопцы і дзяўчаты з Глыбокага, другімі сталі дакшычане і шаркаўчане, трэцімі – юнакі і дзяўчаты з Міёр.
Галоўны суддзя спаборніцтваў, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Інэса Марчанкава падзякавала прысутным за ўдзел і падтрымку мерапрыемства, мэтай якога была не толькі прафілактычная работа з падлеткамі, якія знаходзяцца на ўліку ў ІСН, але і прапаганда здаровага ладу жыцця, а таксама пашырэнне міжрэгіянальных сувязяў.
Спартсмены атрымалі граматы і салодкія падарункі, пасля чаго працягвалі знаёмства ў водна-аздараўленчым цэнтры.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.