Настя Котейко из Докшицкого района стала участницей Европейского юношеского олимпийского фестиваля
Промні сонца залацілі верхавіны дрэў, паветра напаўнялася галасамі птушак і іншымі ляснымі гукамі, а па сцежцы ля вёскі Гарадзішча бегла сімпатычная дзяўчынка з дзвюма светла-русымі коскамі. Так пачыналася кожная раніца Насці Кацейка – тады яшчэ чацвёртакласніцы, а сёння – навучэнкі Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву. Парасткі яе спартыўнага таленту першым заўважыў настаўнік фізкультуры Іосіф Чэрнянін. У скарбонцы трэнера гэта ўжо не першая зорка спартакіяд не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. У тандэме Насці і Іосіфа Гераімавіча пачаліся асабістыя трэніроўкі. Сваімі перамогамі на раённых, абласных спаборніцтвах яна даказвала, што ёсць у яе і сіла духу, і спрыт, і шмат іншых якасцяў, якія ўласцівы толькі сапраўдным спартсменам.
Аднойчы, пасля выступлення на абласным лёгкаатлетычным кросе (у той час Насця вучылася ў восьмым класе), дзяўчынцы прапанавалі паступіць у вучылішча алімпійскага рэзерву. Яна з лёгкасцю здала нарматыўныя патрабаванні па агульнай і спецыяльнай фізічнай падрыхтоўцы, прайшла паглыбленае медыцынскае даследаванне і стала навучэнкай вучылішча алімпійскага рэзерву. Шматлікія штодзённыя трэніроўкі, добрыя вынікі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах – і ў студзені 2015 года Насцю Кацейка ўключылі ў рэзерв нацыянальнай зборнай. У чэрвені, пасля чарговых рэспубліканскіх выступленняў, дзяўчыну запрасілі да ўдзелу ў Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі, які праходзіў у Тбілісі. Для Настассі, як і для многіх іншых спартсменаў 13 – 18 гадоў, гульні ў сталіцы Грузіі сталі першымі буйнымі Міжнароднымі стартамі. Каля чатырох тысяч юнакоў і дзяўчат з амаль пяцідзесяці краін свету з’ехаліся на фестываль, каб паказаць свае здольнасці ў дзевяці відах спорту. У лёгкаатлетычным спаборніцтве Насці ставілася задача трапіць у васьмёрку лідараў. Яна перасягнула саму сябе і прыбегла да фінішу чацвёртай, трошкі саступіўшы польскай спартсменцы.
– Што трэба для перамогі? – спыталі мы ў Насці.
– Па-першае, вера ў яе, – адказала наша зямлячка. – Па-другое, лічу, што ў кожнага чалавека павінна быць мэта. У спартсменаў мэта адна – перамога. А для яе дасягнення патрэбны асабістая ўпартасць і падтрымка балельшчыкаў.
Ёсць час у Настассі і на асабістыя захапленні. Яшчэ са школы дзяўчына займаецца бісерапляценнем і модульным арыгамі. Яе ўседлівасці і акуратнасці можна толькі пазайздросціць. Апошнім часам разам з бацькам зацікавіліся здыманнем відэасюжэтаў.
Над спартыўнай арэнай – капрызнае сонца. Пажадаем жа нашай зямлячцы толькі сонечнага надвор’я і медальнага ўраджаю вышэйшага гатунку.
НА ЗДЫМКУ: наша зямлячка, навучэнка Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву, Насця Кацейка – удзельніца Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю, што праходзіў у гэтым годзе ў Тбілісі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.