Живите и хорошейте, родные Докшицы! (+ фото)
Дакшычан вітае губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў:
Больш за шэсць стагоддзяў жыве і прыгажэе наш родны горад Докшыцы. Кожны свой дзень нараджэння ён сустракае ва ўбранстве, чакае падарункаў і шчыра запрашае да сябе ў госці. У суботу на цэнтральнай плошчы горада гучалі віншавальныя словы і песні ў гонар імянінніка. Разгарнулі сваю дзейнасць на “Алеі майстроў” сельскія Саветы, незлічоную колькасць выпечкі дэманстравалі ўстановы адукацыі на “Смачным фальварку”. Прамысловыя прадпрыемствы раёна піарылі прадукцыю ўласнай вытворчасці. Дарослыя ішлі на свята разам з дзецьмі, бо ведалі, што для іх заўсёды арганізоўваецца мноства забаў.
Па традыцыі, святочную праграму адкрыла выступленне старшыні райвыканкама Алега Пінчука. Алег Леанідавіч прывітаў дакшычан і гасцей горада. Перш чым падвесці некаторыя вынікі работы за год, кіраўнік раёна шчыра падзякаваў ветэранам за мір і незалежнасць нашай краіны.
– Кожны з нас павінен даражыць мірным небам, пад якім мы сёння жывём, – сказаў ён. – Дзякуючы працавітым рукам нашых людзей, у раёне ўбралі ўраджай – намалацілі 72 тысячы зерня, атрымалі ўраджайнасць 39 ц/га. Стабільна працуюць такія прадпрыемствы, як хлебазавод, Бягомльскі лясгас. Прадукцыя торфапрадпрыемства, якое размешчана ў Крулеўшчыне, экспартуецца ў 35 краін замежжа. У раёне актыўна працягваецца газіфікацыя населеных пунктаў. Сёлета блакітнае паліва прыйшло ў Крыпулі і Янкі. Важнае месца надаецца сацыяльнай сферы: працягваецца рамонт некаторых аб’ектаў – дзіцячых садоў і школ, медустаноў, наводзіцца парадак у пад’ездах шматпавярховікаў і на прыдамавых тэрыторыях.
У завяршэнне кіраўнік раёна павіншаваў з Днём горада ўсіх яго жыхароў, пажадаў Докшыцам паспяховага развіцця і росквіту.
Раздзяліць радасць свята прыехаў дэпутат, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, які адзначыў, што з цягам часу ўсё мяняецца, нязменным застаецца толькі любоў да малой радзімы. Усё тое, што ствараецца ў горадзе і раёне, – гонар саміх жыхароў. Таму трэба берагчы створаную прыгажосць, цаніць працу людзей, якія ўносілі ўклад для таго, каб райцэнтр харашэў з кожным годам.
На сустрэчу з дакшычанамі завітаў і губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў, які заўважыў, што за апошнія гады ў нашым рэгіёне зроблена шмат.
– Докшыцкі раён сёння лічыцца адным з лепшых у вобласці, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч. – Тут працуюць высакакласныя кіраўнікі і спецыялісты. Прыемна, што Докшыцы ведаюць далёка за межамі краіны. Не сакрэт, што сёння ўсе хочуць жыць прыгожа, адчуваць сябе ўтульна. Дзяржава робіць для гэтага ўсё магчымае, каб так і было, і адным з прыярытэтаў лічыць высокі ўзровень жыцця. А гэта вельмі важна.
Тое, што Докшыцы з кожным годам становяцца адным з прыгожых і чыстых гарадкоў у Беларусі, адзначаюць не толькі яго жыхары. Хараством райцэнтра захапляюцца ўсе, каму давялося тут пабываць.
У горадзе ствараецца такая сацыяльная сфера, якая поўнасцю задавальняе нашых людзей.
За апошнія гады тут вырас новы мікрараён: было пабудавана 5 кааператываў, у якіх зараз пражывае 176 сем’яў. У гэтым годзе на асфальтаванне вулічна-дарожнай сеткі было зрасходавана 2 млрд рублёў. Своеасаблівымі падарункамі для дакшычан сталі адкрыццё водна-аздараўленчага цэнтра, новых крам “Удобный”, “Умелец”, “Дабраном”, новага будынка Белдзяржстраху. Пасля праведзенага і бягучага рамонтаў новае аблічча набылі і набываюць зала для рэгістрацыі шлюбу, многія крамы, гінекалагічнае і тэрапеўтычнае аддзяленні ЦРБ, а таксама ўстановы адукацыі, пад’езды шматпавярховых дамоў.
Ганарацца сваёй малой радзімай
Працоўная дынастыя
Святочная праграма, якую падрыхтавалі работнікі культуры, была не толькі музычнай, а яшчэ і пазнавальнай. У рамках свята, па традыцыі, праходзіць ушаноўванне працоўных дынастый. На гэты раз на сцэну запрасілі сям’ю Падбярэзскіх. Усе: Вячаслаў Васільевіч, Аляксандра Іванаўна і іх дачка Жанна – працуюць у спажыўкааперацыі. Вячаслаў Падбярэзскі пачынаў прадаўцом, быў таваразнаўцам, экспедытарам і намеснікам старшыні праўлення па будаўніцтве. Яго жонка Аляксандра з’яўляецца кладаўшчыком, забяспечвае таварам усе рознічныя гандлёвыя прадпрыемствы раёна. Жанна Таляронак з’яўляецца спецыялістам па кадрах і лічыцца адным з лепшых работнікаў у сваім калектыве.
Справілі залатое вяселле
З пачатку гэтага года 87 маладых пар зарэгістравалі шлюб. Яны толькі пачынаюць будаваць сваё сямейнае гняздо. А вось Ірына Сяргееўна і Аляксандр Міхайлавіч Савулавы разам пражылі 50 год, выхавалі траіх дзяцей, маюць шасцёра ўнукаў. Муж і жонка сакрэтам свайго шчаслівага сямейнага жыцця называюць узаемапаразуменне і цярпенне.
Дбайныя гаспадары
На свяце былі падведзены вынікі агляду-конкурсу на лепшы панадворак у горадзе. Дбайнымі гаспадарамі названы Галіна і Васілій Віткоўскія, Казімір і Таісія Клімко, Віталій і Ганна Ючкавічы. Усе яны атрымалі ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Сівіцкай дыпломы райвыканкама і райсавета, а таксама памятныя падарункі.
Маленькія дакшычане
Сёлета нарадзілася 77 маленькіх гараджан, самаму малому з іх – Мішу Обухаву – толькі два тыдні. Павіншаваць свой родны горад з Днём нараджэння немаўляты прыехалі ў каляскамабілях у суправаджэнні тат і мам.
Бурнымі авацыямі сустракалі нашы землякі вакалістаў ГЦК, Цэнтра дзяцей і моладзі, некалькі радасных хвілін падарылі гледачам удзельнікі ваеннага духавога аркестра з Віцебска.
Паказальна пастралялі
Той, хто меў намер не прапусціць ніводнага запланаванага мерапрыемства ў гэты дзень, паспяшаўся пасля канцэрта на гарадскі стадыён. Тут разгарнуліся паказальныя выступленні разведузвода 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады. Хлопцы стралялі, дэманстравалі прыёмы рукапашнага бою, не абышлося без разбівання пліткі рукамі, галовамі, тулавам. Усе дзеянні суправаджаліся ваеннымі песнямі, прысвечанымі баявому дэсанту.
Дома і сцены дапамагаюць
Сапраўдным падарункам да свята райцэнтра стаў вынік 12-га тура Чэмпіянату Віцебскай вобласці па футболе: наш ФК “Ветразь” перамог ФК “ПМЦ-Паставы” з лікам 4:0.
Мячы ў вароты праціўніка адправілі Аляксандр Крыпулевіч, Юрый Сяржант, Дзяніс Маліноўскі і Аляксандр Палачанін.
“Ветразь” ужо сустракаўся з пастаўскай камандай у адным з тураў чэмпіянату і таксама выйграў.
– У такі асаблівы дзень мы павінны былі паказаць годную, добрую гульню, каб не было сорамна перад нашымі балельшчыкамі, – расказвае капітан каманды Аляксандр Палачанін. – Кожны ўдзельнік быў настроены на перамогу. Трэніруемся мы па тры разы на тыдзень. Наш дэвіз: “Толькі наперад! Толькі перамога!” Дарэчы, у гэтым сезоне ўсе гульні, што праходзілі на докшыцкім стадыёне, для “Ветразя” былі бяспройгрышнымі.
***
Докшыцы адзначалі імяніны аж да позняга вечара. Зноў гучалі песні, у якіх артысты прызнаваліся яму ў любові. Акорд у завяршэнне свята паставіў піратэхнічны феерверк.
Таццяна
ПАДБЯРЭЗКАЯ.