Интервью с директором РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» Дмитрием Кoляго

IMG_8353Менавіта камунальнікі клапоцяцца пра наша камфортнае жыццё: дзякуючы іх старанням у нашых кватэрах цёпла, у кранах ёсць вада, а ў некаторых і гарачая, вуліцы і двары чыстыя і добраўпарадкаваныя. І калі ўсё гэта атрымліваецца, людзі радуюцца чысціні, утульнасці і прыгажосці, якія пануюць вакол.
Пра развіццё камунальнай службы за апошнія пяць год наша інтэрв’ю з дырэктарам РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрыем Калягам.

– Дзмітрый Сцяпанавіч, ваша арганізацыя зараз – гэта шматгаліновае прадпрыемства з калектывам у больш, чым 500 чалавек, якое займаецца аказаннем камунальных паслуг ва ўсіх населеных пунктах раёна.

– Так. На працягу некалькіх год на баланс РУП ЖКГ паступова перадаваліся камунальныя аб’екты, якімі раней валодалі розныя ўласнікі: дзяржарганізацыі, школы, сельгаспрадпрыемствы. Зараз у нас вельмі вялікая гаспадарка: 184,5 кіламетра водаправода, 46 воданапорных вежаў, 77 артсвідравін, 50 шахтных калодзежаў, 41,1 кіламетра каналізацыйнай сеткі, 25 кацельняў, 50,1 кіламетра цепласетак, 2 станцыі абезжалезвання, столькі ж ачышчальных збудаванняў, дарогі і вуліцы ў сельскіх населеных пунктах. Трымаць яе ў рабочым стане, а многія службы працуюць і днём, і ноччу, задача складаная. Стараемся яе выконваць як мага больш якасна і эфектыўна, за недапрацоўкі загадзя просім у нашых спажыўцоў прабачэння. Хаця, хачу зазначыць, самай вялікай складанасцю для камунальнікаў з’яўляецца работа непасрэдна з людзьмі. Няпроста бывае знайсці ўзаемаразуменне з насельніцтвам, змяніць яго адносіны да навакольнага свету наогул і дзейнасці жыллёва-камунальнай службы ў прыватнасці. У грамадстве ўсё больш з’яўляецца людзей-спажыўцоў, якія жывуць па прынцыпе “мне вінаватыя ўсе, а я нікому нічога”. Таму выкідваюць смецце, дзе прыйдзецца, псуюць камунальную маёмасць і калі ім робяць заўвагу, абураюцца, не хочуць памятаць элементарную ісціну: чыста там, дзе не смецяць.

– Пара года прымушае першым задаць пытанне пра цеплазабеспячэнне. У якім стане гатоўнасці да сезону знаходзіцца ацяпляльная гаспадарка?

Цяпло – гэта асноўны від нашай прадукцыі, таму на працягу многіх год прымаюцца меры па зніжэнні затрат у яе вытворчасці. Сярод іх аптымізацыя схем цеплазабеспячэння, мадэрнізацыя цеплавых сетак, выкарыстанне мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Тры гады таму першапачаткова да нас на баланс паступіла 31 кацельня. Пасля паэтапнай аптымізацыі схем, якая прадугледжвае ўкараненне новага кацельнага абсталявання, іх засталося 25. Першыя кацельні з газу на мясцовыя віды паліва былі пераведзены ў 2012 годзе. Затым кожны год іх колькасць павялічвалася. Сёння толькі дзве кацельні працуюць на газе. Эканомію расходаў добра дэманструюць наступныя лічбы. У 2013 годзе расход газа ў параўнанні з папярэднім годам скараціўся на 360 тысяч кубічных метраў, у 2014 – яшчэ на 474 тысячы, сёлета за 9 месяцаў зменшыўся на 575 кубічных метраў. Адпаведна павялічвалася выкарыстанне таннай шчапы і дроў.

Праведзены рамонт 17 катлоў, іншага кацельнага абсталявання і саміх будынкаў. Да 21 верасня пашпарты гатоўнасці атрымалі ўсе 25 цеплакрыніц.
На сённяшні дзень 96 працэнтаў цеплавых сетак ад агульнай працягласці заменена на ПІ-трубы. Працягваецца іх далейшая мадэрнізацыя і рэканструкцыя. Сёлета на гэтыя патрэбы затрачана больш за 3 мільярды рублёў.

Зыходзячы з патрэб у паліўна-энергетычных рэсурсах, на сёлетні паліўны сезон нарыхтавана 6,5 тысяч кубічных метраў шчапы, што на 1,5 тысячы больш за планавае заданне і 23 тысячы кубаметраў дроў. Гэтай колькасці хопіць для забеспячэння непарыўнай работы кацельняў.

– Водаправодна-каналізацыйная гаспадарка – гэта яшчэ адна “гарачая” кропка ў дзейнасці камунальнай службы. Як у ёй вырашаюцца праблемныя пытанні?

– Самая вялікая праблема – гэта, канечне, шматлікія прарывы на воданапорнай сетцы. Тлумачацца яны тым, што 73 працэнты яе патрабуюць замены. Але, дзякуючы аператыўнаму і якаснаму ліквідаванню непаладак, сёлета ўдалося істотна зменшыць колькасць прарываў з 67, што былі ў 2014 годзе да 47. Створаны дзве аварыйна-рамонтныя брыгады, дакладней абноўлены іх састаў. Прыйшлі працаваць дысцыплінаваныя, адказныя людзі, якія лічаць за ганьбу месца правядзення рамонтных работ пакідаць пасля сябе не прыбраным. Перагледжана тэхналогія ліквідавання прарыву. Калі раней рамонт быў кропкавым, то зараз выразаецца ўвесь участак пашкоджанай трубы. Такім чынам сёлета заменена амаль 2 кіламетры праблемных участкаў водаправода.

Наогул у дадзенай гаспадарцы зроблена вельмі шмат. Запушчаны ў эксплуатацыю новыя ачышчальныя збудаванні, аўтаматызавана апошняя чацвёртая помпавая станцыя ў райцэнтры. Пракладзены адзін кіламетр водаправода ў вёсцы Целяшы. Гэтыя мерапрыемствы дазволілі зрабіць аптымізацыю працоўных месцаў, зэканоміць электраэнергію. Напрыклад, гадавая сумарная эканомія на помпавай станцыі складзе 197 мільёнаў рублёў.

Яшчэ адзін буйны аб’ект коштам адзін мільярд рублёў уведзены ў эксплуатацыю ў снежні 2014 года – гэта станцыя абезжалезвання вады ў раёне хлебазавода.

Як бачыце, мы дбаем пра спажыўцоў і жадаем разумення нашых праблем ад іх. У першую чаргу таго, што ўсе камунальныя паслугі, на якія затрачваюцца вялікія бюджэтныя сродкі, платныя. Хаця, па-ранейшаму большую іх частку нам кампенсуе дзяржава. Але ёсць грамадзяне, якія не дысцыплінавана аплачваюць нават той працэнт, што патрабуецца. Таму зараз мы актыўна працягваем работу па выяўленні безуліковых спажыўцоў вады.

– Камунгас з’яўляецца ўласнікам даволі вялікага жыллёвага фонду, дзесьці каля двухсот дамоў. Як падтрымліваеце яго ў патрэбным стане?

– Палова дамоў больш за чвэрць стагоддзя эксплуатуецца без капрамонту. У апошнія пяць год справа зрушылася з месца. За гэты тэрмін адрамантавана шэсць шматпавярховікаў у Докшыцах, Крулеўшчыне, Параф’янаве. На капрамонт апошняга затрачана 1,5 мільярда рублёў. Называю гэту лічбу для тых грамадзян, якія кпяць нам за тое, што не рамантуем менавіта іх дом, хаця яны, маўляў, плацяць за капрамонт кожны месяц. Але ж, каб назбіраць названую суму, ім, як падлічылі нашы эканамісты, спатрэбіцца 122 гады!

Пачынаючы з 2013 года, жыльцы сямі шматкватэрных дамоў атрымалі магчымасць карыстацца гарачай вадой. Пяць дамоў – газіфікаваны. Працягваецца капрамонт інтэрната ў Докшыцах па вул. Даватара. Праблемным пытаннем застаецца тэхнічны стан балконаў і лоджый. Зараз ідзе іх рамонт у доме № 8/6 аграгарадка Крулеўшчына. Зроблена праектная дакументацыя на рамонт яшчэ ў двух шматпавярховіках. Шмат зроблена па падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона. Адрамантаваны 26 пад’ездаў, 57 цеплавых пунктаў, 4 бойлеры, 15 дзвярэй і 5 вокнаў, сеткі энергазабеспячэння, у 110 дамах праведзены прафілактычны рамонт інжынерных сістэм, у тым ліку і ў падвалах.

Акты гатоўнасці спажыўцоў падпісаны на ўсе жылыя дамы.

– Самая прыкметная для пабочнага вока дзейнасць камунальнай службы – добраўпарадкаванне. За чысціню гарадскіх вуліц, новы асфальт, своечасовы вываз смецця, стварэнне рамантычнага куточка для маладажонаў і аўтамабільнай стаянкі ля ЗАГСа – удзячнасць гараджан. Нагадайце пра іншыя справы?

– Акрамя ўкладкі асфальту і рамонту тратуараў у райцэнтры па вул. Савецкай і К. Маркса, на што летась затрачана больш за 2 мільярды сродкаў дарожнага збору, мы кожны год грэйдзіруем вуліцы, падсыпаем, робім ямкавы рамонт. На бягучае ўтрыманне затрачана 870 мільёнаў рублёў. Адрамантаваны тратуар на вул. Чарняхоўскага, асфальтавае палатно на вул. Інтэрнацыянальная, Садовая, зав. Камсамольскім. Работа па асфальтаванні будзе прадоўжана і надалей.

На балансе РУП ЖКГ знаходзіцца 126 могілак. Сёлета пры актыўнай дапамозе жыхароў працавалі на іх добраўпарадкаванні ў Порплішчы і Вецяры. Мяркуем, што такім чынам на ўсіх навядзём парадак.

Для асобнага збору смецця набылі 53 кантэйнеры. Хаця вельмі шмат ёсць пытанняў да таго, якое “смецце” выносяць у іх грамадзяне.

– Што лічыце першапачатковай задачай у сваёй дзейнасці?

– Зніжэнне затрат, на выпуск прадукцыі, а значыць, і яе сабекошту. А таксама павышэнне прадукцыйнасці працы, каб яна перавышала тэмп росту заработнай платы, тады будуць усе падставы для яе павышэння. Памятаем пра ахову працы, працуем над паляпшэннем бытавых умоў работнікаў. Не забываемся і пра адпачынак, здароўе членаў калектыву. Усё гэта працуе на настрой работніка, а калі ён ёсць, то і вынікі лепшыя.

– Дзякуй за інтэрв’ю.

Гутарыла
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *