Три поколения семьи из Бегомля занимаются гиревым спортом

IMG_0488У мінулым годзе на Чэмпіянаце краіны па гіравым спорце наш зямляк Ігар Вішняк заняў трэцяе месца і выканаў нарматыў майстра спорту. Ганаровае званне ён атрымаў у 43 гады: звычайна ў такім узросце прафесіянальныя спартсмены ідуць на заслужаны адпачынак. Для Ігара Сяргеевіча, які працуе ў санаторыі “Баравое”, падняцце гіры ці штангі даўно стала стылем жыцця. Фізічныя трэніроўкі дапамагаюць павысіць упэўненасць у сабе і зараджаюць энергіяй.

– “Качаць жалеза” я стаў яшчэ ў школьныя гады. Спачатку стымулам было жаданне выглядаць моцным, фізічна прыгожым. Потым заняткі спортам увайшлі ў звычку, якая дапамагала не толькі быць заўсёды ў добрай форме, але і зараджала энергіяй, давала сілы на здзяйсненне жыццёвых планаў, – расказвае Ігар Сяргеевіч. – Першае пераможнае выступленне атрымалася на Рэспубліканскіх студэнцкіх спаборніцтвах, на якіх я заваяваў бронзу. Але не толькі гэта было вялікай радасцю для мяне. На спартыўным мерапрыемстве пазнаёміўся з такімі ж апантанымі аматарамі здаровага ладу жыцця. Так пачалося сяброўства з “жалезнымі” людзьмі краіны. Парады “бывалых” дапамагалі ўдасканальваць майстэрства.

У 1991 годзе Ігар Вішняк па волі лёсу пераязджае ў Бягомль. Тут ён стварае сям’ю, у якой нараджаюцца сын і дачка. Для заняткаў цяжкай атлетыкай ёсць у доме спартсмена спецыяльны пакой, у якім для падтрымання фізічнай формы хапае месца і родным, і сябрам. Ігар шмат паездзіў па краіне, паўдзельнічаў у шматлікіх спаборніцтвах. У 2013 годзе пабываў на Чэмпіянаце Еўропы сярод ветэранаў гіравога спорту ў г. Керч, дзе заняў 1-е месца ў штуршку сярод саракагадовых спартсменаў. Зараз ён рыхтуецца да ўдзелу ў Кубку рэспублікі. У марах – правесці Чэмпіянат краіны ў Докшыцах. Лічыць, што для гэтага ёсць усе падставы, бо сярод дакшычан шмат аматараў сілавога віду спорту, пра што сведчаць раённыя спартакіяды, у якіх Ігар заўсёды прымае ўдзел. Сёлета на такім мерапрыемстве разам з ім паспрабавалі свае сілы бацька Сяргей Аляксандравіч і сын Арцём. Апошні некалі займаўся лёгкай атлетыкай у вядомага трэнера Івана Рацькавіча. Калі паступіў у інстытут, то па прыкладзе бацькі пераключыўся на гіравы спорт. Дваццацігадовы юнак стаў прызёрам Чэмпіянату Мінска, у нядаўніх раённых спаборніцтвах заняў першае месца ў сваёй вагавой катэгорыі.

– У гіравым спорце галоўнае – не сіла, а тэхніка, – сцвярджае Ігар Вішняк. – Самае ж важнае – кожнаму клапаціцца пра сваё здароўе. Ісці ў нагу з часам – значыць, трымацца здаровага ладу жыцця.

НА ЗДЫМКУ: тры пакаленні дужай сям’і з Бягомля (злева направа) Арцём, Ігар і Сяргей Вішнякі.

Тэкст і фота
Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *