Франтишка Гинько из Докшиц знает, как убежать от старости

DSC00198Гэта жанчына ведае, як можна кінуць старасць і збегчы ад яе… на песні. Ад такога занятку ў яе душы пануе радасць. І тады пераблытваюцца гады, уцякаюць, і зоркі на небе, як у маладосці, пачынаюць свяціць ярка і заклікальна.

У кожнай канцэртнай праграме звычайна ёсць нумар, які можна назваць адкрыццём. У сёлетнім канцэрце, прысвечаным Дню пажылых людзей, які ў кінаканцэртнай зале “Іскра” паставілі самі ж пенсіянеры, запомнілася выступленне Францішкі Гінько. Выхаду на сцэну такіх вядомых у мінулым салістак, як Ала Краўчонак, Валянціна Малюжанец, Алена Герасімёнак гледачы чакалі, і артысткі спраўдзілі спадзяванні паклоннікаў, яшчэ раз парадавалі сваім талентам. Калі ж Францішка Гінько заспявала “Галубку”, дыханне перахапіла ад яе свежага, выразнага голасу, не падуладнага часу. І каб не ледзь чутная ў ім туга па жаночай долі, што спакон веку суправаджае вобраз гэтай птушкі, то здавалася б, спявае маладая дзяўчына, якой яшчэ гэта невядома. Але ж у спявачкі за плячыма жыццё, у якім, як і ва ўсіх, хапала і суму, і радасці. Доўгай восеньскай ноччу ўспаміны агортваюць, не даюць сну апусціцца на вочы. Тады ратуе цікавая кніжка. А калі Франя і сама не жадае развітвацца з каляровымі карцінкамі былога жыцця. У іх – родная вёска Струкі і спевы матулі. Яніна Іосіфаўна мела моцны, прыгожы голас. Мясцовы пан параіў бацькам адправіць яе, калі яшчэ была дзяўчынай, вучыцца ў Вільна. Яны так і зрабілі. Віленскія педагогі высока ацанілі голас Янінкі, але адправілі дадому падрасці, сказалі, што чакаюць праз год-два. Але ж больш паехаць не атрымалася, замуж пайшла. А голасу давала волю ў касцёле. Зараз дачка паўтарае матулін шлях. Хаця ў Францішкі ўжо намнога больш сур’ёзны спеўны вопыт. Разам з Янінай Лагутка, Марыяй Курнушка спявае ў храме. З гэтымі ж жанчынамі адпяваюць нябожчыкаў. Не адзін год яна выступала ў складзе вядомага ў свой час хору Докшыцкай райсельгастэхнікі, з якім працавалі Вера і Яўген Ганчаровы. Калектыў неаднаразова выступаў за межамі раёна, быў лаўрэатам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. У ім пачыналі многія, у тым ліку і вядомая салістка Тамара Мацкевіч. Прысваенне яму звання “народнага” спыніў развал СССР. Таму, як толькі быў створаны хор ветэранаў “Залатыя гады”, у ім практычна адразу сталі спяваць некаторыя ўдзельнікі калектыву Ганчаровых, у тым ліку Уладзімір Гулевіч і Францішка Гінько. На выкананне сольнага нумара яна адважылася толькі сёлета і, як бачна, вельмі паспяхова.

Два разы на тыдзень разам з іншымі маладымі душой людзьмі паважанага ўзросту (язык не паварочваецца назваць іх пенсіянерамі) спяшаецца на рэпетыцыі. Паралельна наведвае штомесячныя пасяджэнні клуба “Кацюша”. А яшчэ садзіць даволі вялікі агарод, з якога сёлета накапала толькі адной бульбы 15 мяшкоў! Нядрэннай вырасла і іншая агародніна. На зямлі працаваць для яе справа звыклая. Калі выходзіла на пенсію, у іх з мужам было тры гектары. І нічога, спраўляліся. Не меней яе стала і тады, калі Францішку Станіславаўну, як вопытнага прадаўца, зноў запрасілі на працу. Ад сотак адмовілася толькі пасля заўчаснай смерці мужа. Раніцай ён праводзіў яе, як заўсёды, на працу, а вечарам ужо не сустрэў. Два гады не магла глядзець без слёз на свет і практычна не спала. Выручалі кнігі і малітвы. Пра тое, што зноў зможа заспяваць, не думала, але ж Міхаіл так любіў яе песні…

Жыць можна па-рознаму: скардзіцца на несправядлівы лёс і ператварыць чарговы адрэзак свайго існавання на зямлі ў адзіны сумны “год сурка”, а можна крута змяніць жыццё, знайсці сабе занятак і атрымліваць ад усяго здавальненне. Паспрабуйце?

НА ЗДЫМКУ: Францішка Гінько падчас выступлення на сцэне ККЗ “Іскра”.

Тамара Альшэўская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *