Фестиваль «Солнечный круг» прошёл в Докшицком районе (+ фото)

IMG_2554У мінулыя выхадныя ў кінаканцэртнай зале “Іскра”адбыўся традыцыйны фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Сонечны  круг”.

Усіх, хто завітаў на яго, сустракалі вясёлыя клоўны, якія настройвалі на пазітыўны лад. Свята, на якое спяшаліся самадзейныя артысты, танцоры, дэкламатары, мастакі, абяцала быць не такім, як заўсёды, бо праводзілася ў юбілейны дзясяты раз. Была адменена конкурсная праграма, а члены журы мінулых гадоў сталі ганаровымі гасцямі канцэрта. З віншаваннямі да ўдзельнікаў фестывалю звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, якая заклікала, каб жаданне тварыць, самаўдасканальвацца, знаходзіць новае не пакідала дзяцей, педагогаў і бацькоў.

Цёплыя словы сказаў настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы айцец Георгій Мялешка. Ён прапанаваў цягнуцца да святла, да сонейка, жыць з Богам у душы, бо гэта насамрэч дапамагае вырашаць праблемы і здзяйсняць жаданні.

Фестываль спраўляў свой дзень народзінаў, а якія ж імяніны без падарункаў? Адным з іх стала выступленне сталічных гасцей з Хрысціянскага дабрачыннага камітэта “Вера. Надзея. Любоў”. Гучнымі апладысментамі сустракалі гледачы актрысу тэатра-студыі кінаакцёра Ірыну Нарбекаву, якая прачытала некалькі вершаў і расказала рэальныя гісторыі пра тое, як святыя дапамагаюць людзям. Шчыра і цёпла віталі ўдзельнікі фестывалю паэтэсу, пісьменніцу, лаўрэата прэміі “Залаты грамафон” Таццяну Дашкевіч. На фестывалі яна выступала як аўтар-выканаўца цудоўных, светлых песень.

Мінскія артысты сталі быццам “разагрэвам” гледачоў перад канцэртам нашых зорачак. І хоць гэта была не конкурсная праграма, але хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі стараліся. Самая найлепшая падтрымка ў такім выпадку – гэта шчырыя апладысменты, а яны не сціхалі. Бурнымі авацыямі сустракалі ў гэты дзень Лізавету Патэйчук, Аляксандра Якубоўскага, Аксану Юпатаву, Валянціну Гагунову, Дзмітрыя Сергеенкава, Марыю Шылкову, Таццяну Дзіульскую. Зарадам станоўчых эмоцый стаў танец “Кадрыль” у выкананні гасцей мерапрыемства – танцавальнага калектыву “Каблучок” Глыбоцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. На свяце не абмінулі ўвагай і тых, чые работы былі прадстаўлены на выставе “Творчасць без межаў”. Усе ўдзельнікі атрымалі Дыпломы фестывалю і ласункі. Танцы і песні дарылі прысутным творчыя калектывы Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў і раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.

Шмат цёплых слоў падзякі атрымалі спонсары мерапрыемства – чулыя і неабыякавыя людзі, колькасць якіх з кожным годам павялічваецца.

Апошнім акордам канцэрта стаў гульнявы блок, які правяла вядучы спецыяліст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” г. Мінска Наталля Чалавенка (на здымку).
Пасля канцэрта артыстаў запрасілі ў кафэ “Александрыя” на святочны абед, дзе ўсе, нават тыя, хто не трапіў у музычную праграму, атрымалі падарункі.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *