Мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы, прайшло ў Валкалацкай бібліятэцы Докшыцкага раёна

IMG_8619Самы радасны прадмет –
Спасцігаць загадку слова,
Роднае зямелькі мову
На ўроку, у жыцці,
Каб лягчэй было ісці
І каб сілу мець душою
Праз жыццё – за годам год, –
Што зямля твая – з табою,
Што з табою –
твой народ.

“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі”. Такімі словамі пачалося свята “Мова нашых продкаў знікнуць не павінна”, арганізаванае 21 лютага, у Дзень роднай мовы, у чытальнай зале Валкалацкай сельскай бібліятэкі настаўніцай мясцовай сярэдняй школы Людмілай Кацейка і загадчыцамі бібліятэк: Гарадзішчанскай – Раісай Вярцінскай і Валкалацкай – Антанінай Невярковіч. На свяце былі ўдзельнікамі і гледачамі вучні 6-11 класаў. Дзве каманды – “Асілкі” і “Волаты” – паспрабавалі сябе ў ролі лінгвістаў у віктарыне “Размаўляем па-беларуску”.

На першым этапе “Прыгадваем” сапернікі шукалі адказы на слайд-пытанні – прыгадвалі прадмет і называлі яго па-беларуску. Каманды вельмі хутка справіліся з заданнем: ліхтарык, дзяжа, парасон, кішэня, селядзец, насоўка, далонь, канапа… – усё было названа без памылак. Паспяхова прайшоў і другі этап “Перакладаем”, дзе ставілася задача перакласці словазлучэнні і сказы з рускай мовы на родную. На трэцім этапе – “Тлумачым” – патрэбна было растлумачыць сэнс такіх беларускіх слоў, як бондар, вэлюм, выцінанка, зеўра, свяцёлка, ясакар. А на чацвёртым, яшчэ больш складаным, які называўся “Ужываем”, гульцы тлумачылі сэнс фразеалагізмаў, складалі з імі сказы, падбіралі сінонімы з беларускай ці адпаведнікі з рускай мовы. Пяты, заключны, этап віктарыны “Цытуем” патрабаваў ад удзельнікаў ведаў літаратурных. Каманды павінны былі спачатку прадоўжыць прыказкі, затым – песні і назваць аўтараў слоў і музыкі, а напрыканцы – вершы, успомніць паэтаў і крыху расказаць пра іх.

Аўтарытэтнае журы ў складзе намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Любові Мележ, бібліятэкара Іны Бабровіч, настаўніц-моваведаў Людмілы Кацейка і Людмілы Янкавіч засталося задаволеным вынікамі віктарыны. “Асілкі” і “Волаты” атрымалі ў якасці ўзнагарод прыгожыя закладкі “Размаўляй са мной па-беларуску” і салодкія падарункі. Яшчэ больш цікавым і запамінальным мерапрыемства стала дзякуючы агляду-прэзентацыі навінак сучаснай беларускай літаратуры, які падрыхтавала Антаніна Невярковіч, а таксама вершам і песням, што гучалі ў выкананні вучняў. Самыя яркія ўражанні атрымалі гледачы ад інсцэніровак урыўкаў з п’ес Я. Купалы “Паўлінка” (у ролі артыстаў паспрабавалі сябе Вольга Каляга і Юрый Чырвоны) (на здымку) і М. Чарота “Мікітаў лапаць” (Марыя Масевіч, Карына Курушка і Вадзім Чыкун).

Варта адзначыць, што гэта свята было фінальным у рамках традыцыйнага ў цалкам беларускамоўнай Валкалацкай школе Тыдня роднай мовы. Яно гарманічна дапоўніла шэраг мерапрыемстваў, з любоўю падрыхтаваных вучнямі і настаўнікамі. Надоўга запомняцца завочнае падарожжа “Сем цудаў Беларусі” (наст. А.І. Шылько), пазнавальная гадзіна “Мая душа як ястраб дзікі, што рвецца ў неба, на прастор”, прысвечаная памяці славутага земляка мастака Ф. Ястраба, і музычная гасцёўня “Ён спяваў, як маліўся”, што расчыніла дзверы ў гонар У. Мулявіна (наст. Л.У. Кацейка).

І яшчэ адзін факт. Усе выпускнікі школы пры паступленні ў ВНУ і каледжы выбіраюць менавіта родную мову. Значыць, ёсць надзея, што беларуская мова, якую, да ганьбы нашай, міжнародны фонд ЮНЕСКА ўключыў у спіс знікаючых, будзе жыць і радаваць сваёй мілагучнасцю, вобразнасцю, непаўторнасцю і слоўным багаццем.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *