Аграрники Докшицкого района готовятся к посевной
У гаспадарках раёна поўным ходам ідзе падрыхтоўка тэхнікі да вясенне-палявых работ, пачатак якіх ужо, мякка кажучы, не за гарамі. Галоўная задача, якая стаіць перад аграрыямі, – завяршыць яе да сярэдзіны сакавіка. ААТ “Таргуны” можна па праву назваць адным з лідараў у гэтай справе. Дзякуючы зладжанай дзейнасці інжынернай службы і механізатараў рамонтныя работы не спыняліся ні на дзень. Таму тэхніка своечасова падрыхтавана да якаснай закладкі ўраджаю новага года: рамонт сельгасмашын і агрэгатаў практычна завершаны. Максімум, што маглі ў гаспадарцы зрабіць у гэтым накірунку, выкананы. Зараз “наносяцца апошнія штрыхі”, і ў хуткім часе механізатары прыступяць да першага, вельмі адказнага этапу барацьбы за ўраджай – пасяўной.
– Ужо падчас тэхагляду, які прайшоў 16 лютага, прыкладна 60 працэнтаў нашай тэхнікі было прызнана годнай, – распавядае загадчык майстэрні Ігар Таракан. – На сённяшні ж дзень у нас у “баявой” гатоўнасці 8 плугоў ППО-8-40, 8 чызеляў КЧ-5,1, 2 дыскатары, 2 пасяўныя агрэгаты “Мега”, 2 – АПП-6Д. Трэці рамантуецца, і засталіся дробязі. Думаю, мы стопрацэнтна будзем падрыхтаваны да наступнага тэхагляду, які пройдзе 16 сакавіка.
Ігар Васільевіч ахвотна праводзіць экскурсію па мехдвары, дзе кіпіць работа. На тэрыторыі, куды ні кінеш вокам, – чысціня і парадак. Тэхніка, як новенькая, стаіць на лінейцы гатоўнасці. Машынны парк гаспадаркі даволі вялікі. Акрамя пералічанага, у поле выйдуць 20 трактароў МТЗ-1221, 8 энерганасычаных МТЗ-3022 і 2 – МТЗ-3522. Практычна ўсе неабходныя работы выконваюцца сваімі сіламі. Па-першае, гэта не так затратна. А па-другое, кожны работнік ліквідуе паломкі акуратна і старанна, каб у гарачы час пасяўной не давялося выпраўляць свае недапрацоўкі. Рамонт праводзіцца ў асноўным за ўласныя сродкі гаспадаркі. Штат майстэрні загадчык лічыць укамплектаваным. Даводзіць да ладу “жалезных коней” механізатарам дапамагаюць два зваршчыкі і тры токары. Валы, балты, гайкі, шасцярні, ступіцы – гэта іх работа, а для сельгасарганізацыі – эканомія грашовых сродкаў. Слесары Павел Кішэня і Уладзімір Пяцько (здымак 1) падчас нашага наведвання шчыравалі каля пасяўнога агрэгата АПП-6Д, ліквідавалі апошнія дробныя недахопы. А знакамітага Вячаслава Аніковіча мы засталі за рамонтам ужо кормаўборачнай тэхнікі! Сяргей Ралавец ганарыцца цалкам гатовым да работы пасяўным агрэгатам “Мега”, а Андрэй Рудзько завяршае падрыхтоўку плугоў (здымак 2). Украінец Віталь Масіенка (здымак 3), ураджэнец Данецкай вобласці, які “прыжыўся” ў Таргунах і стаў сваім, дэманструе даведзены ім да ладу пасяўны агрэгат “Амазона-6001”:
– Засталося памяняць пару насеннеправодаў, змазаць – і можна сеяць, – гаворыць Віталь. – Але планую спярша крыху папрацаваць з плугамі: трэба ж завяршыць пад’ём зябліва.
Адна сеялка ўжо працуе на палетках – механізатар Аляксандр Малюжанец падсявае шматгадовыя травы.
Аглядаючы мехдвор, нельга было не звярнуць увагу на тое, якімі хуткімі тэмпамі вядзецца будаўніцтва арачніка для тэхнікі. Зараз у будынку засталося толькі ўставіць вокны, зрабіць асвятленне, правесці ацяпленне – і яго можна будзе ўводзіць у эксплуатацыю.
Хутка вясна пакліча хлебаробаў у поле. Можна спадзявацца, што ў ААТ “Таргуны” пры наяўнасці дастатковай колькасці паліва пасяўная кампанія пройдзе якасна і ў аптымальныя тэрміны.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.