Докшицкий отдел РУПС отпраздновал 20-летие Витебского филиала РУП «Белпочта» (+фото)

IMG_65251 красавіка работнікі Докшыцкага раённага вузла паштовай сувязі падрыхтавалі спецыяльнае мерапрыемства, якое было прымеркавана да 20-годдзя Віцебскага філіяла РУП “Белпошта”. У гэты дзень наведвальнікаў пошты сустракалі ўсмешлівыя, па-святочнаму апранутыя дзяўчаты, якія запрашалі паўдзельнічаць у тэматычнай віктарыне. Пытанні дапамагалі не толькі прадэманстраваць сваю эрудыцыю, але больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй пошты і яе сённяшнім днём. Напрыклад, нямногія ўдзельнікі віктарыны ведалі, якога колеру былі касцюмы паштальёнаў Беларусі ў ХVIII стагоддзі. Аказваецца, зялёнага. Напэўна, адным з лёгкіх было пытанне наконт голуба – птушкі, якая з даўніх часоў з’яўляецца сімвалам паштовай сувязі. Незалежна ад правільнасці адказаў кожны атрымаў падарунак.

Таксама ў фае была разгорнутая выстава-продаж: ад канвертаў і паштовак да спажывецкіх тавараў, якія рэалізуе пошта. Тут жа прапаноўвалі аформіць падпіску на любое выданне. Дарэчы, пры падпісцы на такія газеты, як “Звязда” і “Рэспубліка”, можна было атрымаць спецыяльны сувенір: блакнот, бірульку ці майку з лагатыпам выдання.

Спецыяльная праграма чакала дзетак, якія прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў пра пошту. Ім прапанавалі адказаць на тэматычныя загадкі. Задаволеная малеча наперабой выкрыквала адгадкі, некаторыя з якіх павесялілі прысутных. І вось урачысты момант, калі намеснік начальніка Докшыцкага РУПС Вольга Арпуховіч назвала імёны юных мастакоў, малюнкі якіх перамаглі ў творчым конкурсе. Грамату за першае месца атрымала пяцікласніца СШ № 2 г. Докшыцы Віялета Будзько, якая вельмі прыгожа паказала паштальёна Печкіна. За незвычайны верталёт, які дастаўляе пошту, другое месца аддалі другакласніцы той жа школы Дар’і Багдановіч. Трэцяе месца ў «паштальёна», якога васковымі крэйдамі намалявала трэцякласніца СШ № 1 г. Докшыцы Люба Савулава. Падзякамі былі адзначаны самы крэатыўны малюнак трэцякласніка СШ № 1 г. Докшыцы Арцёма Казлова і ўдзел у конкурсе самай юнай мастачкі – першакласніцы гэтай жа школы Веры Савулавай.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *