Илья Григорович к дружбе относится ответственно

IMG_6957Прыязная ўсмешка і трапныя жарты капітана каманды КВЗ “Дэбош” падчас фінальнай сустрэчы фестывалю школьнай сатыры і гумару прымусілі пазнаёміцца з ім бліжэй. Але па-за сцэнай да Ільі Грыгаровіча было не падступіцца: сябры і аднакласнікі абступілі яго шчыльнай сцяной. Кожны асабіста спяшаўся павіншаваць каманду гумарыстаў з СШ № 2 г. Докшыцы з перамогай. Тут жа юнак трапіў у абдымкі мамы і бабулі.

– Малайчына, мы за цябе вельмі рады, – далі сваю адзнаку выступленню блізкія яму людзі.

– Я ж не адзін! Са мной – верная каманда! – тут жа зазначыў Ілья.

Да сяброўства адзінаццацікласнік Ілья Грыгаровіч адносіцца вельмі трапятліва і адказна. Як кажа ён сам, сапраўднага сябра цяжка знайсці. У кожнага чалавека павінен быць той, хто выслухае, зразумее, падтрымае, калі трэба, і пакрытыкуе. Адзінота нікому не ідзе на карысць. А таму сваіх сяброў ён перш-наперш паважае і цэніць. Яшчэ адно галоўнае правіла, з якім юнак ідзе па жыцці, – менш слоў, больш спраў. Напэўна таму ён яшчэ з малодшых класаў заслужыў аўтарытэт і ў школе, і па-за ўстановай адукацыі. Ні адно мерапрыемства СШ № 2 не абыходзіцца без яго ўдзелу. Ён не толькі вядучы, але і памочнік у любой справе. Вакол сябе заўсёды ўмее арганізаваць іншых юнакоў і дзяўчат. Арганізатарскія здольнасці Ільі як члена школьнай пярвічкі ГА “БРСМ” запрыкмецілі, і ў гэтым годзе ён узначаліў моладзевую палату пры райсавеце. Цяпер ён “на падхопе” на рознага кшталту раённых мерапрыемствах.

Зразумела, што адзінаццацікласніку больш трэба задумвацца пра вучобу, бо не за гарамі час заканчэння школы і паступлення ў ВНУ. Ілья – пастаянны ўдзельнік раённых алімпіяд. Па такіх дысцыплінах як гісторыя і грамадазнаўства ў яго заўсёды станоўчыя вынікі. Знаходзіцца месца ў яго жыцці і спорту: сяброўскія сустрэчы часта адбываюцца на футбольным полі.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *