Жители Докшицкого района присоединились к республиканскому субботнику (+фото)
У мінулую суботу жыхары раёна дружнай талакою далучыліся да рэспубліканскага суботніка.
Здавалася, сама прырода дапамагала людзям у іх калектыўнай працы: на змену папярэднім пахмурных дням усталявалася сонечнае надвор’е. У райцэнтры і яго ваколіцах работы вяліся па добраўпарадкаванні паркаў, вуліц, тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый. Прыбіралі могілкі, прыдарожныя палосы і лясныя масівы, бялілі дрэвы, праводзілі выкарчоўванне на сельскагаспадарчых землях. Як пчолкі, шчыравалі дзеці і настаўнікі. Напрыклад, вучні і педкалектыў СШ №2 г. Докшыцы навялі парадак як на даволі вялікай школьнай тэрыторыі, так і вакол яе. Многія арганізацыі выехалі ў межах суботніка на замацаваныя за імі тэрыторыі населеных пунктаў, дзе заўсёды рады шэфскай працоўнай руцэ. Людскому рэсурсу дапамагала тэхніка арганізацый.
Шматлюдна было і на тэрыторыі мемарыяла ў Шунеўцы, дзе працавалі дзяржслужачыя. Былі абноўлены кветнікі, добраўпарадкавана тэрыторыя ўсяго мемарыяла.
Паводле аператыўных дадзеных аддзела эканомікі райвыканкама ўдзел у агульнай добрай справе прынялі каля 7 тысяч чалавек. На суботніку было зароблена 206,8 мільёна рублёў, выраблена прадукцыі на 89 мільёнаў, аб’ём падрадных работ склаў 25,6 мільёна рублёў.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.
***
Актыўны ўдзел па навядзенні парадку на зямлі падчас рэспубліканскага суботніка прынялі жыхары Крыпульскага сельсавета. У гэты дзень прылады працы ў рукі ўзялі 98 чалавек – гэта не ўлічваючы тых, хто быў заняты абуладкаваннем могілак.
Работа кіпела ў 9-і вёсках. У Паўночным Гняздзілаве Докшыцкае лясніцтва выразала кустоўе. Работнікі МНС у складзе сямі чалавек разбіралі старую хату.
У Крыпулях, па вуліцы Цэнтральнай, сіламі райаграсэрвіса наводзіўся парадак ля апусцелых дамоў. Дэсант з работнікаў сельвыканкама, школы і Дома культуры займаўся абуладкаваннем дзіцячай пляцоўкі, бібліятэкары працавалі ля помніка воінам-землякам. З выразкай кустоўя і здзічэлых садоў у Паўднёвым Гняздзілаве спраўляліся работнікі ААТ “Гняздзілава-Агра”. З несанкцыянаванымі звалкамі – ветстанцыя.
Таццяна
ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.
****
Жыхары Валкалацкага сельсавета заўсёды славіліся сваім імкненнем да чысціні і парадку: у дамах, на панадворках, на вуліцах, на палях і пры дарогах – паўсюдна. Тым не менш стыхійныя звалкі то тут, то там узнікаюць. Ды і колькасць жыхароў у тым узросце, што патрабуе дапамогі ў справе падтрымання чысціні, узрастае. Таму на суботнік выйшлі дружна прадстаўнікі ўсіх арганізацый: работнікі культуры, участковай бальніцы, школы, дзіцячага садка, сувязісты і электрыкі, сацработнікі і пажарныя, проста жыхары вёсак, якім неабыякава, як выглядае іх населены пункт. Надвор’е паспрыяла, і работа кіпела ў Валкалатах і Шыльках, Станіслаўцах і Гарадзішчы, Свіркаўшчыне і Ракітаўшчыне… Безумоўна, за некалькі суботнікаў навесці парадак у вёсках, асабліва маланаселеных, і падтрымліваць яго немагчыма. Таму варта адзначыць, што работы па добраўпарадкаванні на тэрыторыі сельсавета вядуцца няспынна. І гэта дае свой станоўчы вынік.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.