Последние звонки прозвучали в Докшицком районе (+фото)

IMG_1658У панядзелак на Докшыччыне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя апошняму школьнаму званку. Сёлета ён прагучаў для 2443-х навучэнцаў раёна, у іх ліку 154 адзінаццацікласнікі.

Гэты дзень па традыцыі кожная навучальная ўстанова адзначае па-свойму, але заўсёды з незлічонай колькасцю кветак, наказамі педагогаў і бацькоў і … са слязьмі на вачах у выпускнікоў. Так, ім прыйшоў час развітацца са школай і настаўнікамі, якія за 11 гадоў паспелі стаць роднымі людзьмі.

Святочную праграму 30 мая падрыхтавалі і ў Парплішчанскай сярэдняй школе. На ўрачыстую лінейку завіталі госці – старшыня райвыканкама Алег Пінчук, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Парцянка, дырэктар ААТ “Барсучанка” Сяргей Маскалёнак і старшыня мясцовага сельсавета Антон Андрыеўскі.

На школьны дворык пад гукі мелодыі выходзяць школьнікі, сярод іх тыя, для каго праз некалькі імгненняў сапраўды празвініць апошні званок. Гэта выпускнікі Андрэй Далжук і Настасся Плыгаўка, Кацярына Палачаніна і Мікіта Баброўскі, Кацярына Шамшур і Аксана Шарох. Побач з імі – надзейны сябар і дарадца, класны кіраўнік Ганна Саковіч.

Са словамі віншавання звярнулася да дзяцей дырэктар школы Аксана Палачаніна. Яна пажадала дзецям бесклапотных, а галоўнае бяспечных, вакацый, выказала спадзяванні на тое, што веды, якія хлопцы і дзяўчаты атрымалі ў школе, дапамогуць паступіць ім у выбраныя навучальныя ўстановы.

Работу настаўніцкага калектыву разам з вучнямі адзначыў кіраўнік раёна Алег Пінчук. У прыватнасці, ён падкрэсліў высокі працэнт паступлення выпускнікоў у ВНУ. Плённым быў і гэты навучальны год, пра што сведчыць вялікая колькасць разнастайных узнагарод. Алег Леанідавіч, звяртаючыся да будучых абітурыентаў, пажадаў ажыццяўлення ўсіх мар і, канечне, не забываць сваю школу і настаўнікаў.
Парплішчанская школа цесна супрацоўнічае з акцыянерным таварыствам “Барсучанка”. Невялікія сюрпрызы за лепшыя вынікі ў вучобе ў выглядзе грашовага заахвочвання Анжаліцы Бурэнь, Віялеце Сіўцэвіч, Мікіце Палачаніну і Кацярыне Крук уручыў дырэктар гаспадаркі.

Упэўненасць у тым, што былыя адзінаццацікласнікі знойдуць правільную дарогу ў сваім, цяпер ужо дарослым, жыцці выказала іх першая настаўніца Ларыса Ждановіч. На лінейцы шмат гучала вершаў і песень, а таксама парадаў ад бацькоў.

Права даць апошні званок было даручана Андрэю Далжуку, які на сваіх плячах трымаў са званочкам у руках першакласніцу Валерыю Залатуха.

Паляцелі высока ў неба шарыкі, як сімвал загаданых выпускнікамі жаданняў, адгучаў школьны вальс… Для многіх наперадзе летні адпачынак, а для кагосьці – напружаная падрыхтоўка да паступлення ў навучальныя ўстановы. Няхай жа птушка ўдачы абавязкова прыляціць да іх!

Пасля завяршэння лінейкі свята мела свой працяг у актавай зале, дзе адбыўся святочны канцэрт “Парад дасягненняў”.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *