Докшицкий дом ремёсел приглашает на детскую выставку (+фото)
Докшыцкая зямля багатая на таленавітых майстроў – дарослых і дзяцей. Шматлікія іх творы ўражваюць сваёй непаўторнасцю і прыгажосцю, а дзякуючы самой рабоце жывуць народныя традыцыі. Асабліва прыемна, што з задавальненнем вывучаюць розныя віды народнага рамяства, цікавяцца справай нашых продкаў хлопчыкі і дзяўчынкі. Як у іх гэта атрымліваецца, можна ўбачыць на выставе “Цудоўны свет фарбаў”. Яе адкрыццё ў Доме рамёстваў было прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей.
На выставе прадстаўлена больш за 70 работ юных майстроў з шасці школ раёна. Вучні Параф’янаўскай СШ пад кіраўніцтвам таленавітай настаўніцы Вольгі Сазановіч падрыхтавалі калекцыю экспанатаў у тэхніцы фларыстыка. Яркія і прывабныя творы выканалі Валерыя Дут, Яна і Ксенія Забароўскія, Ульяна Кучыц, Ганна Пяцько і Паліна Кальчынская. Шмат цікавых работ прадставіла Парплішчанская СШ, у якой разам з настаўніцай Людмілай Зубаравай захапляюцца народным майстэрствам Анжаліка Бурэнь, Кацярына Крыпчакова, Дар’я Ліпчык і Дар’я Падляшчук. Асабліва хочацца адзначыць Кацярыну Зубараву і Таццяну Гапанёнак, якія на выставе прадставілі работы, зробленыя ў розных тэхніках: вышыўка крыжыкам і стужкамі, бісерапляценне, ласкутнае шыццё.
Вышыванымі пано ўпрыгожылі сцены выставачнай залы Анжэла Краўчонак, Ірына Рамашова, Вікторыя Лісіца і Дар’я Шылко з Барсукоўскай СШ. Пад кіраўніцтвам Ірыны Гільніч дзяўчаты выканалі калектыўную работу ў тэхніцы вузельчыкавага ткацтва. Вельмі цікавыя і яркія творы атрымаліся ў выхаванцаў майстрых-настаўніц дзвюх гарадскіх школ Вольгі Гарбачовай, Ірыны Марковіч і Наталлі Гапанёнак. Не першы год ласкутным шыццём, бісерапляценнем, вышыўкай крыжыкам і стужкамі, фларыстыкай і квілінгам займаюцца Настасся Ліннік, Вольга Вашчонак, Вераніка Шэмель, Аляксей Гапанёнак, Марыя Каляга, Аляксандра Паршута, Настасся Плюта, Марыя Кішэня, Дар’я Шкелка, Юлія Юковіч, Ірына Калбасіч, Сняжана Яфрэменка, Валянціна Красікава.
Уражваюць майстэрствам вырабы з лазы, саломкі, маляваныя пано трайнятак Алены, Валерыі і Настассі Кубар, Лізаветы Каросцік, Златы Яцкоўскай, Арцёма Шчуцкага, Кацярыны Хацкевіч, Дар’і Вайткевіч, Соф’і Ціслёнак, Кацярыны Паваляевай, Ксеніі Кавалёнак і Вікторыі Зубрыцкай. Гэтым дзеткам у гуртках пры Доме рамёстваў сваё майстэрства перадаюць нашы вядомыя народныя майстры Таццяна Гаварцова, Алена Таляронак, Таццяна Марціновіч.
Вырабы, прадстаўленыя на выставе, вельмі прыгожыя, непаўторныя, своеасаблівыя. Каб на свае вочы пабачыць іх хараство і аддаць свой голас за твор, які спадабаўся, завітайце на дзіцячую выставу, якая працягнецца да 30 чэрвеня.
Р. ШЫТАЛЬ,
кіраўнік клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Докша”.