Окна в прошлое
Мы з цікаўнасцю сочым за творчымі крокамі былой выпускніцы Параф’янаўскай СШ Юліі Януковіч, якая зараз з’яўляецца студэнткай Інстытута журналістыкі БДУ. Дзяўчына прыняла ўдзел у конкурсе “Фотаздымак з гісторыяй”, які праходзіць у рэспубліканскай газеце “Звязда”, і стала адной з прызёраў. Прапануем вам, паважаныя чытачы, аповед юнай журналісткі.
Часта гутарым з маёй прабабуляй, Юзэфай Станіславаўнай Гутаровіч, пра мінулае. Гэтыя размовы ніколі не бываюць прадметна-дакладнымі – часцей за ўсё яны ўзнікаюць спантанна. Вось і цяпер гартаем сямейны альбом са старымі здымкамі і спыняемся на некаторых.
На картачцы пасляваенных гадоў – сёстры Будзько каля новай хаты
(здымак 1). Яе купілі на станцыі Будслаў пасля таго, як старая хата ў вёсцы Палессе, што ў Мядзельскім раёне, была спалена немцамі падчас адступлення. «Кожны раз, калі ўзгадваю Палессе, – прызнаецца мне прабабуля Юзэфа, – сэрца абліваецца крывёю. У белы дзень прыйшлі ў нашу вёску фашысты, каб спаліць яе. Падпальвалі праз дзве хаты. Вёска была ўсяго з адной вуліцы, але вельмі доўгай, таму хаты загараліся адна за адной – і нават тое, што мы паспелі вынесці, усё адно было знішчана агнём дашчэнту». Сям’я Станіслава і Францішкі Будзько была вымушана пакінуць родныя мясціны, дзе нарадзіліся ўсе восем дачок. Праўда, трое з іх, Ванда, Яніна і Дануся, памерлі маленькімі, да сталага веку дажылі пяць дзяўчат: Браніслава, Соф’я, Юзэфа і двайняты Казіміра і Ганна.
Браніславу падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы забралі ў лагер. Прабабуля ўзгадвае, што туды дазвалялася дасылаць усяго адзін кілаграм хлеба раз на месяц… Але нават у такіх страшных умовах Броня выжыла, пасля вайны апынулася ў Польшчы, дзе і засталася. Соф’я ўсё жыццё пражыла ў бацькоўскай хаце на станцыі Будслаў разам з незамужняй сястрой Казімірай.
Прабабуля Юзэфа (трэцяя дачка Станіслава і Францішкі, на фота з сёстрамі яна ў цэнтры) нарадзілася ў 1923 годзе. Пра сваё дзяцінства ўспамінае з болем: «Матэрыяльна нашай сям’і жылося нялёгка. У нас быў невялікі надзел зямлі: і бацькі, і дзеці жылі, як той казаў, з мазаля. А каб штосьці зарабіць і не памерці з голаду, мы, яшчэ зусім малыя, хадзілі жаць багатым людзям, наймаліся разам з маці адбываць радоўкі».
Давялося галадаваць сям’і і пасля вайны: дзяўчаты крадком хадзілі на поле збіраць каласы жыта, з якіх потым варылі зацірку… І ўсё ж, узгадвае прабабуля, нягледзячы ні на якія матэрыяльныя цяжкасці, моладзь старалася бавіць час весела. Дзяўчаты ткалі на кроснах ручнікі, абрусы, збіраліся па хатах на вячоркі, спявалі, танцавалі. Цэнтрам збору моладзі была якраз хата Будзько, дзе адна з сясцёр, Ганна, для агульнага задавальнення іграла на гітары і мандаліне (дарэчы, была самавучкай).
Вельмі дапамагала ў жыцці прабабулі тое, што падчас вайны яна навучылася шыць. Урокі давала швачка Ядвіга, якая за год вучобы брала дзесяць пудоў збожжа. Але ў сям’і, якая засталася без бацькі, не было чым плаціць. Але тут Юзэфе пашанцавала: мужу швачкі трэба было дабірацца на працу аж у Вілейку, таму дамовіліся, што ў якасці аплаты ён будзе карыстацца ў сваіх мэтах канём сям’і Будзько. Прабабуля, дарэчы, аказалася вельмі здольнай вучаніцай і праз паўгода пачала ўжо сама зарабляць грошы, выконваючы розныя заказы, якія атрымлівала яе «настаўніца» Ядвіга. З цягам часу жыццё пачало наладжвацца, Юзэфа ездзіла шыць ва ўсе навакольныя вёскі. За пашыў зімовага паліто, напрыклад, ёй давалі пуд жыта. Калі ж, нарэшце, Юзэфа сабралася выходзіць замуж, суседзі гаварылі яе маці: «Ты што, Франуся, робіш? Рухне «фундамент» дома! Без яе ж вы будзеце галадаць». Замуж прабабуля пайшла ў вёску Параф’янава за Людвіга Гутаровіча, які толькі нядаўна прыйшоў з фронту. Маладая сям’я змагла ў пасляваенны час пабудаваць дом, у якім прабабуля жыве і цяпер. А вось мой прадзед пражыў пасля таго нядоўга, пакінуўшы пасля сябе адну дачку ва ўзросце шасці гадоў (Юзэфа з дачкой і мужам на 2-ім здымку). Прабабуля спачатку працавала на палявых работах, а потым – даглядчыцай цялят на ферме, адначасова займаючыся любімай справай. Яна і цяпер часта з усмешкай гаворыць, што «іголка падняла ў людзі».
Сястра Ганна пасля вайны працавала нарыхтоўшчыцай лесу, але не закідвала і свае музычныя заняткі. Казіміра працавала ў саўгасе «Будслаўскі», заўсёды была ў перадавіках, і яе фота не раз упрыгожвалі Дошку гонару. І нават пасля выхаду на пенсію знайшла сабе занятак па душы, скіраваўшы сілы і энергію на дапамогу касцёлу, што ў вёсцы Будслаў.
Напэўна, той моцны падмурак бацькоўскага дома і стаў для сясцёр асновай «імуннай сістэмы» супраць вірусаў зла ў самых розных яго абліччах. І цяпер, слухаючы прабабулю Юзэфу, я дзіўлюся, што, нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні, яна захавала аптымізм, цеплыню душы і любоў да людзей…»