Главной задачей в своей работе мастер из ДРСУ-180 считает содержание дорог на должном уровне

DSC01022Шматгадовая праца Анатоля Шэкі напярэдадні прафесійнага свята была адзначана Ганаровай граматай КУП “Віцебскаблдарбуд”. За плячыма майстра з ДРБУ-180 – 35-гадовы стаж работы ў дарожнай галіне. Штодзённы клопат Анатоля Андрэевіча – утрыманне дарог у належным стане. Зімою гэта своечасовая ачыстка ад снегу, а ўлетку — іх рамонт. У разгар рабочага дня мы сфатаграфавалі дарожнага майстра на вуліцы Маякоўскага ў Докшыцах, дзе яго брыгада аднаўляла асфальт пасля рэканструкцыі сістэмы цеплазабеспячэння.

Мабыць, не варта гаварыць пра вядомае: якасныя і дагледжаныя дарогі – гэта твар любога населенага пункта. І Докшыцкі раён не выключэнне. Калі едзем па роўным асфальце, то нават не задумваемся, колькі сіл і сродкаў укладваюць дарожнікі, каб пастаянна падтрымліваць аўтамагістралі ў належным стане.

– На балансе нашай арганізацыі знаходзяцца 645 кіламетры дарог мясцовага значэння і 122 – рэспубліканскага, – гаворыць начальнік ДРБУ-180 Уладзімір Місачэнка. – Галоўная задача ў нашай рабоце – забяспечыць штодзённы бяспечны, камфортны праезд па дарогах, таму своечасова іх рамантуем і даглядаем.

Многія заўважылі, напэўна, што ўчастак дарогі Замасточча – Дамашкавічы цяпер мае абноўленае асфальтабетоннае пакрыццё працягласцю 3,2 кіламетра. На яго замену было выдзелена каля 300 тысяч рублёў. Тыдзень таму дарожнікі прыступілі да ўкладкі асфальту на тэрыторыі санаторыя “Лясное”. Аб’ект плануем завяршыць да сярэдзіны лістапада.
Сёлета правялі замену асфальту на вуліцах Набярэжная, Урыцкага, Карла Маркса, завулка і вуліцы Піянерскай у Докшыцах. Зараз вядзецца бягучы рамонт гравійнага пакрыцця на дарозе Бягомль – Беразіно.
За 9 месяцаў бягучага года ад рэалізацыі прадукцыі, выкананых работ і паслуг атрымалі прыбытак 1,7 млн рублёў. Па аб’ёмах атрыманай выручкі займаем дзесьці 5-6 пазіцыю сярод галіновых арганізацый у вобласці. Імкнёмся, каб вынікі былі яшчэ лепшыя, бо для гэтага ёсць усё: і кваліфікаваныя кадры, і дысцыпліна, і адладжаны вытворчы працэс.

Нядрэнны прыбытак маем ад выпуску ўласнай прадукцыі. Штогод рэалізуем халодныя сумесі для правядзення ямкавага рамонту. На сённяшні дзень ужо прадалі тысячу тон, што дазволіла зарабіць 100 тысяч рублёў. Рынкі збыту – побач. Нашы пясок і шчэбень купляюць у Мядзелі, Нарачы, не адмаўляюцца ад іх розныя сталічныя фірмы, якія займаюцца будаўніцтвам у раёне. Стараемся развіваць рынкі збыту, актыўна працуем з насельніцтвам, якое можа набыць матэрыялы ў нас, а мы, у сваю чаргу, дапаможам даставіць іх у любы дзень і час.

Калектыў, які налічвае 70 чалавек, працуе стабільна. Кожны работнік заслугоўвае ўдзячнасці. У гэтым годзе ўзнагароды і прэміі за шматгадовую і добрасумленную працу атрымалі галоўны інжынер Мікалай Сіўко, дарожны майстар Анатоль Шэка, вадзіцель Мікалай Андрыеўскі, бухгалтар Зоя Северына, інжынер аддзела кадраў Надзея Страканава, механік Павел Андрыеўскі, трактарыст Павел Міхалевіч, вадзіцель Аляксандр Францкевіч і іншыя работнікі.

Зараз поўным ходам ідзе падрыхтоўка да зімы. На стадыі завяршэння рамонт неабходнай тэхнікі, напагатове знаходзяцца два магутныя МАЗы. Пясчана-солевай сумесі для выкарыстання яе на дарогах рэспубліканскага значэння нарыхтавана ў поўным аб’ёме, для мясцовых пакуль на 80 працэнтаў, але гэта справа некалькіх дзён. Так што справіцца са снежнай зімой, калі такая выдасца, дарожнікі ўжо гатовы.

Таццяна
ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *