Творчество Ирины Сварцевич — предопределено звездами
Загадчык аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Ірына Сварцэвіч на злёце перадавікоў народнай гаспадаркі была адзначана як “Лепшы па прафесіі ў галіне культуры”.
Сваёй любімай прафесіяй Ірына Сварцэвіч абавязана бацьку. Сёння яна з трапятаннем успамінае адзін з зімовых вечароў, калі ён – вядомы на ўсю параф’янаўскую акругу музыка – прынёс дадому цымбалы і сказаў пяцярым дзецям: Будзем вучыцца іграць. Іван Адольфавіч сам быў музыкантам-самавучкай, слыў добрым акампаніятарам, а таму дома яго прапанове не здзівіліся, а з захапленнем сталі спрабаваць авалодаць цікавым і незнаёмым інструментам. Гэта і стала нараджэннем новага творчага калектыву – сямейнага ансамбля народных інструментаў Тумашэвічаў.
Ірына з братам Генадзем ігралі на цымбалах, старэйшая сястра Марына – на бубне, малодшыя Алена і Ала – на шумавых інструментах, тата – на баяне. У такім складзе яны былі жаданымі артыстамі ўсіх канцэртаў, што ладзіліся ў Параф’янаўскім СДК. Часам у выступленнях сямейнага ансамбля ўдзельнічалі і іншыя родныя Тумашэвічаў (зараз не менш вядомыя творчыя людзі Параф’янаўшчыны) – Вікенцій Скараход, Алег Каляга, Віктар Арлоўскі. Калектыў удзельнічаў у абласных і раённых фестывалях мастацкай самадзейнасці, абласным свяце “Сямейныя таленты”. Неаднойчы музыкі-самавучкі ўдзельнічалі ў фестывалі ў Паставах “Звіняць цымбалы і гармонік”, выступалі на “Славянскім базары” ў Віцебску. З прыемных успамінаў і паездка на віцебскае тэлебачанне, на якім здымалі відэасюжэт пра творчую сям’ю з глыбінкі.
У выкананні ансамбля ў асноўным быў народны рэпертуар. Самым жа любімым творам у Ірыны і сёння з’яўляецца вальс “Амурские волны”. Менавіта яго яна падабрала сама на акардэоне – інструменце, якім вельмі хацелася авалодаць, што ўдалося зрабіць, калі паступіла пасля заканчэння школы ў Мінскі каледж мастацтваў. З радасцю вярталася Ірына на малую радзіму, атрымаўшы прафесію арганізатара культурна-адукацыйнай дзейнасці, кіраўніка народнага хору. Вельмі хвалявалася, бо трэба было ўзначаліць Бярозкаўскі СДК.
– Вялікі дзякуй усім, хто быў побач са мной на той момант, хто падтрымаў і адгукнуўся на ўсе мае прапановы, хоць і маладога спецыяліста, – успамінае Ірына. – Вельмі сумую па бярозкаўскіх людзях, па іх шчырасці і адданасці, па іх дабрыні і ветлівасці. Ці свята, ці канцэрт – ніхто ніколі не падвёў.
Дырэктарам Бярозкаўскага СДК яна была 17 гадоў. У 2010-м з сям’ёй пераехала ў Докшыцы. Ірына працавала загадчыкам аўтаклуба, метадыстам. На сённяшні дзень яна з’яўляецца загадчыкам аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці, акрамя гэтага, узначальвае народны клуб нацыянальнай кухні і гульні “Шчадроўка”.
– Наша мама, Ядвіга Вікенцьеўна, некалі працавала ў параф’янаўскай пякарні, – дзеліцца Ірына. – Вельмі часта яна гатавала духмяныя, на дзіва смачныя тарты і пірагі пад заказ. І дома заўсёды здзіўляла нашу вялікую сям’ю сваімі кулінарнымі здольнасцямі – з любой, нават самай простай стравы, рабіла непаўторную смакату – пальчыкі абліжаш! Некаторыя рэцэпты старадаўніх страў з нашага сямейнага стала цяпер захоўваюцца ў “Шчадроўцы”.
Ірына Іванаўна вельмі ўдзячна сваім бацькам: маці навучыла захоўваць сямейныя каштоўнасці, а ад бацькі перадалася любоў да прафесіі. Яе жыццёвае крэда — добрасумленнае выкананне любой справы, прыстойнасць ва ўсім і аптымізм.
– Я шчаслівы чалавек, – сцвярджае Ірына. – У мяне ёсць галоўнае ў жыцці – сям’я. І гэта не толькі мой муж, які ва ўсім разумее мяне, і мае двое дзетак, а і ўсе мае родныя і блізкія, без сустрэчы з якімі не адбываецца ні адно свята. Я рада свайму выбару прафесіі, таму што прадоўжыла справу бацькі. Веру, што ён з нябёсаў назірае за мной і радуецца маім поспехам. З цеплынёй адношуся да любімага калектыву, кожнага члена якога можна назваць сапраўдным сябрам. А што яшчэ трэба для шчасця?
Цікава, што прафесійнае свята штогод амаль супадае з днём нараджэння Ірыны Сварцэвіч. Можна сказаць, што яе прафесію прадвызначылі зоркі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.