Докшичанин пополнил ряды Полоцкого пограничного отряда
У мінулую суботу частка сёлетніх навабранцаў, прызваных на тэрміновую ваенную службу з розных куткоў Беларусі, далі клятву на вернасць Радзіме і атрымалі ганаровае званне абаронцаў Айчыны. Ва ўрачыстым воінскім рытуале прыняў удзел і наш зямляк, дакшычанін Дзмітрый Вязнікаў, які папоўніў рады Полацкага пагранічнага атрада.
У армію Дзіма пайшоў свядома, падрыхтаваў сябе маральна і фізічна. А як жа інакш? Усё сваё жыццё службе Радзіме прысвяціў яго дзед – былы ваенны камісар Пётр Вязнікаў. На абароне краіны і сёння стаіць родны дзядзька-падпалкоўнік. Армія для юнака – новы жыццёвы рубеж і абавязак кожнага мужчыны.
Прыняцце прысягі – хвалюючы момант не толькі для навабранцаў, але і для іх бацькоў. Каб падтрымаць Дзіму ў такі адказны дзень, на ўрачыстасць з’ехалася шмат сваякоў.
httpv://www.youtube.com/watch?v=oBo6cGQxAqM
– У якім складзе праводзілі яго на службу, у такім сабраліся і на прысягу, – распавяла маці байца Вязнікава Таццяна Міхайлаўна. – Асабіста мяне падчас воінскага рытуалу ахоплівала неабсяжнае пачуццё гонару за сына. Уразілі змены, якія адбыліся ў яго характары і паводзінах за месяц: ён стаў больш адказным, дысцыплінаваным. Падчас знаёмства з бытам салдат звярнула ўвагу на акуратненька складзенае адзенне і засланыя ложкі. Па-майстэрску падшытыя падкаўнеркі нагадалі пра тое, як дзень вучыла Дзіму завязваць вузельчык на нітцы, а сёння ён ужо сам можа даваць майстар-клас. Вельмі парадавала і тое, што навабранцы з лёгкасцю пасябравалі між сабой: вельмі важна, калі ў цяжкую хвіліну побач з табой ёсць надзейнае плячо таварыша.
Асабліва спадабалася нам сама ўрачыстасць, падчас якой быў паказаны рытуал прыняцця прысягі воінамі мінулых гадоў. Пагранічнікі прадэманстравалі выступленне байцоў-рукапашнікаў, затрымку парушальнікаў мяжы кінолагамі са службовымі сабакамі і службоўцамі спецыяльнага падраздзялення. Прыемна ўразіла дэфіле ваеннага аркестра Полацкага пагранічнага атрада. Нават навабранцы, у складзе якіх быў і Дзіма, паказалі сваё валоданне страявымі прыёмамі.
Па размеркаванні Дзмітрый Вязнікаў працягне службу ў Смаргонскім кіналагічным цэнтры, у якім, як аказалася, сустрэнецца са сваім докшыцкім сябрам Аляксандрам Малюжанцам.
Напрыканцы важнага дня для наваспечаных абаронцаў Айчыны адбылося першае ў іх воінскай службе звальненне.
НА ЗДЫМКУ: абаронца Айчыны Дзмітрый Вязнікаў з бацькамі і дзядулем пасля ўрачыстага мерапрыемства.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.