Ученики Крулевщинской СШ прошли пешком от Бегомля до Хатыни
Яшчэ не паспелі забыцца ўражанні пра насычанае падзеямі турыстычнае лета, а душы юных краязнаўцаў патрабуюць новых. У крулеўшчынскіх школьнікаў не было сумнення ў тым, як і дзе правесці восеньскія канікулы. Безумоўна, у чарговай вандроўцы. І хоць надвор’е ўнесла ў іх планы невялікія карэктывы, але гэта не перашкодзіла дасягнуць пастаўленай мэты, бо юныя турысты-краязнаўцы вырашылі аддаць даніну памяці і сардэчнай удзячнасці тым, хто цаной надзвычайнага гераізму і мужнасці, велізарных ахвяр і страт выратаваў нашу Радзіму ад фашызму.
За пяць дзён вучні адолелі маршрут ад Бягомля да Хатыні. На мемарыяльным комплексе яны адшукалі помнік роднай Шунеўцы і ўшанавалі загінулых землякоў хвілінай маўчання.
У гэты раз маршрут, які прапанавалі нам ініцыятыўныя і самыя любімыя настаўніцы Н.У. Рандарэвіч і І.У. Косціна, пралягаў праз тыя месцы, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны найбольш актыўна на барацьбу супраць захопнікаў аб’ядноўваліся народныя мсціўцы. Пачаўся ён з тагачаснай партызанскай “сталіцы” – гарадскога пасёлка Бягомль. Наведалі музей народнай Славы, дзе нас пазнаёмілі з ваеннымі падзеямі ў нашым раёне. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых воінаў, партызан і мірных жыхароў Бягомля, закатаваных нямецка-фашысцкімі акупантамі.
У Жамойску наведалі помнік ахвярам фашызму, сустрэліся з мясцовымі жыхарамі, якія ведаюць падрабязнасці трагедыі, што адбылася ў час правядзення карнай аперацыі “Котбус”, у выніку якой вёска была поўнасцю спалена.
Вёска Кромавічы – радзіма Героя Савецкага Саюза А.І. Чэрныша. На доме, дзе нарадзіўся Аляксандр Іванавіч, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Першую ноч мы правялі ў Бярозкаўскай школе, дзе нас чакаў вельмі цёплы прыём і таварыскі матч па валейболе.
Наступны дзень быў не менш насычаным. Мы пабывалі ў весцы Вілейка, дзе таксама ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сустрэліся з былой малалетняй вязніцай Вольгай Макараўнай Лях, якая падзялілася з намі сваімі ўспамінамі.
Далейшы шлях пралягаў праз вёску Жардзяжжа на мемарыяльны комплекс “Дальва”. Чым бліжэй мы падыходзілі да гэтага месца, тым больш трывожна станавілася на душы.
Спалiў нас вораг чэрвеньскай парою –
Дзядоў, жанчын, падлеткаў i дзяцей.
Даруйце, людзi добрыя, за тое,
Што вас не сустракаем, як гасцей.
Гэтыя словы напісаны на камяні, які стаіць пры ўваходзе на мемарыял. Дальва – апошняя беларуская вёска, якую спалілі фашысцкія нелюдзі за 10 дзён да вызвалення Плешчаніцкага раёна 19 чэрвеня 1944 года. У агні загінулі 44 чалавекі, выратавацца ўдалося толькі аднаму жыхару вёскі – трынаццацігадоваму Мікалаю Гірыловічу. Гэта па яго ініцыятыве і быў створаны мемарыял. Наведаўшы музейную экспазіцыю “Дальва: гераізм, трагедыя, міласэрнасць”, мы вырашылі па-свойму аддзячыць за праведзеную экскурсію. Узброіўшыся лапатамі, шчоткамі і венікамі, з задавальненнем ачысцілі комплекс ад снегу (на здымку).
Пазней быў прыпынак у Акалова. У гісторыка-краязнаўчым музеі гэтага мястэчка ёсць унікальныя экспанаты – партрэты загінулых у Дальве, што былі напісаны мастаком са слоў родных, якія выжылі. Зараз гэтыя работы ўяўляюць вельмі вялікую каштоўнасць.
У школе вёскі Камена,
дзе нам прапанавалі пераначаваць, чакала прыемная сустрэча з нашым земляком, настаўнікам фізічнай культуры і здароўя М.Ю. Апанасевічам. З вялікім задавальненнем у адной камандзе з ім мы згулялі ў валейбол з мясцовымі вучнямі.
У апошні дзень паходу мы накіраваліся да Хатыні. Яшчэ здалёк былі чуваць яе званы. Удар, яшчэ адзін, маўчанне…Холад… Моўчкі зайшлі на мемарыяльны комплекс і адразу трапілі на сімвалічныя могілкі спаленых вёсак. Знайшлі родную Шунеўку. Схілілі галовы каля Вечнага агню. З заміраннем сэрца пастаялі ля сімвалічных калодзежаў, у якія фашысты кідалі дзяцей.
Стомленыя, задуменныя мы вярталіся дадому. Шлях назад быў кароткі: той маршрут, што прайшлі за гэтыя дні, на аўтобусе пераадолелі за пару гадзін. За час падарожжа мы не толькі ўмацавалі сваё сяброўства, набылі новых знаёмых і з карысцю правялі вольны час, а і наглядна, не па падручніку, спазналі адну з самых трагічных старонак гісторыі.
Андрэй Косцін,
Лізавета Юхневіч,
вучні Крулеўшчынскай СШ.