В Прощёное воскресенье для докшичан был организован праздник (+фото)

img_1391На сёмы дзень масленічнага тыдня, у Даравальную нядзелю, для дакшычан традыцыйна было арганізавана свята. Хаця надвор’е не спрыяла забавам: снег і вецер круціліся ў завірусе, але людзі шуткавалі, што гэта апошнія капрызы зімы перад хуткай вясною.

На пляцоўцы перад гарадскім Цэнтрам культуры разгарнулася дзея, у аснову якой лёг выраз “Не ўсё кату Масленіца, будзе і Вялікі пост”. Казачныя героі запрашалі гараджан у забавы, але самай актыўнай была дзятва. Можна было пагрэцца ў танцах пад спевы самадзейных артыстаў. А яшчэ згуляць у “блінныя” латарэю і пін-понг, пакідаць снежкі ў мішэні, пакоўзацца на міні -“лыжах”, пакатацца на кані, запрэжаным у калёсы.

Як і анансавалася, у межах свята адбыўся сямейны конкурс “Нашы бліны – самыя лепшыя”. На выставе-дэгустацыі сем’і: мамы і таты з дзеткамі, бабулямі і сваякамі — прадстаўлялі свае фірмовыя блінкі. Аладкі і наліснікі, у форме трубачак, трохкутнікаў, канверцікаў, мяшэчкаў, кветак, а таксама блінныя гаспадыні, хаткі, бліны з мёдам, варэннем, згушчонкай, тварагом, рыбай, ікрой і іншым начыненнем. Адным словам, журы было з чаго выбіраць, і вынік гэтага выбару наступны. У намінацыі “Блінная кампазіцыя” пераможцай прызнана сям’я Піскуновых з Докшыц (на здымку). За самыя-самыя бліны з начыннем прыз атрымала сям’я Навойчыкаў з райцэнтра. А вось самыя арыгінальныя бліны ў сям’і Калягаў з Параф’янава. Спецыяльны прыз райкама ГА “БРСМ” атрымала сям’я Махонь з Докшыц.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *