Докшицкий сельисполком — лучший в номинации «Местное управление и самоуправление»

img_4301Па выніках дзейнасці ў мінулым годзе Докшыцкі сельвыканкам у намінацыі “Мясцовае кіраванне і самакіраванне” прызнаны лепшым калектывам. З гэтай нагоды яго кіраўніка Анатоля Сценніка мы папрасілі  адказаць на некаторыя пытанні. І ў першую чаргу на тое, як ён – афіцэр міліцыі ў адстаўцы – вырашыў заняць гэту даволі клопатную пасаду. 

– На пенсію па выслузе гадоў выйшаў ва ўзросце, калі дома сядзець яшчэ не да часу, – паведаміў Анатоль Вітальевіч. – Паўгода быў намеснікам дырэктара па рабоце з кадрамі ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, а потым так склалася жыццё, што нечакана нават для сябе апынуўся ў сельскім Савеце. Канечне, шчыра прызнаюся, што калі пачынаў, то не зусім уяўляў той вялікі аб’ём работы, за які зараз нясу адказнасць. Але ў мяне цудоўная каманда, маю на ўвазе кіраўніка справамі Алену Галоўчыц, бухгалтара Таццяну Пярэдня, дэпутацкі корпус і, канечне, старэйшын вёсак. Ад папярэдняга старшыні Ірыны Карандзей спадчыннасць дасталася моцная, арганізаваная. Таму нічога ў сваёй рабоце кардынальна не мяняў, толькі карэкціраваў у адпаведнасці з часам.

– Сельскі Савет – гэта тая ўлада, да якой людзі ідуць у першую чаргу. Таму галоўны абавязак старшыні – работа з насельніцтвам?

– Я тры гады на згаданай пасадзе. Гэта няшмат, лічу, што толькі вучуся гэтай рабоце. Думаю, што працоўны дзень павінен пачынацца з сустрэч з насельніцтвам, размоў з людзьмі. Тады стане зразумелым, у які дом не варта наведвацца, а каму патрэбна дапамога. Магчыма, неабходна накіраваць туды сацыяльнага работніка, а, можа, участковага ці спецыяліста па супрацьпажарнай бяспецы. Калі праблема вырашаецца на месцы, то ніхто не звернецца са скаргай у вышэйшы орган.

– Што найбольш хвалюе вяс­коўцаў? З якімі пытаннямі яны звяртаюцца да вас?

– Абсалютная большасць з іх носіць надзённы характар. Напрыклад, доўга абмяркоўвалі, пакідаць у Камайску стацыянарную краму спажывецкай кааперацыі ці аддаць усю вёску на абслугоўванне аўталаўцы? Адны з вяскоўцаў былі “за”, другія – “супраць”. Спыніліся на тым, што пакуль застануцца абодва віды гандлёвага абслугоўвання. За аўталаўкай — будучыня, але і крама няхай яшчэ працуе. Гэтая гандлёвая кропка засталася адзіным грамадскім месцам, дзе людзі збіраюцца і абмяркоўваюць наспелыя праблемы.

Чырвонабярэзінцы папрасілі замяніць паштовыя скрынкі, бо ў старых пад дажджом зацякалі газеты. Раённае аддзяленне “Белпошта”, куды накіравалі зварот вяскоўцаў, аператыўна яго выканала.

У вёсцы Дубавое паставілі яшчэ адну калонку. Раней у ёй не было неабходнасці, а тут у адну з хат засяліліся людзі, і хадзіць за вадой да бліжэйшай калонкі ім, канечне, далекавата.

– У вёсках з’яўляюцца новыя жыхары?

– Так, і гэта вельмі радуе. У Крыкунах, Антонах узялі некалькі ўчасткаў пад забудову. Прывабны выгляд населеных пунктаў – гэта не апошні фактар, які спрыяе таму, што людзі выбіраюць вёску для месцажыхарства.

– Докшыцкі сельвыканкам мае станоўчы вопыт у рабоце па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Падзяліцеся, калі ласка, ім з нашымі чытачамі.

– Докшыцкі сельсавет прыгарадны. З аднаго боку гэта добра, а з другога – павышаная патрабавальнасць да санітарнага стану населеных пунктаў. Калі казаць пра вопыт, то нічога новага няма: прадуманая сістэма, рацыянальнае выкарыстанне тых рэсурсаў, што маем, і абавязковае выкананне пастаўленай задачы кожным удзельнікам кампаніі. Крыху скарэкціравалі працэс замацавання арганізацый за населенымі пунк­тамі. Напрыклад, за Туркамі быў замацаваны хлебазавод, а ляс­ніцтва – за Пасекамі. Першую вёску перадалі лясніцтву, бо яно ў ёй размяшчаецца, а хлебазаводу аддалі Лапуты, якія знаходзяцца побач з прадпрыемствам. Але, галоўнае, пры пераразмеркаванні ўлічвалі тэхнічныя магчымасці арганізацый. Так, да вузла паштовай сувязі, дзе працуюць практычна адны жанчыны, далучылі РЭС, і зараз гэтыя дзве арганізацыі наводзяць парадак у Камайску. Прыб­ралі дзевяць падмуркаў, знеслі дзве трухлявыя хаты. Дарэчы, у населеных пунктах мы поўнасцю пазбавіліся ад пабудоў з уваленымі стрэхамі, якія выклікаюць найбольш цяжкае ўражанне ад населенага пункта.

Перш узорнай зрабілі вёску Пасекі. Гэты населены пункт у адну вуліцу, да якой з двух бакоў прымыкаюць землі сельгасгаспадаркі. Таму вельмі ўдала атрымалася ўвесці пустыя ўчасткі ў севазварот. Падабаецца працаваць з дырэктарам ААТ “Барсучанка” Сяргеем Маскалёнкам. Ён гаспадар свайго слова і, нягледзячы на складанасці, знаходзіць рэсурсы, каб навесці патрэбны парадак на зямлі, дзе жывуць людзі яго сельгаспрадпрыемства. Сёлетняй вясной заканчваем добраўпарадкаваць Шантары, у перспектыве значацца Пералоі.
Сёлета бяромся таксама за вёскі Восава і Лаці. Праводзіць там культуртэхнічныя работы будзе замацаваная арганізацыя – ААТ “Таргуны”.

Не магу ўтрымацца, каб не пахваліць вытворчы ўчастак Лепельскага МКК. У яго кіраўніка У.І. Хілько неабыякавы падыход да аказання дапамогі падшэфнай вёсцы. У Шантарах і Лацях малаказаводаўцы акультурылі здзічэлыя сады. Потым працавалі ўсюды, дзе патрабавалася іх дапамога.

Вялікім плюсам стала тое, што вываз смецця перадалі РУП ЖКГ — зніклі стыхійныя сметнікі. У Барсуках з’явілася экалагічная сцяжынка ля мясцовага вадаёма. Там высадзілі манчжурскі арэх, паставілі альтанку. За парадкам сочаць вучні Барсукоўскай школы.

– Раскажыце пра сваіх першых памочнікаў у рэалізацыі задач па жыццязабеспячэнні насельніцтва.

– Кіраўніку сельвыканкама не абысціся без дапамогі дэпутатаў і старэйшын вёсак. Напрыклад, зімой перамерзлі воданапорныя калонкі ў вёсцы Касцюкі. Давёў іх да ладу інжынер, дэпутат сельскага Савета Сяргей Лукашэвіч. У Восаве, дзякуючы дэпутату Ігару Касцюку, няма праблем з абкошваннем участкаў ля пустых хат. Вялікую работу па паляпшэнні санітарнага стану сваіх населеных пунктаў, навядзенні парадку на могілках, арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў праводзяць старэйшыны Таццяна Касцюк, Галіна Петрашкевіч, Мікалай Гільчанка, Галіна Пруднікава, Валянціна Казачэнка, Кацярына Лаўцэвіч.

Улада, асабліва мясцовая, заклікана служыць людзям і ўсё магчымае рабіць для іх. Таму і надалей разам з актывам будзем прыкладаць максімум намаганняў, каб сельскія жыхары былі ўпэўнены, што пра іх праблемы дбаюць.

– Дзякуй за інтэрв’ю.
НА ЗДЫМКУ: Анатоль Сценнік у час наведвання в. Лаці гутарыць з яе жыхаркай Марыяй Зубковай.

Тамара Альшэўская.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *