Урок мужества провёл Докшицкий военный комиссариат (+фото)

img_0082Рэспубліканская акцыя “Да абароны Айчыны гатовы!”, якая традыцыйна ладзілася ў РАУС, сёлета перадыслацыравалася ў раённы ваенны камісарыят. Юнакоў 10 – 11 класаў, якія былі запрошаны на сустрэчу, вітала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук. Яна звярнула ўвагу на тое, што кожны прызыўнік павінен загадзя рыхтавацца да службы ў арміі. Гэту выснову падтрымаў і ваенны камісар раёна Віталь Леснічэнка.

– Цяжкасць ці лёг­касць праходжання армейскай службы залежыць ад кожнага з вас, – звярнуўся Віталь Генадзьевіч да прысутных. – Справіцца са службовымі выпрабаваннямі вам дапамогуць добрая фізічная загартоўка і азы, якія выкладаюцца на занятках па дапрызыўнай падрыхтоўцы.

На мерапрыемстве шмат цікавага і карыснага даведаліся старшакласнікі пра паступленне ў ваенныя ВУЗы і навучанне на ваенных кафедрах. Пасля некалькіх хвілін заняткаў па прафарыентацыі ўсіх запрасілі ў калідор ваенкамата, дзе разгарнулася, так бы мовіць, вучэбная кропка. Пад пільным наглядам службоўцаў з ваеннай часці, што ля Заслонава, юнакі трэніраваліся ў зборы і разборы зброі (на здымку), разглядалі ўзоры ўзбраення і абмундзіравання беларускай арміі, знаёміліся з рыштункам паходных рукзакоў, якія потым прымяралі на сабе. І, канечне ж, фатаграфаваліся. Пасля практычнага занятку удзельнікам мерапрыемства прапанавалі праглядзець два фільмы, якія пазнаёмілі старшакласнікаў з вучобай у 72-ім аб’яднаным вучэбным цэнтры і ў Ваеннай Акадэміі.

Напрыканцы сустрэчы ваенны камісар задаў прысутным некалькі пытанняў, якімі праверыў узровень ваенна-патрыятычнай падрыхтоўкі юнакоў.

– Патрыятызм – гэта той фундамент, на якім грунтуецца гатоўнасць кожнага з нас са зброяй у руках абараняць суверэнітэт нашай Рэспублікі, – падсумаваў Віталь Генадзьевіч. – Спадзяюся, што гэта мерапрыемства не прайшло дарэмна і вы дакладна ведаеце адказ на пытанне самому сабе: чаму я іду служыць?

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *