В областном этапе конкурса «Учитель года-2017» победила докшичанка Людмила Лукашевич
Абласны этап конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь – 2017” сёлета стаў знакавым для раёна. Пераможным другім месцам на ім адзначана наша зямлячка, выхавацель ясляў-сада № 3 г. Докшыцы Людміла Лукашэвіч. Дзясяты год тут у ролі добразычлівага памочніка яна перадае малечы свае веды і жыццёвую мудрасць, дабрыню і любоў (на здымку).
На пытанне, у чым сакрэт яе поспеху, Людміла Вячаславаўна адказала не раздумваючы:
– У любові да абранай прафесіі. Функцыя выхавання дзяцей у жанчын закладзена ад нараджэння, а таму лічу, што педагог – найлепшая прафесія для прадстаўніц слабага полу.
Памятаю, як яшчэ малой дзяўчынкай заўсёды малявала сябе выхавацелем ці настаўнікам. Мара здзейснілася.
Полацкі педагагічны каледж імя Ф. Скарыны Людміла закончыла з чырвоным дыпломам. Першым месцам працы стаў дзіцячы сад у Бягомлі. Пасля – Бярозкаўскі. З удзячнасцю яна ўспамінае калектыў Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната. У гэтай навучальнай установе Людміла напрацоўвала вопыт выхавацеля каля дзесяці гадоў. Завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў БДПУ імя М. Танка. Са з’яўленнем аднаго за другім сыноў стала цяжкавата дабірацца на работу, а таму пачала шукаць месца ў родных Докшыцах. Так уладкавалася ў яслі-сад у райцэнтры.
– Сёлета каля мяне растуць і мужнеюць дваццаць два даверлівыя і добрыя чалавечкі. Кожны з іх яркі, індывідуальны, таленавіты і самы-самы. Каб яны адчувалі ўва мне сябра, стараюся быць з імі на роўных. Трэба пабегаць, паскакаць – бегаю і скачу, папесціцца – ніякіх праблем. Гэта ж дзеці.
– А як жа можна перакрычаць гэтыя дваццаць два звонкія галасы?
– А навошта перакрыкваць? Трэба чымсьці захапіць, завабіць, – усміхаецца выхавацель. – Тым больш, што ў мяне ёсць найлепшы памочнік – Марына Андрыеўская, з якой разам выхоўваем няўседлівых чамучак.
У адукацыйнай дзейнасці Людміла Вячаславаўна карыстаецца сучаснымі тэхналогіямі. Напрыклад, вельмі любяць хлопчыкі і дзяўчынкі заняткі з палачкамі Кюізенера, з дапамогай якіх ахвотна знаёмяцца з законамі матэматыкі.
Вялікую ўвагу надае выхавацель вывучэнню правілаў пажарнай бяспекі. Сваім вопытам па гэтай тэме Людміла Вячаславаўна дзялілася як на фінале раённага, так і ў суперфінале абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь – 2017”.
– Гэту перамогу лічу не асабістай, а каманднай, – зазначае Людміла. – На раённым мерапрыемстве побач са мной былі калегі. У вобласці мяне падтрымлівалі метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ала Туз, намеснік загадчыка сада Валянціна Яцкевіч і выхавацель Тэрэса Марцінкевіч. Разам вывучалі сучасную методыку, прадумвалі планы, складалі сцэнарыі выступленняў, манціравалі прэзентацыі.
Невыпадковасць удзелу ў конкурсе менавіта Людмілы Лукашэвіч падкрэслівае загадчыца дашкольнай установы Жанна Ганус.
– Людміла – ініцыятыўная, лаяльная, таленавітая, акуратная, камунікатыўная і вельмі адказная, – адзначае Жанна Анатольеўна. – Яна ў любой справе знаходзіць нейкую іскрынку, і гэта неардынарнасць прыцягвае дзяцей і бацькоў. Як вынік – пастаяннае напаўненне груп.
Любыя цяжкасці, выпрабаванні і іспыты лягчэй пераадольваць не ў адзіноце. Таму перамогу лічыць заслугай і сваёй сям’і, якая з’яўляецца для яе надзейным тылам і наймацнейшай падтрымкай.
Тэкст и фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.