В Докшицком районе за звание «Лучший по профессии» боролись шесть соцработников

На мінулым тыдні шэсць сацыяльных работнікаў на раённым конкурсе прафесійнага майстэрства змагаліся за званне “Лепшы па прафесіі”.
Мерапрыемства праходзіла ў два дні: напярэдадні фінальнага конкурсу журы ацаніла панадворкі падапечных канкурсантаў, кожны з якіх меў адметную назву.

Ад “Гаспадынькі” да “Утульнага”

Каб уразіць журы Таісія Несцяронак падвор’е сваёй падапечнай Дануты Ястраб у Станіслаўцах упрыгожыла саматканымі рэчамі бабулі. Цікавай і адметнай кампазіцыяй выглядалі пучкі кмену на плоце. У гэтай жа вёсцы адбылося знаёмства з яшчэ адной удзельніцай конкурсу – Людмілай Маланковай. Больш за 20 гадоў яна дапамагае па гаспадарцы Таццяне Шабан. Пра тое, што Таццяна Мікалаеўна – былы біёлаг, гаварыў расквечаны шматлікімі раслінамі двор. У Анатолія і Галіны Ляўко з Заборцаў, якіх даглядае Святлана Пашкевіч, вазамі для букетаў з рамонкаў і васількоў сталі гумовыя боты, а на калёсах ля хаты ўсядалі баба з дзедам, зробленыя з чурак. Вязанымі дыванамі, вышыванымі ручнікамі і духмянымі блінамі сустракалі камісію ў Бярозаўцы гаспадар сядзібы Часлаў Надольскі і ўдзельніца конкурсу Ларыса Стадольнік, якая перамагла ў намінацыі  “Лепшы панадворак”. Гасцінна прыняла членаў журы Галіна Мяшко ў Крулеўшчыне і амаль з парогу пачала нахвальваць сваю памочніцу Іну Каляга. Яна дзякавала сацработніку за яе акуратнасць, увагу, бездакорнае выкананне абавязкаў і пастаянны добры настрой. У Докшыцах на панадворку Ліліі Кокар журы чакаў канцэрт, які ў падтрымку каляжанкі Галіны Лініч арганізавалі іншыя сацыяльныя работнікі.

(Злева направа) сацыяльныя работнікі Галіна Лініч, Ларыса Стадольнік, Людміла Маланкова, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі ТЦСАН на даму Данута Лявоха, Таісія Несцяронак, Іна Каляга і Святлана Пашкевіч пасля ўзнагароджання.

(Злева направа) сацыяльныя работнікі Галіна Лініч, Ларыса Стадольнік, Людміла Маланкова, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі ТЦСАН на даму Данута Лявоха, Таісія Несцяронак, Іна Каляга і Святлана Пашкевіч пасля ўзнагароджання.

Візітоўка з фантазіяй

Другі этап конкурсу сабраў удзельнікаў і заўзятараў у канцэртнай зале ГЦК. Адкрыла мерапрыемства начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Тулоўская, якая падзякавала канкурсантам за ўдзел у мерапрыемстве.
Першае заданне – візітоўка. Сацработнікі загадзя падрыхтавалі эсэ з фотапрэзентацыямі, у якіх распавялі пра сваю работу.
– Сацыяльная праца – не прафесія, а стан душы, – пранікнёна распавядала Святлана Пашкевіч. Яе выступленне на роднай мове гучала меладычна і напеўна, што адзначылі не толькі журы, але і ўсе, хто быў у зале. Іна Каляга, акрамя асноўнага задання, прыдумала яшчэ эмблему і нават падрыхтавала мадэлі адзення для сацыяльнага работніка, прадэманстраваць якія ёй дапамагла група падтрымкі.
Самым галоўным заданнем быў конкурс “Эрудыт”, падчас якога правяраліся тэарэтычныя веды канкурсантаў.
Розныя работы ўдзельніц, прадстаўленыя ў намінацыі “Мае таленты”, упрыгожылі аднайменную выставу, аформленую ў зале. Іна Каляга вылучылася і тут: зноў жа з групай падтрымкі яна праспявала вясёлыя жартоўныя прыпеўкі пра прафесію сацработніка.
Пакуль журы выяўляла пераможцу, гледачы з задавальненнем падпявалі мясцовым артыстам. І вось урачысты момант узнагароджання. Самай эрудзіраванай па агульнай колькасці набраных балаў аказалася Галіна Лініч. У намінацыі “Талент” узнагароджана Людміла Маланкова. Трэцяе месца ў конкурсе “Лепшы па прафесіі” заваявала Таісія Несцяронак, другое – Святлана Пашкевіч. Па выніках конкурсу лепшай па прафесіі стала Іна Каляга, яна ж атрымала дыплом у намінацыі “Візітоўка з фантазіяй”.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *