1 декабря — Всемирный день борьбы со СПИДом
Сусветны дзень барацьбы са СНІДам праводзіцца ва ўсім свеце з 1988 года. Сёлетняя кампанія праходзіць пад дэвізам “Маё здароўе, маё права” і заклікана нагадаць людзям пра тое, што іх права на здароўе – гэта штосьці большае, чым проста доступ да якасных медыцынскіх паслуг і лекавых прэпаратаў.
На 1 лістапада 2017 года ў Рэспубліцы Беларусь пражывае больш за 18 тысяч чалавек з ВІЧ-станоўчым статусам. За ўвесь перыяд назірання ў нашай краіне зарэгістравана 24164 выпадкі ВІЧ-інфекцыі, з іх 1946 – за 10 месяцаў бягучага года.
Актывізацыя палавога шляху перадачы ВІЧ-інфекцыі на працягу апошніх гадоў сведчыць пра тое, што людзі альбо не ведаюць пра меры прафілактыкі інфекцыі, альбо грэбуюць імі, спадзяючыся, што інфекцыя мае адносіны толькі да пэўных груп насельніцтва. Часцей за ўсё яна выяўляецца ва ўзроставай групе 40 гадоў і старэй.
У Віцебскай вобласці зарэгістравана 1289 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Сёлета з пачатку года былі выяўлены 93 новыя. За перыяд назірання з 1987 па 2017 гады ўдзельная вага асоб, інфіцыраванне якіх адбылося палавым шляхам, складае 82,5 працэнта (1064 чалавекі). Важным складнікам прафілактычных умяшальніцтваў на сучасным этапе з’яўляецца своечасовае тэсціраванне, паколькі ранняя дыягностыка ВІЧ-інфекцыі садзейнічае больш эфектыўнаму лячэнню, павышэнню якасці жыцця людзей, якія жывуць з ВІЧ, і памяншэнню фактараў рызыкі перадачы яго іншым. У рамках кампаніі “Датычыцца нават тых, каго не датычыцца” ў Рэспубліцы Беларусь праходзіць актыўны заклік да тэсціравання на ВІЧ. Для гэтага ў аптэчнай сетцы Гомельскай вобласці і ў Мінску ўжо рэалізуюцца экспрэс-тэсты для саматэсціравання па сліне. Усім ВІЧ-пазітыўным пацыентам назначаецца спецыфічнае лячэнне і бясплатна прадстаўляюцца лекавыя сродкі для антырэтравіруснай тэрапіі. Колькасць такіх пацыентаў на сённяшні дзень складае 9990 чалавек, з іх 206 – дзеці ва ўзросце да 14 гадоў. Людзі, у якіх выяўлена інфекцыя, пры своечасовым лячэнні і захоўванні прадпісанняў урача могуць доўга і паўнацэнна жыць. Трэба адзначыць, што наша краіна дасягнула значных вынікаў у галіне прафілактыкі перадачы ВІЧ ад маці да дзіцяці. У мінулым годзе ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку Пастаяннаму прадстаўніку Рэспублікі Беларусь было ўручана пасведчанне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якое афіцыйна пацвярджае, што ВІЧ-інфекцыя ад маці да дзіцяці не перадаецца. Сёлета ў краіне нарадзілася адно дзіця з ВІЧ-інфекцыяй.
Падрыхтавала
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.