Ирина Шилёнок из Докшицкого района успешно осваивает профессию техника-осеменатора
У прафесіі тэхніка-асемянатара, вядома, рамантыкі мала, але менавіта яна ў жывёлагадоўлі на асобным уліку: ад вынікаў штучнага асемянення кароў залежаць будучыя ацёлы, а значыць, і ўзнаўленне статку, і яго прадукцыйнасць. Каб вынікі гэтыя былі добрыя, трэба шмат ведаць і ўмець.
Ірына Шылёнак (на здымку) працуе тэхнікам-асемянатарам на малочнатаварных фермах “Свіркі”, “Юркаўшчына”, “Ветахмо” і “Бярозаўка” ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” першы год. Тым не менш у жывёлагадоўлі яна чалавек не новы, мае пяцігадовы стаж аператара машыннага даення кароў. Да справы сваёй Ірына заўжды адносілася адказна, таму і вынікамі станоўчымі магла пахваліцца: у сярэднім ад каровы надойвала па чатыры тысячы кілаграмаў малака. Калі кіраўніцтва прапанавала асвоіць новую прафесію, пагадзілася без сумненняў: пэўны вопыт ужо меўся, а курсы пры Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны далі неабходныя веды.
– Фізічная нагрузка, канешне, стала крыху меншай, чым тады, калі працавала даяркай, – дзеліцца Ірына Антонаўна. – Затое адказнасць вельмі вырасла. Разумею, што ад маёй працы залежыць многае: і эканамічны прыбытак гаспадаркі, і зарплата жывёлаводаў, паколькі ўсё гэта звязана з павелічэннем вытворчасці малака. Таму стараюся, вучуся, пераймаю вопыт. Дапамагаюць мне і тэхнік-асемянатар Наталля Дзямідчык, якая зараз працуе на МТК “Альхоўка”, і ветурач, і заатэхнік, і загадчыкі фермаў. З жывёлаводамі стараюся знайсці паразуменне – мы ж усе робім адну справу, кожны ў сваім звяне.
Раненька яна ўжо на рабоце, спяшаецца на фермы перад вячэрнім даеннем. Усё распланавана літаральна па хвілінах. Кароў трэба агледзець і правесці штучнае асемяненне тых, што прыйшлі ў ахвоту, да пачатку дойкі. Сачыць за станам жывёлін ад ацёлу да наступлення перыяду цельнасці, праводзіць адпаведныя мерапрыемствы, каб атрымаць здаровых цялят, кантраляваць якасць семяннога матэрыялу, правядзенне прагулак, весці неабходную дакументацыю.
Асноўны паказчык, па якім ацэньваецца работа тэхніка-асемянатара, – выхад цялят на 100 кароў. Ірына Антонаўна з нецярпеннем чакае першых вынікаў сваёй дзейнасці на новай пасадзе, спадзяецца, што яны будуць нядрэннымі.
– Не шкадую, што ўзялася за гэту справу, – гаворыць яна. – Радуюся кожнаму народжанаму цяляці як якаснаму выніку сваёй работы.
Хочацца дадаць, што гэтую мілавідную маладую жанчыну па фотаздымку, мабыць, узгадаюць многія чытачы як удзельніцу вядомага ў раёне народнага вакальнага ансамбля “Землякі”.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.