«Проблемы нельзя оставлять на потом» — считает доктор-депутат из Докшицкого района

izobrazhenie-005З загадчыцай Параф’янаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, дэпутатам мясцовага сельскага Савета дэпутатаў Людмілай Зорычус дамовіліся сустрэцца на яе рабочым месцы. Але ж артыкул пра Людмілу Анатольеўну можна было падрыхтаваць і не размаўляючы з гераіняй. Чакаючы, пакуль доктар закончыць прыём, разгаварылася з пацыентамі. Два мужчыны наперабой пачалі прыгадваць выпадкі з жыцця, калі сельскі ўрач у любы дзень і час сутак прыходзіў на дапамогу ім, іх сваякам і іншым людзям. Калі Людміла Анатольеўна запрасіла мяне ў кабінет, субяседнікі заперажывалі, што не паспелі ўсё раска­заць. Паабяцала пра астатняе распытаць сама.

Пачынаю з парога:
– Людміла Анатольеўна, у вас вялікі ўчастак, прыём, адміністрацыйных спраў хапае, як вы ўжо трэцяе скліканне запар спраўляецеся яшчэ і з дэпутацкай работай?
Мы сустрэліся з доктарам позіркам, яна ўсміхнулася, задумалася на некалькі секунд, за якія твар яе стаў сур’ёзным і філасофска-ўдумлівым:
– Ніколі не засяроджвала на гэтым увагі. У мае абавязкі ўваходзіць раз у месяц наведаць пацыентаў у кожнай з амаль двух дзясяткаў вёсак сельсавета. Пакуль знаходзішся ў хаце, займаешся не толькі медаглядам. Людзі паспяваюць расказаць пра многае: ад асабістай тугі і адзіноты да бытавых пытанняў. У адных не працуе тэлефон, у іншых трэба мяняць праводку, а то падмерзла калонка на вясковай вуліцы. Зразумела, што ў маім распараджэнні няма тэхнікі, каб падсыпаць дарогу, сродкаў і рабочых для выканання рамонту, але ў сілу свайго дэпутацкага статусу турбую адпаведныя службы.
Сапраўды, справа не ў наяўнасці магчымасцей і велічыні бюджэту, а ў неабыякавых адносінах да людзей, да іх праблем і запытаў. А яшчэ мая гераіня мае правіла, якога прытрымліваецца і ў медыцыне, і ў жыцці: праблему нельга пакідаць на потым, яе трэба вырашаць адразу.
Людміла Зорычус у галіне аховы здароўя раёна доктар прыкметны і паважаны. Яна з тых прадстаўнікоў прафесіі, пра якіх кажуць: “ад Бога”. З дваццацігадовым вопытам і куфэркам ведаў урача агульнай практыкі, якому падчас прыёму трэба быць і педыятрам, і тэрапеўтам, і анколагам, і хірургам, і яшчэ шмат кім, Людміла Анатольеўна магла б быць запатрабавана ў медыцынскай установе любога ўзроўню. Калі спрабую павярнуць гаворку ў бок таго, ці ёсць шкадаванне, што ўсё жыццё праходзіць у сельскай установе аховы здароўя, доктар нават крыху крыўдуе:
– А чаму прынята лічыць, што ўрач абавязкова будзе шукаць сабе месца ў вялікім горадзе? Сельскія жыхары таксама маюць поўнае права на якасныя лячэнне і дыягностыку. Медыцына – гэта служэнне.
…Што стане ўрачом, маленькая параф’янаўская дзяўчынка Людачка цвёрда вырашыла яшчэ ў пятым класе. Ці то гэтаму паспрыяла тое, як зачаравана яна назірала за работай сваёй матулі – мясцовага санфельчара, ці адыграў ролю цвёрды рашучы характар і ўменне даходзіць да мэты, зараз адназначна сказаць складана. Толькі ў 1997 годзе яна ўжо была выпускніцай Віцебскага медінстытута. Не згадзілася на іншае размеркаванне і вярнулася ў Параф’янава. Людміла Анатольеўна ганарыцца тым, што змагла стаць практычна сямейным доктарам, бо ў яе ўжо лечыцца да трох пакаленняў адной сям’і, а гэта дазваляе правесці больш дакладную дыягностыку і карэктнае лячэнне. На ўчастку на належным узроўні наладжана і прафілактычная работа. Значна зменшылася колькасць людзей з інваліднасцю, памерлых у працаздольным узросце, ёсць доўгажыхары. На тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі пражывае 190 дзяцей і падлеткаў, штогод у Параф’янаве з’яўляецца 5-6 малышоў. Менавіта гэтыя высновы даюць сілы доктару-дэпутату ў любы час сутак садзіцца ў “хуткую” і імчацца на дапамогу.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *